Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: 1,5 мільёна штрафу за плякат «Russian army go home»


Архіўнае фота, 9 верасьня 2014 году.
Архіўнае фота, 9 верасьня 2014 году.

Аляксандар Ахмач атрымаў штраф за фатаграфаваньне зь плякатам «Russian army go home» у Берасьцейскай крэпасьці. Судзьдзя Ленінскага раёну Берасьця Сьвятаслаў Каліна палічыў фатаграфаваньне парушэньнем артыкулу аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў адміністрацыйнага кодэксу Беларусі. Аляксандар Ахмач аштрафаваны на 10 базавых велічыняў (1,5 мільёна рублёў).

Аб гэтым актывіст даведаўся зь ліста з суду, на апошняе паседжаньне якога ён не пайшоў, даслаўшы хадайніцтва разглядаць справу ў яго адсутнасьць. Таксама, у сваім хадайніцтве Аляксандар Ахмач прасіў суд спыніць супраць яго адміністрацыйны працэс, бо на момант прысуду сышоў тэрмін даўнасьці па ягонай справе. Аднак, апошнюю заўвагу суд да ўвагі не прыняў і прызнаў актывіста вінаватым.

У прыватнасьці, у судовай пастанове паведамлялася, што Ахмач «у судзе сваю віну не прызнаў і патлумачыў, што ўчыніў дадзеныя дзеяньні таму, што хацеў выказаць сваю нязгоду з прысутнасьцю вайсковых злучэньняў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Дадзеныя фотаздымкі з указаным надпісам зрабіў у мэмарыяльным комплексе „Берасьцейская крэпасьць-герой“ на фоне вайсковых пахаваньняў і вайсковай тэхнікі, таму што выказваў сваё незадавальненьне наяўнасьцю Берасьцейскай крэпасьці на месцы старога гораду Берасьця, які зьнесьлі пры будаўніцтве крэпасьці.»

Віну Ахмача суд пацьвердзіў на падставе пісьмовых матэрыялаў справы — пратаколу, «інфармацыяй начальніка МОБ УВБ Берасьцейскага аблвыканкаму Мельнікава аб тым, што ў часе маніторынгу сеткі „Інтэрнэт“ выяўлены факт правядзеньня акцыі», копіямі фатаздымкаў, пратаколам апытаньня, а таксама «інфармацыяй з сайту Радыё Свабода». Аляксандар Ахмач лічыць, што вырак у ягонай справе быў прыняты несправядліва, у тым ліку і з-за сыйшоўшага тэрміну даўнасьці, ён плянуе яго абскарджваць:

«Але тут выявілася праблема. Калі я напісаў заяву ў суд, каб мне выдалі матывіровачную частку маёй справы, мне ў гэтым адмовілі. Таму 22 сьнежня я напісаў скаргу на імя старшыні ленінскага суду на дзеяньні судьдзі Сьвятаслава Каліны. Я папрасіў прыняць меры па аднаўленьні майго парушанага права на абскарджваньне пастановы і растлумачыць судзьдзі Каліне банальныя ісьціны працэсуальнага заканадаўства».

Аляксандар Ахмач распавёў Свабодзе, што плянуе ўсё ж дабіцца атрыманьня матывіровачнай часткі справы, каб мець магчымасьць абскардзіць незаконны, на яго думку, прысуд.

Юрыст Сяргей Магонаў так пракамэнтаваў Свабодзе справу Аляксандра Ахмача:

«Тэрмін прыцягненьня да адказнасьці — два месяцы. А ён скончыўся 9 лістапада. Таму судзьдзя мусіў спыніць вытворчасьць па справе, але ён вынес пастанову аб прыцягненьні да адказнасьці. Таксама, незразумела, дзе судзьдзя ў сваёй пастанове бачыць матывіровачную частку, у складаньні якой ён адмаўляе заяўніку. Адмова зразумелая — у матывіровачнай частцы неабходна падрабязна патлумачыць, на падставе чаго зробленая выснова аб вінаватасьці, а таксама абгрунтаваць, чаму справа разглядалася пасьля сплыву тэрміну на прыцягненьне да адказнасьці. Не хацелася б думаць дрэннага на судзьдзю, нібыта ён выконвае нейкія загады зьверху, але нізкі ўзровень яго прафэсійных якасьцяў відавочны».

8 верасьня, у Дзень беларускай вайсковай славы, Аляксандар Ахмач сфатаграфаваўся ў Берасьцейскай крэпасьці зь плякатам «Russian army go home». Такім чынам ён прыняў удзел у флэшмобе, які адбываўся ў розных краінах сьвету. Празь некаторы час актывіста выклікала міліцыя, на яго склалі пратакол і справу перадалі суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG