Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воля да сьмерці


У палаце я ляжаў зь пяцьцю іншымі хворымі. Шпіталь называўся St.Mary’s Hospital. Ён мясьціўся побач зь лёнданскім вакзалам Пэдынгтан. Яго таксама можна было назваць вакзалам: нехта прыбываў, нехта выбываў — на гэты або на той сьвет. Шпіталь шанаваў свае традыцыі і імёны герояў — выдатных мэдыкаў. У іх гонар былі названыя палаты і аддзяленьні, іх імёны і заслугі ўвечнівалі на мэмарыяльных таблічках і дошках, што віселі на сьценах. Гэта мусіла ўсяляць веру ў аздараўленьне, але не ўсяляла: у вялікіх мэдыкаў, усіх без выключэньня, на таблічках былі дзьве даты — нараджэньня і сьмерці.

Побач са мной ляжаў стары Джэфры, колішні службовец Форын Офісу. Першы тыдзень мы жыва размаўлялі. Ён добра ведаў гісторыю дыпляматыі, сьмешна вымаўляў выкапнёвыя імёны «Літвіноф», «Молотоф», «Майскі». Але пакрыху ён страціў цікавасьць да размоваў. І ня толькі да размоваў. Есьці яму больш не хацелася. Піў ён толькі з лыжачкі, празь сілу. За некалькі дзён да сьмерці перастаў адрозьніваць дзень ад ночы, і на ўсе просьбы блізкіх і санітарак адкусіць яблык або праглынуць лыжку ягурту адказваў стомленым рукам павекаў. Ягоны слоўнікавы запас скурчыўся да аднаго слова: «Sleep». За два дні да сьмерці Джэфры перавялі ў каралеўскую адзіночную палату, дзе ён і заснуў апошнім сном. Магчыма, пасьля гэтага ён зноў стаў сам сабой: службоўцам Міністэрства тагасьветных спраў. Дзякуючы Джэфры я зразумеў, што параўнаньне сну зь сьмерцю зусім ня вобраз: паміраючы, чалавек свой стан і сапраўды ўспрымае як сон, засынаньне. Не дарма ёсьць нешта жалобнае ў выразе «адыход да сну». Яшчэ дзякуючы Джэры я зразумеў, што такое воля да сьмерці. Мы, пяцёра яго супалатнікаў, прагна глыталі лекі, сокі, ростбіфы, вывараную ангельскім кухарам гародніну, а Джэфры выдыхаў толькі адно слова: «Sleep...»

Я часта прыгадваю Джэфры, калі думаю пра «волю да сьмерці». Ці закладзеная гэтая воля ў мове, у мовах? Ёсьць жа мовы, якія называюць «мёртвымі». Чаму ад некаторых і сьледу не засталося, а іншыя прарасьлі руньню ў маладых мовах? Чаму ў эўрапейскіх мовах жывуць у добрым здароўі «мёртвыя» лацінская і грэцкая? Мовазнаўцы ведаюць адказ, але, думаю, гэты адказ слушны толькі часткова. Думаю, што «воля да жыцьця» і «воля да сьмерці» ўласьцівыя ня толькі людзям, але і мовам.

А народы? Томас Ман называў грэкаў і рымлянаў шалапутамі і ставіў ім у прыклад яўрэяў, якія адолелі гістарычную і фізычную сьмерць. Што мацнейшае ў ірляндцах, расейцах, камбаджыйцах — воля да жыцьця або воля да сьмерці?

У St. Mary’s Hospital нас было шасьцёра. Пяцёра выжылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG