Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто гісторый «як стаць беларусам» у Горадні


У гарадзенскай галерэі «Крыга» адбылася прэзэнтацыя кнігі менчука Севярына Квяткоўскага «Як стаць беларусам. Сто гісторый».

Аўтар прызнаўся гарадзенцам: для яго важна, што з пачатку 1990-х беларуская мова стала рабіцца прыкметай адукаванасьці, нават элітарнасьці. Калі пачаў распаўсюджвацца ў Беларусі інтэрнэт, то камэнтар на расейскай мове выклікаў працяг дыскусіі. Але варта было напісаць па-беларуску, як тэма забывалася, усе пераходзілі на тое, што ты пішаш па-беларуску. І пачыналася. Маглі напісаць, што ты апазыцыянэр або яшчэ хтосьці, зазначае Севярын Квяткоўскі.

Як яму здаецца, цяпер тэма самаідэнтыфікацыі ўвогуле і нацыянальнай, у прыватнасьці, абмяркоўваецца нашмат больш спакойна, разважліва. Значыць грамадзтва перажыло свае дзіцячыя мэнтальныя хваробы, мяркуе Квяткоўскі. І на такія тэмы: хто такія беларусы, хто мы, навошта і куды рушым? — мы пачалі гаварыць значна больш прадуктыўна і без надрыву.

Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

У гэтай кніжцы, канечне, больш гуманітарыяў. Чаму? Яны звычайна лепш гавораць. Але ў самім вялікім праекце, які быў у інтэрнэце, там было ня сто гісторый, а прыблізна трыста пяцьдзясят. Гэта працягвалася не адзін год на пляцоўцы budzma.org. Далучыўся і tut.by. І аўтар быў прыемна ўражаны, што адмоўных, нядобразычлівых камэнтароў на гэтыя гісторыі было ня так шмат. А расказваюць іх розныя людзі, ня толькі журналісты, літаратары, музыканты. Сярод іх ёсьць стаматолягі, інжынэры, праграмісты, рабочыя, міліцыянты. Гісторыі дапамагалі зьбіраць Ганна Валынец, Аляксандар Лукашоў, Арцём Мартыновіч, Аляксандар Ярашэвіч і Хрысьціна Марчук.

Сама кніга зьявілася дзякуючы Андрэю Дзьмітрыеву, які прафундаваў друк. Ён таксама быў на гарадзенскай сустрэчы і цікава выказаўся.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

У Эўропе дзіўным было б спытаць: як ты стаў немцам, французам? Вельмі проста — нарадзіўся ім. А вось у беларусаў засталіся яшчэ такія дзіцячыя пытаньні. І гэта кніга адказаў на такія простыя пытаньні, зыходзячы з асабістага лёсу. Існуе грамадзянскі чыньнік: быць беларусам — гэта рашэньне ўнутранае. Часам беларусам надаюць пэўную колькасьць станоўчых якасьцяў: ветлівасьць, талерантнасьць. Але патрэбна больш разнастайная карціна. Напрыклад, трэба прызнаць, што беларусы даволі непунктуальныя людзі. Андрэю хацелася, каб лубочная карцінка беларуса, якога не існуе, зьнікла. Гісторыі ў кнізе якраз цікавыя тым, што паказваюць людзей вельмі розных, са станоўчымі і адмоўнымі рысамі. Гэтага якраз не хапала: каб вобраз быў жывы, зазначае Андрэй Дзьмітрыеў. Хаця ў кнізе таксама няма адказу на спрадвечныя беларускія пытаньні, але ёсьць гісторыі, празь якія на гэтыя адказы можна выйсьці, робіць ён выснову. Для яго самога быць беларусам азначае жаданьне жыць у гэтай краіне, каб яна была незалежнай і каб людзі адчувалі сябе вольна, былі самі сабой, паколькі быць беларусам — гэта шмат у чым быць сабой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG