Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кааліцыя эўрапейскай будучыні Ўкраіны


Парафаваньне кааліцыйнай дамовы ў Кіеве.
Парафаваньне кааліцыйнай дамовы ў Кіеве.

У дзень гадавіны Эўрамайдана лідэры пяці з шасьці партый, якія перамаглі на парлямэнцкіх выбарах ва Ўкраіне, абвясьцілі аб парафаваньні кааліцыйнага пагадненьня.

Афіцыйна гэты дакумэнт і фармаваньне самой кааліцыі павінны зацьвердзіць пасьля пачатку працы новай Вярхоўнай Рады, першае паседжаньне якой прызначана на 27 лістапада.

Кааліцыйны пагадненьне парафавалі лідэры «Народнага фронту» Арсеній Яцанюк, прэзыдэнцкага «Блёка Пятра Парашэнкі» Юры Луцэнка, партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка, Радыкальнай партыі Алег Ляшко і прадстаўніца «Самадапамогі» Аксана Сыраед.

Над тэкстам дакумэнта, які налічвае семдзесят тры старонкі, прадстаўнікі пяці палітычных сіл працавалі больш за тры тыдні.

Арсеній Яцанюк.
Арсеній Яцанюк.

«За ўсю гісторыю незалежнасьці ўкраінскі народ ўпершыню даў праэўрапейскім, праўкраінскім сілам канстытуцыйную большасьць. З 423 дэпутацкіх мандатаў у кааліцыі будзе 300. На падставе гэтага кааліцыйнага пагадненьня ўжо зараз рыхтуецца простая, выразная і зразумелая праграма дзейнасьці новага ўраду Ўкраіны», — заявіў пасьля парафаваньня пагадненбня лідэр "Народнага фронту", прэм’ер-міністар Арсеній Яцанюк.

Кааліцыйнае пагадненьне прадугледжвае аднаўленьне ўкраінскай улады на тэрыторыях Данбасу, цяпер падкантрольных узброеным прарасейскім сэпаратыстам, а таксама зварот Кіева ў міжнародныя суды з пазовамі адносна выкрадзеных Расеяй ўкраінскіх актываў і маёмасьці ў Крыме.

Паводле палітоляга, дэпутата новага парлямэнта Ўкраіны ад Радыкальнай партыі Ігара Папова, у гэтым дакумэнце гаворка ідзе і аб адмене пазаблёкавага статусу Ўкраіны, і ў пэрспэктыве — аб уступленьні Ўкраіны ў НАТО:

— Галоўнае — гэта стаўленьне да канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і стаўленьне да зьнешняй палітыкі. Пяць фракцый новага парлямэнту сышліся ў меркаваньні, што ў новай ваеннай дактрыне, якая павінна быць прынятая ў бліжэйшы час, будзе паказаны верагодны праціўнік, і мы ўсе здагадваемся, хто будзе гэтым верагодным праціўнікам. Усе пяць фракцый пагадзіліся, што неадкладна Вярхоўная Рада павінна прыняць рашэньне аб адмене пазаблёкавага статусу і аб паступовай інтэграцыі ў структуры НАТО. Што тычыцца эканомікі, то таксама знойдзены кансэнсус па ўсіх асноўных парамэтрах, макраэканамічных паказчыках, бюджэту, валютнай палітыцы.

Парлямэнцкую кааліцыю, у якую зь пераможцаў выбараў ня ўвойдзе толькі «Апазыцыйны блёк», які складаецца ў асноўным з прадстаўнікоў былой кіроўнай Партыі рэгіёнаў, афіцыйна сфармуюць пасьля пачатку працы новай Вярхоўнай Рады. Яе першае пасяджэньне плянуецца 27 лістапада.

Як адзначае кіраўнік сацыялягічнай службы «Ўкраінскі баромэтар» Віктар Небажэнка, парафаванае кааліцыйнае пагадненьне наўрад ці ўжо будуць істотна мяняць, і гэты дакумэнт, відавочна, стане рамачным для ўсіх праэўрапейскіх нацыянал-дэмакратычных сіл Украіны:

Віктар Небажэнка.
Віктар Небажэнка.

— Тыя, хто парафавалі пагадненьне, хутчэй за ўсё, ідуць не паводле сваёй палітычнай лёгікі, колькі паводле патрабаваньняў грамадзкасьці і вострым постмайданным сындромам, гэта значыць, людзі хочуць зьменаў. Нават калі гэты дакумэнт ня будзе выконвацца ў поўнай меры, ён стане нейкім рамачным пагадненьнем для ўсіх палітычных сілаў нацыянал-дэмакратычнай скіраванасьці, якія арыентуюцца на рэформы і Эўразьвяз. З іншага боку, выканаць яго будзе вельмі цяжка, бо там запісана ўсё добрае і важнае для Ўкраіны, а падпісанты — вельмі розныя і супярэчлівыя палітычныя сілы. Цяжка назваць іх раўнапраўнымі партнэрамі, таму кожная зь пяці партый у выпадку невыкананьня кааліцыйнага пагадненьня будзе вінаваціць у гэтым сваіх саюзьнікаў. Само кааліцыйнае пагадненьне зьяўляецца, хутчэй, нейкім напрамкам для ўсіх палітычных сілаў, за выключэньнем тых, якія цягнуць Украіну назад, у Расею.

Пасьля стварэньня кааліцыі Вярхоўная Рада павінна зацьвердзіць новы ўрад. Для канчатковага ўзгадненьня яго складу засталося не больш за дзесяць дзён, паколькі ў адваротным выпадку будуць сарваныя перамовы з Міжнародным валютным фондам аб атрыманьні Ўкраінай новага траншу крэдыту. Ніхто з удзельнікаў кааліцыйных перамоваў не пярэчыць, каб Арсеній Яцанюк захаваў за сабой пасаду прэм’ера.

Аб гэтым сёньня зноў заявіў прэзыдэнт Парашэнка ў сваім звароце з нагоды Дня волі і годнасьці:

«Я неадкладна ўнясу на зацьвярджэньне парлямэнту кандыдатуру прэм’ер-міністра, якую, паводле Канстытуцыі, прапануе мне кааліцыя».

Парашэнка чакае, што кааліцыя прыме маю прапанову вылучыць на гэтую пасаду Арсенія Яцанюка. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што рэформы павінны стартаваць неадкладна:

«Іх мэтай зьяўляецца паступовае дасягненьне эўрапейскіх стандартаў жыцьця, каб ужо ў 2020 годзе мы маглі падаць заяўку на сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе. Упершыню партыі і дэпутаты не пасады дзялілі, а напрацавалі пад агульную адказнасьць дэталёвы плян фундамэнтальных зьмен у краіне. І яны павінны стаць наступным этапам нашай рэвалюцыі».

27 лістапада павінна адбыцца першае пасяджэньне Вярхоўнай Рады новага скліканьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG