Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данбаскі вір


Асьцярогі, што ў Данбасе вось-вось, з сёньня на заўтра, адновяцца маштабныя баявыя дзеяньні, гучаць кожны тыдзень і ці ледзь не кожны дзень.

Дні і тыдні праходзяць, у Данбасе страляюць, аднак колькасьць ахвяраў — каля дзясятка ў дзень, а не сотняў, як гэта было да менскіх пагадненьняў. Аднак, як у вядомай казцы, калі пастушок занадта часта крычыць «воўк, воўк», гэта не значыць, што воўк не прыйдзе ніколі. Больш за тое, мноства фактаў сьведчаць аб тым, што можа прыйсьці, і ў самы бліжэйшы час.

На першы погляд, патрабаваньне Кіева зьмяніць фармат міжнародных перамоў па Ўкраіне з менскага на жэнэўскі выглядае працэдурнымі тонкасьцямі. Але на самой справе гэта кардынальная зьмена пазыцыі, дакладней, вяртаньне да ранейшай пазыцыі. Асабліва яскрава гэтую зьмену ілюструюць заявы прэм’ера Ўкраіны Арсеня Яцанюка. Ён сказаў, што Ўкраіна аддае перавагу перамовам «на нэўтральнай тэрыторыі». Як патлумачыла яго заяву іспанская El Pais, «бо Беларусь — саюзьніца Расеі». Так, а ў верасьні, калі заключалі менскія пагадненьні, гэта было страшнай таямніцай для Кіева і Брусэля?

Прэм’ер Яцанюк таксама сказаў, што Кіеў не жадае весьці перамовы з «бандытамі і тэрарыстамі», аднак пры гэтым запатрабаваў, каб менскія пагадненьні выконваліся ў поўным аб’ёме. Так, а з кім жа заключаліся менскія пагадненьні, хіба пад імі не стаяць подпісы «бандытаў і тэрарыстаў» з ДНР і ЛНР?

Ну так, стаяць, ну так, ведалі, што Беларусь — не Швайцарыя. Тады вялі перамовы з сэпаратыстамі, а зараз не будуць, тады Менск як пляцоўка перамоваў быў прымальны, а цяпер перастаў быць такім. Чаму? Прычын шмат.

Прэм’ер Яцанюк першапачаткова ацэньваў карысьць ад перамоваў значна больш скептычна, чым прэзыдэнт Пятро Парашэнка. Але тады, у верасьні, калі ў Менску заключаліся дамовы, прэзыдэнт Украіны меў поўную электаральную легітымнасьць, а кіраўнік урада — рэвалюцыйную, так бы мовіць. Пасьля парлямэнцкіх выбараў якасьць легітымнасьцяў зраўнялася, Яцанюк і яго калегі па блёку атрымалі народны мандат.

Доўгія перамовы аб складзе ўрада сьведчаць аб тым, што адносіны паміж пераможцамі выбараў — блёкам прэзыдэнта і блёкам прэм’ера — далёкія ад ідылічных. І прычына ня толькі ў барацьбе самалюбстваў, але, магчыма, і ў розным бачаньні шляхоў вырашэньня крызісу. А ў такім канфлікце роўных памяркоўны бок часьцей за ўсё прайграе, Парашэнка відавочна ня хоча ўвайсьці ў гісторыю лідэрам, якія аддаў Данбас.

ведалі, што Беларусь — не Швайцарыя. Тады вялі перамовы з сэпаратыстамі, а зараз не будуць, тады Менск як пляцоўка перамоваў быў прымальны, а цяпер перастаў быць такім

Зьмяніўся і міжнародны кантэкст. Перамога на парлямэнцкіх выбарах у ЗША рэспубліканцаў, якія востра крытыкуюць прэзыдэнта Барака Абаму за нерашучую, на іх погляд, пазыцыю па Украіне, ледзяной прыём, аказаны заходнімі лідэрамі Ўладзімеру Пуціну на саміце G20, жорсткая пазыцыя, сфармуляваная канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель — усе гэтыя фактары маглі схіліць кіраўніцтва Ўкраіны да думкі, што зараз міжнародныя пазыцыі Кіева мацней, чым калі-небудзь раней, і што ў выпадку пераходу канфлікту з цяперашняй цёплай стадыі ў гарачую Ўкраіна атрымае падтрымку і дапамогу ў значна большым аб’ёме, чым атрымлівала раней.

Адмова Кіева ад сацыяльных выплат насельніцтву, якое пражывае на тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі, — таксама вельмі яснае пасланьне, што цяперашняе двухсэнсоўнае становішча Ўкраіна трываць не зьбіраецца. Сэнс пасланьня — не ў тым, што Ўкраіна разьвіталася з гэтай зямлёй, а ў тым, што фінансаваньне будзе, калі гэтыя тэрыторыі зноў вернуцца пад кантроль цэнтральнага ўрада.

Яшчэ адным, ці не галоўным фактарам, які падштурхнуў Кіеў да таго, каб заняць больш жорсткую пазыцыю, сталі выбары ў ДНР і ЛНР, праведзеныя па-за рамкамі ўкраінскага заканадаўства. Можна гадаць, як разьвівалася б сытуацыя, калі б сэпаратысты правялі выбары фармальна ў адпаведнасьці з украінскім законам. Але правёўшы іх па-свойму, яны кінулі Кіеву выклік, зрабілі немагчымым для яго проста не зьвяртаць увагі на рухі цела сэпаратыстаў.

Справа ў тым, што і сэпаратысцкі і расейскі бакі (прычым, усё роўна, адзін гэта бок або не зусім) таксама не задавальняла палітычная няпэўнасьць менскіх пагадненьняў. Ператварыць кантраляваныя сэпаратыстамі тэрыторыі ў «залатую акцыю» ўкраінскай палітыкі ў Крамля не атрымалася, прапанова Пуціна Захаду заключыць вялікую геапалітычную зьдзелку на капыл Венскага або Вэрсальскага кангрэсаў была Захадам адкінутая. Вялікіх мэтаў дасягнуць не ўдалося, прапагандысцкая напампоўка грамадзкай думкі робіць цяжкім, калі не немагчымым, банальнае закрыцьцё праекта «Наваросія». Пры гэтым эканамічны стан ДНР і ЛНР, як сьведчыць аналіз, які лёг на стол Пуціна, катастрафічны, да таго ж, як адзначыў нават галоўнакамандуючы сіламі НАТА ў Эўропе генэрал Філіп Брыдлаў, геаграфічная канфігурацыя кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторый робіць гэтае ўтварэньне эканамічна нежыцьцяздольным. Адсюль вынікае, што яно павінна або зьнікнуць або... зьмяніць канфігурацыю. Апошняе азначае вайну. Якая, як вядома, усё сьпісвае.

Справа менавіта ў нявырашанасьці палітычных пытаньняў, а не ў тым, што нехта парушаў і парушае менскія пагадненьні. Былі размовы аб сакрэтных мапах, дадатках да гэтых пагадненьняў, якія бакі інтэрпрэтавалі па-рознаму і спрабавалі замацаваць сваю інтэрпрэтацыю сілай зброі, але галоўнае — у тым, што менскія пагадненьні не вырашылі палітычныя пытаньні. Агонь тады, у верасьні, спынілі, але да таго яго вялі не з любові да страляніны, а для дасягненьня пэўных мэтаў. Аказалася, што без агню яны недасягальныя.

Зараз гаворыцца, што Менск як пляцоўка для перамоваў аказаўся кепскім таму, што пагадненьні, заключаныя там, не выконваюцца. Але перамовы, якія вяліся ў красавіку ў Жэнэве з удзелам ЗША і без удзелу прадстаўнікоў сэпаратыстаў, наогул не прывялі ні да якіх вынікаў, у прыватнасьці, яны не прывялі да зьніжэньня інтэнсіўнасьці канфлікту, што ўсё ж адбылося ў выніку перамоваў у «кепскім» Менску.

Зрэшты, калі бакі канфлікту лічаць, што на полі бою яны дасягнуць большага, чым за сталом перамоваў, узьнікаюць невырашальныя супярэчнасьці нават з нагоды формы «стала» і яшчэ ўчора прымальныя пасярэднікі і партнэры па перамовах аказваюцца непрымальнымі сёньня.

І гэта мае прамыя наступствы для Беларусі, што яскрава праілюстравалі абставіны візыту ў Менск кіраўніка расійскай дыпляматыі Сяргея Лаўрова. Беларусь і раней не рабіла дзеяньняў, якія ішлі насуперак пазыцыі Расеі, але раней гаварыліся ўсялякія словы, напрыклад, пра шкоднасьць для Ўкраіны фэдэралізацыі, зусім нядаўна — пра тое, што без расейскай падтрымкі ДНР і ЛНР пратрымаліся б нядоўга. Ды шмат чаго гаварылася. Цяпер у гутарках з Лаўровым і прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, і міністар Уладзімер Макей ад падобных сьмелых выказваньняў ўстрымліваліся. І наўрад ці толькі з меркаваньняў гасьціннасьці.

Вядома, можна адзначыць, што і зараз беларускія прадстаўнікі не ўжывалі, скажам, слова «Наваросія» і нічым, дарэчы, не папракалі наўпрост Кіеў, больш налягаючы на праклёны на адрас Захаду. Але справа нават не ў словах і фармулёўках, а ў аб’ектыўнай сытуацыі. Абвастрэньне канфлікту, падвышэньне рызыкі пераходу яго ў гарачую фазу моцна памяншае не тое што магчымасьць быць па-над схваткай, але нават магчымасьць пазьбегнуць ўцягваньня ў канфлікт на адным з бакоў. У сытуацыі Беларусі — зразумела, на якім. Акрамя таго, адмова Кіева (пакуль толькі Кіева) ад менскага фармату перамоваў зьніжае каштоўнасьць пазыцыі Менску, якая ўсё ж не ва ўсім супадае з пазыцыяй Масквы, для астатніх гульцоў — той жа Ўкраіны і Захаду. У сытуацыі вайны адценьні фармулёвак маюць другараднае значэньне.

А сытуацыя такая, што калі не будзе знойдзены нейкі дыпляматычны ход, не будзе дасягнутая нейкая зьдзелка, то аднаўленьне поўнамаштабных баявых дзеяньняў уяўляецца хіба не непазьбежным. А тады, хоць і менш непазьбежным, але вельмі верагодным уяўляецца, што вір вайны можа ў той ці іншай форме ўцягнуць у сябе і Беларусь.

І тады можа нечаканым чынам ізноў апынуцца прымальным хоць бы і менскі фармат мірных перамоваў. Калі толькі Беларусь не ўцягне ў вір вайны

Не таму, што беларускае кіраўніцтва гэтага хоча. Яно відавочна гэтага не хоча. Больш за тое, у ранейшы пэрыяд баявых дзеяньняў яно здолела прадухіліць прамое ўцягваньне сваёй краіны ў канфлікт. Але не факт, што гэта атрымаецца зараз. І Масква можа аказаць большы, больш магутны, чым раней, ціск на Менск, падахвочваючы яго «ўстаць ў шыхт», і Захад можа праявіць большую, чым тады, абыякавасьць да нюансаў беларускай пазыцыі: саюзьнік Расеі так саюзьнік, невялікая дабаўка да войска і флёту, перафразуючы формулу Аляксандра ІІІ.

Па меншай меры Кіеў такую абыякавасьць ўжо дэманструе. Варта ўзгадаць, што з усіх кіраўнікоў СНД в. а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандр Турчынаў сустракаўся толькі з Лукашэнкам, што менскі фармат перамоваў быў прапанаваны украінскім прэзыдэнтам таму ж Лукашэнку. Тады для Кіева адценьні беларускай пазыцыі мелі важнае значэньне, цяпер перасталі.

Праўда, сусьветны вопыт падобных канфліктаў паказвае, што вельмі часта ў іх ваенная фаза зьмяняе перамоўную і наадварот шмат разоў. Колькі разоў ваявалі ізраільцы і палестынцы, колькі разоў Ізраіль называў сваіх праціўнікаў тэрарыстамі (і не без падстаў). А потым дамаўляліся. Хоць бы аб спыненьні агню. А потым ізноў ваявалі.

Так і на ўсходзе Ўкраіны: нават калі цяперашняя цёплая фаза канфлікту перарасьце ў гарачую, то цалкам верагодна — да наступнага ваеннага пату. Тады, дарэчы, і вынікі сэпаратысцкіх выбараў, не прызнаныя афіцыйна, могуць апынуцца карыснымі у тым ліку і для Кіева — лепш мець справу з хоць бы і вельмі непрыемнымі суб’ектамі, якія ўсё ж нешта кантралююць, чым з натоўпам палявых камандзіраў. І тады можа нечаканым чынам ізноў апынуцца прымальным хоць бы і менскі фармат мірных перамоваў. Калі толькі Беларусь не ўцягне ў вір вайны.

Перадрук з парталу tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG