Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жадаю ўсім «Liberty»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Вельмі важна адчуваць сябе ўнутрана свабодным і не пахаваць у сабе мары пра свабоду зьнешнюю.

Тады лягчэй і можаш мець спадзяваньні, што наступны год ня будзе горшым. Але перш трэба ўмець сябе трымаць у руках. ​

Трэба мець за правіла: ня пхай у сябе ўсё запар, умей абмяжоўвацца. Быць свабодным, калі патрэбна, ад самога сябе. Шкодная ўсяежнасьць адносна інфармацыі, якою народ у значнай ступені атручаны. Змалку варта вучыць стрыманасьці і вытрыманасьці. І абавязкова ўмеркаванасьці. Самому сябе ў рамкі ставіць цяжэй. Але ніхто аб гэтым ня рупіцца. У выніку мы часта ня можам элемэнтарнага — кантраляваць свой страўнік і сваё цела. ​

Большасьць навокал ня супраць схуднець, зрабіцца больш прывабным перш у сваіх вачах, але на гэта не хапае волі і самапрымусу. Рэкляма, тэлевізар заклікаюць больш пхаць у сябе. На вядомым канале ўсё новыя праграмы, дзе вядучыя падарожнічаюць па краінах сьвету і абжыраюцца перад тэлекамэрай, якой, а разам зь ёю і нам з вамі, могуць паведаміць толькі абмежаваны набор слоў — страшэнна смачна, ашаламляльна, усім трэба гэта скаштаваць!​

Адзін амэрыканскі вядучы мае спэцыялізацыю — жарэ ўсё запар і ў гэтым ягоная доблесьць. У чалавека нездаровы выгляд, твар колеру марожанага мяса. Шкада такіх. Мала гэтага, раптам найноўшая праграма — «Рэстаранныя войны». У ёй супернікі імкнуцца чым паболей паставіць на стол і зьнішчыць сківіцамі.​

Да нядаўніх дзён мне часам здавалася, што ў маіх жылах цячэ кава. Я не ўяўляў, што можна безь яе абыходзіцца і пісаць «на гарбаце». Але хвароба, экзэма, пару дзён няпоўнага галадаваньня на шпітальным ложку і я не ўспрымаю паху кавы, арганізм рэзка адмовіўся ад яе, ад віна, піва, мяса, шакаляду, цытрусавых і гэтак далей. Словам, адбыўся збой, перазагрузка, чаго самому зрабіць бадай немагчыма.​

Лячэньне палягае на тым, што хваробу заглушаюць, але яе праявы неўзабаве вяртаюцца. І я адпраўляюся на востраў Лансаротэ, дзе яшчэ ня скончылася лета. Каб па магчымасьці дарабіць тое, чаго не змаглі дактары. Капітан паветранага судна Вальдэмар Таргонскі. Ляцець пяць гадзінаў, час адрозьніваецца ад нашага цяперашняга маскоўскага на цэлых тры гадзіны. Што даволі нечакана: за ўвесь побыт не пачуў расейскага слова, ня бачыў ніводнага расейца і нават самалёта іхніх авіякампаній. (Напэўна вынікі «хваробы» рубля). Самалёты сядалі на вачах і я чытаў, лежачы на вульканічным пясочку, назвы на борце. Перад пасадкай яны так зьніжаліся, што апыналіся амаль па-над ветразямі яхтаў.​

Самалёт узьлятае на фоне колішняга вулькану
Самалёт узьлятае на фоне колішняга вулькану

Край сьвету тут,

на астравах з базальту,

Эўропы нашай любай

апошні бераг.​

Гармата каля «кастыльё» у Арэсіфэ
Гармата каля «кастыльё» у Арэсіфэ

У аэрапорце Арэсіфэ, сталіцы Лансаротэ, маленькі Санта-Кляўс побач зь вялізным чырвоным мехам. Для мяне экзотыка калядныя песьні ў амэрыканскім выкананьні каля пальмаў і навагоднія аздобы ў кавярнях, ялінка ў вялікай краме: можна напісаць пажаданьні на кардоннай зорцы і павесіць. Зычэньні, ясна, без фантазіі, толькі хтосьці напісаў слова «liberty», што жадае ўсім астатнім свабоды. Ужо лепей. Але хіба на Канарах са свабодай нелады? А, між іншым, у Арэсіфэ ёсьць вулічка Дэмакратыі. У нас такіх няма. ​

Да маёй нечаканасьці серп «начнога сьвяціла» выглядае крыху іначай, чым у нас. Экватар бліжэй, і Маладзік нібы прылёг, а часам кладзецца проста як гандола на вадзе — раўналежна ёй. На беразе помнік такому менавіта.​

Помнік Маладзіку, які ляжыць
Помнік Маладзіку, які ляжыць

Міжвольная думка: на цэлым востраве, а хутчэй на ўсіх Канарах цяпер толькі я пішу на беларускай мове, хачу пакінуць на паперы свае ўражаньні ад Лансаротэ. Ці хоча занатаваць свае на якой іншай мове нехта яшчэ? Мне гэта невядома. ​

У мяне з сабой Фэрнанда Пэсоа з унівэрсытэцкай кнігарні на Кракаўскім прадмесьці. Лісабонскі клясык. Няхай гэтыя астравы не партугальскія, гішпанскія, настрой «Марака» Пэсоа адпавядае стану чалавека на востраве, і сам пісьменьнік праплываў некалі міма Канараў зь Лісабону ў Дурбан і назад.​

Тры дамы чуваюць над труной у пакоі замка, за акном мора. Размова адстаронена-мэлянхалічная. Адна гаворыць, што гэтае мора маркотнае, але недзе існуе лепшае. Тое, якое яна бачыла з акна, калі жыла ў бацькоўскім доме. Яна глядзела на мора і бачыла караблі, а часам можна было заўважыць далёкі востраў… З Лансэрота таксама заўважалі востраў, якога не было на мапах. Яго шукала марская экспэдыцыя, але не знайшла. Некаторыя вераць, што ён існаваў, але вярнуўся назад у акіян. Маўляў, такое бывае. ​

На Лансаротэ ніколі не было сваёй вады. Зьбіралі дажджавую ў зімовы сэзон, а потым дзевяць месяцаў ашчаджалі. Сёньня пі колькі хочаш. Сонечная энэргія дазваляе бязьмежна апрасьняць марскую. Мне ўспамінаецца апавяданьне Караткевіча «Сіняя-сіняя». Пра пустыню, смагу і адсутнасьць вады, пра туарэгаў і Петрака Ясюкевіча, «без радзімы, бязь ежы, без вады». Пісьменьнік сьцісла сказаў пра яго: «Былы беларус, былы гімназіст Віленскай гімназіі, былы студэнт, былы паўстанец, былы вандроўнік, былы ўдзельнік геаграфічнай экспэдыцыі». ​

Калі закончыўся час на Лансаротэ, зьбіралі па гатэлях сваіх людзей, і апошні паляк сеў у бус са словамі «Вшыстцы вруцамі до краю, не выбралішьмы свободы…» Для мяне было дзіўна чуць такое. Няўжо на Канарах больш свабоды, чым у Польшчы? Няўжо яна заціснута сябе адчувае, калі паляк кіруе нават сёньня Эўрапарлямэнтам, можна сказаць усёй Эўропай… Вось так некаторым свабоды не хапала і пры Станіславе Аўгусьце Панятоўскім. Закончылася тым, што яго змусілі адрачыся ад пасаду, што здарылася ў Новым замку ў Горадні. Бо суседзі падзялілі Рэч Паспалітую і яна перастала існаваць.​

У Варшаве мяне чакалі лячэбныя клопаты. Наведваньне доктара (сто злотых), два разгорнутыя аналізы крыві (восемдзесят) і лекі (яшчэ пяцьдзесят злотых). Прозьвішчам доктара было прозьвішча караля, які памёр у Горадні: Баторы. Наш доктар (таксама высокай кваліфікацыі) імкнуўся прыпыніць праявы хваробы, польскі — высьветліць яе карані.​

Варшава перадкалядная спакушае на кожным кроку кавярнямі, вітрынамі, перапоўненымі прысмакамі, але мяне яны не датычаць: кавы ня п’ю, слодычы больш не для мяне. ​

На вакзале ў Беластоку: афіша «Голай бабы»
На вакзале ў Беластоку: афіша «Голай бабы»

З расейскай мовай сутыкаюся пасьля немалога перапынку ў Беластоку. На чыгуначным вакзале на ламанай расейскай сталі дубляваць па гучніку абвесткі. Напэўна ў адказ на сёлетнія ангельскія ў нас перад і пасьля хакейнага чэмпіянату. Чакаючы цягніка, раблю здымак афішнай тумбы: падляская опэра спакушае «Голай бабай»… Побач у вагоне ўладкоўваецца сапраўдны «чэвенгур» з выгляду і паводзінаў, але ў яго каталіцкае імя і прозьвішча на «-іч» і нават карта паляка, якую ён пазьней прад’явіць польскім памежнікам. Што ж, застаецца пажадаць сабе і яму свабоды езьдзіць у Польшчу. Хаця б.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG