Летась грамадзянства Злучаных Штатаў атрымалі 1797 беларусаў. Яшчэ 1970 беларусаў атрымалі від на жыхарства ў ЗША.
Андрусь Падлескі жыве ў ЗША, каля Нью-Ёрку. Ён працуе ў арганізацыі, якая дапамагае маладым людзям з пэўнымі праблемамі знайсьці працу. Яго жонка працуе мэдсястрой у шпіталі, двое дзяцей вучацца ў школе. Андрусь нарадзіўся ў Беларусі і выехаў у ЗША ў 1997 годзе.
«Я ўдзячны Амэрыцы, што яна дала мне магчымасьці, што ў мяне тут дзеці нарадзіліся, што ўсё добра, дзякаваць Богу. Таму я вельмі ўдзячны Богу і гэтай краіне за ўсё, што яна для мяне зрабіла. На жыцьцё скардзіцца не даводзіцца. Я ўжо грамадзянін Амэрыкі. На жаль, ад той пары не быў у Беларусі. Тут мая радзіма цяпер. Хоць зь Беларусьсю сувязяў не парываю, стараюся ўдзельнічаць у жыцьці царкоўным, грамадзкім. На жаль, часу на гэта асабліва не маю, бо дзеці ў такім узросьце, што ім трэба аддаваць увагу, як і ў любой краіне. Мушу адвозіць іх на нейкія спартовыя мерапрыемствы, на гурткі, на музыку».
Карэспандэнт: «Амэрыка стала для вас другой радзімай?»
Падлескі: «Канечне. Я вялікі патрыёт Амэрыкі. Як я магу быць ня ўдзячны краіне і не лічыць яе радзімай, якая дала мне магчымасьці, дазволіла мне самарэалізавацца, займацца справай, якая мне падабаецца, і ў грамадзкіх адносінах і прафэсійных. Гэтая краіна дала мне вельмі многа. Гэта не азначае, што яна мая першая радзіма: першая — Беларусь, а побач зь ёй стаіць Амэрыка».
Карэспандэнт: «Вы кажаце, што яна дала магчымасьці, а што гэта азначае?»
Падлескі: «Дала магчымасьць працягнуць адукацыю і знайсьці працу, мяняць некалькі разоў працу, і кожны раз гэта было лепш і лепш. На жаль, у Беларусі, асабліва пасьля таго як да ўлады прыйшоў Лукашэнка, я ніколі ня быў багатым чалавекам. Урэшце і ў Амэрыцы я не багаты, але гэта не галоўнае. Але як у Беларусі прыйшоў да ўлады Лукашэнка, гэта было суцэльнае расчараваньне. І проста было маральна цяжка там быць, глядзець на тое куды каціцца краіна. Я там не хацеў заставацца і выбар быў малы: альбо станавіцца ляяльным рэжыму, а я не мог быць да яго ляяльным, альбо спрабаваць рабіць нешта іншае. Я выбраў іншы шлях».
Сяргей Пятровіч жыве ў Нью-Ёрку, працуе ў нью-ёрскім мэтро. Нарадзіўся ў вёсцы Бакшты на Гарадзеншчыне, а цяпер грамадзянін ЗША, чалец Рэспубліканскай партыі.
Чым Сяргей удзячны Амэрыцы? Сяргей распавёў, што жывучы ў ЗША адчувае сябе беларусам больш камфортна, чым гэта было ў Беларусі.
«У Амэрыцы я сустрэў вельмі многа людзей, якіх жывучы ў тых абставінах у Беларусі я ніколі б не сустрэў. Гэта і палітыкаў, і вядомых дзеячаў культуры. Ад апазыцыйных палітыкаў і да розных дзеячаў. Бачыў і Джорджа Буша-малодшага, вітаўся з Джонам Маккейнам і зь іншымі. А што да быту — у Беларусі да нечага трэба неяк імкнуцца, а тут гэта проста даецца, што нават і не задумваесься. Гэта само сабой тут ёсьць. Зьмяніўся сьветапогляд на ўсё. Хаця мяне і ў Беларусі закранала гэта справа беларускасьці, але менавіта тут у Амэрыцы я стаў беларускамоўным і стаў думаць па-беларуску. Бо ў Беларусі быў нейкі мікс, перамешана ўсё беларускае, расейскае. А тут, калі я паглядзеў на сябе збоку і трэба было задаць пытаньне хто я, калі мяне сталі называць рускім, то мне гэта стала неяк не па сабе. У гэтым сэнсе я знайшоў сам сябе. Таксама набыў кавалак зямлі каля Нью-Ёрку і гэта дае магчымасьць стварыць там свой куточак беларускі, аздобіць яго, зрабіць невялікую гаспадарку. І гэта мне грэе душу. Я атрымаў тут тое, чаго ў Беларусі, магчыма, і не было б, чаго ў Беларусі і не меў бы».
Сяргей Капытко сказаў, што асноўнае, чым ён удзячны Амэрыцы — свабодай. Ён распавёў, што нарадзіўся пад Менскам, а зьехаў зь Беларусі ў ЗША ў 1997 годзе.
«Амэрыка дала свабоду. А свабодны чалавек вольны ехаць куды хоча, дасягаць таго, што хочацца».
Дзень падзякі адзначаецца з 1621 году, калі 102 брытанскія каляністы на караблі Mayflower высадзіліся на бераг Новага Сьвету і заснавалі Плімуцкую калёнію на тэрыторыі цяперашняга штату Масачусэтс. Прэзыдэнт Абрагам Лінкальн абвесьціў сьвята нацыянальным у 1863 годзе. Амэрыканцы сьвяткуюць Дзень падзякі ў сем’ях, гатуючы традыцыйныя стравы — смажаную індычку, каштанавую кашу, бабы і іншыя.