Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны землятрус у Грэцыі (АБНАЎЛЯЕЦЦА)

абноўлена

Пераможца на ўчорашніх парлямэнцкіх выбарах – левая партыя Сірыза дамовілася з правай партыяй «Незалежныя грэкі» наконт фармаваньня ўрадавай кааліцыі.

Сірыза сфармавала ўрадавую кааліцыю

Пераможца на ўчорашніх парлямэнцкіх выбарах – левая партыя Сірыза дамовілася з правай партыяй «Незалежныя грэкі» наконт фармаваньня ўрадавай кааліцыі. Сірыза атрымала 36% галасоў і 149 галасоў у парлямэнце, які складаецца з 300 дэпутатаў. «Незалежныя грэкі» атрымалі каля 4% галасоў і 13 мандатаў.

Дзьве партыі, якія складаюць урадавую кааліцыю, маюць пэўныя разыходжаньні: «Незалежныя грэкі» надзвычай крытычна ставяцца да іміграцыі ў краіну і выступаюць за меры па яе стрымліваньні, Сірыза ставіцца да гэтай праблемы больш лібэральна. Аднак абедзьве партыі выступаюць рашуча супраць палітыкі жорсткай эканоміі, якая зьяўляецца ўмовай атрыманьня велізарнай фінансавай дапамогі Атэнам з боку МВФ, Цэнтрабанку Эўропы і Эўразьвязу.

Ці можа Грэцыя зьмяніць палітыку ЭЗ адносна Расеі?

Прадстаўнікі партыі Сірыза, якая перамагла на ўчорашніх выбарах у Грэцыі, да выбараў крытычна выказваліся наконт палітыкі санкцыяў адносна Расеі ў сувязі зь яе палітыкай ва Ўкраіне. Ці можа новы ўрад Грэцыі заблякаваць агульнаэўрапейскую палітыку санкцый у дачыненьні да Масквы?

Палітычны землятрус у Грэцыі абваліў курс эўра

«Грэцыя пакідае ў мінулым катастрафічную палітыку жорсткай эканоміі, яна пакідае ў мінулым страх і аўтарытарызм, яна разьвітваецца з пяцьцю гадамі прыніжэньня і пакуты», — заявіў учора Алексіс Цыпрас, лідэр партыі Сірыза, якая перамагла на ўчорашніх выбарах, на мітынгу сваіх прыхільнікаў у Атэнах.

Фінансавыя рынкі ўжо адрэагавалі на вынік і выбараў: курсу акцыяў асноўных грэцкіх кампаній зьнізіўся прыкладна на 5%, Альфа-банку — на 12%, банку Пірэўс — на 15%. На таргах на азіяцкіх біржах курс эўра адносна даляру зьнізіўся да самай нізкай адзнакі з 2003 году — да ўзроўню 1.1088 даляраў за эўра.

Сірыза набрала 36.5% галасоў на выбарах, апярэдзіўшы на 8.5 адсоткавых пунктаў бліжэйшага канкурэнта — правацэнтрасцкую партыю «Новая дэмакратыя» дзейнага прэм’ера Антоніса Самараса. Пасьля падліку 99% галасоў высьветлілася, што Сірыза атрымае 149 месцаў з 300 у грэцкім парлямэнце. Каб сфармаваць урад, пераможцам трэба будзе ўвайсьці ў кааліцыю з адной зь невялікіх партыяў, прадстаўленых у парлямэнце.

Паведамляецца, што Алексіс Цыпрас сёньня сустрэнецца зь лідэрам партыі «Незалежныя грэкі», якая таксама выступае супраць палітыкі жорсткай эканоміі. Гэтая палітыка была ўмовай пагадненьня паміж урадам і МВФ і Эўразьвязам, у абмен на непапулярныя меры Грэцыя атрымала дапамогу ў памеры 240 мільярдаў эўра.

Упершыню за прынамсі 40 гадоў ані правацэнтрысцкая партыя «Новая дэмакратыя», ані левацэнтрасцкая партыя «Пасок», якія дамінавалі ў грэцкай палітыцы з часоў падзеньня ваеннай хунты ў 1974 годзе, ня будуць прадстаўленыя ва ўрадзе.

«Эліта Грэцыі і алігархі Грэцыі сёньня пацярпелі паразу» — заявіў Алексіс Ціпрас пасьля нядзельных выбараў. Вынікі выбараў сталі рэакцыяй грамадзтва на велізарныя скарачэньні бюджэту і павышэньне падаткаў, меры эканоміі, рэкамэндаваныя міжнароднымі донарамі, прывялі да беспрацоўя ў памеры 25%.

Экспэрты адзначаюць, што лідэр Сірызы бліжэй да выбараў стаў выказвацца больш памяркоўна, ён заявіў, што Грэцыя застанецца ў зоне эўра, паводле яго Атэны будуць дамаўляцца з «тройкай» донараў — МВФ, Цэнтральным банкам Эўропы і Эўразьвязам.

Заявы Цыпраса аб пераглядзе формулы выплаты доўгу Грэцыі, які складае 318 мільярдаў эўра, выклікаюць крайнюю занепакоенасьць у Эўропе.

Гэтым летам Грэцыя павінна выплаціць 10 мільярдаў эўра зьнешніх пазыкаў.

Гэта — рэакцыя на магчымы крызіс унутры Эўразьвязу ў сувязі з прыходам да ўлады ў Атэнах Сірызы. Аднак многія аналітыкі мяркуюць, што новы грэцкі ўрад здолее прыйсьці да пагадненьня са сваімі міжнароднымі партнэрамі.

Аднак, паводле экспэртаў, перамога Сірызы можа натхніць палітычныя сілы ў краінах Эўропы, якія выступаюць супраць палітыкі «зацягваньня паясоў» і балючых структурных рэформаў, галоўным прыхільнікам якіх зьяўляецца Нямеччына.

І гэта, як адзначаюць аналітыкі, ня толькі маргінальныя сілы, але і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд, які ўжо павіншаваў Алексіса Цыпрыса зь перамогай, і прэм’ер-міністар Італіі Матэа Рэнцы. Павіншаваў пераможцаў грэцкіх выбараў таксама прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэвід Кэмэран напісаў у Твітэры, што перамога Сірызы можа ўзмацніць эканамічную няпэўнасьць у Эўропе.

Паводле Reuters.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG