Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чаканьні ўдару


У Кіеве чакаюць маштабнага наступу расейскіх войскаў на ўсходзе Ўкраіны.

Апошнія рашэньні кіраўніцтва Ўкраіны, якія тычацца Данбасу, у Маскве называюць «эканамічнай блякадай і падрыхтоўкай глебы для ваеннага ўварваньня». У Кіеве ўскладаюць адказнасьць за цяжкае становішча жыхароў самаабвешчаных ДНР і ЛНГ на Крэмль і не выключаюць поўнамаштабнай вайны з Расеяй, якая распачала канфлікт на ўкраінскім ўсходзе.

Пасьля правядзеньня так званымі Данецкай і Луганскай народнымі рэспублікамі выбараў 2 лістапада, не прызнаных ні Кіевам, ні міжнароднай супольнасьцю, прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка абвясьціў аб адмене закону, які прадугледжваў асаблівы статус для часткі тэрыторый Данбасу. А 14 лістапада кіраўнік украінскай дзяржавы падпісаў указ аб спыненьні працы бюджэтных устаноў у зоне канфлікту і аб прыпыненьні там абслугоўваньня банкаўскіх рахункаў і спыненьні сацыяльных выплат.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, выступаючы 18 лістапада ў Дзярждуме, назваў такія дзеяньні ўкраінскіх уладаў «эканамічнай блякадай супраць Данбасу і падрыхтоўкай глебы для ўварваньня» ўкраінскіх войскаў на тэрыторыі самаабвешчаных ДНР і ЛНР.

«Пазыцыю Расеі зразумець можна, паколькі яна аказваецца ў сытуацыі вострай дылемы. Плян Крамля ў дачыненьні да Данбасу быў відавочны. Перш за ўсё, праз Данбас правесьці фэдэралізацыю Ўкраіны, стварыць там фэдэрацыі, каб празь іх, напрыклад, блякаваць ўступленьне Ўкраіны ў НАТО і Эўразьвяз. Цяпер жа Расея аказваецца ў сытуацыі, калі ёй трэба браць Данбас на ўтрыманьне, паколькі ў адваротным выпадку гэта ўсё можа прывесьці да эканамічнай і гуманітарнай катастрофы», — кажа кіраўнік кіеўскага цэнтру «Трэці сэктар» Андрэй Залатароў. На яго думку, адмова Расеі ад менскіх дамоўленасьцей і, па-сутнасьці, эканамічная блякада Данбасу сталі для яе непрыемнай нечаканасьцю. Масква апынулася перад дылемай: альбо браць ўкраінскі рэгіён на ўтрыманьне, альбо ісьці на эскаляцыю канфлікту. Абодва варыянты нясуць для Расеі дадатковыя эканамічныя выдаткі, таму гнеўная рэакцыя Масквы на рашэньні Кіева цалкам відавочная.

Адказнасьць за цяжкае становішча жыхароў Данбасу ўкраінскія ўлады ўскладаюць на расейскае кіраўніцтва. Як заявіў напярэдадні кіраўнік ураду Ўкраіны Арсень Яцанюк, «Чым хутчэй... сыдуць дадому вайскоўцы з Расеі, тым хутчэй людзі, якія сталі закладнікамі імпэрскіх амбіцый, пачнуць там нармальна жыць». Пра тое, што ўкраінскія ўлады маюць намер сілай вызваляць некантраляваныя імі тэрыторыі, як заяўляў у Дзярждуме расейскі міністар замежных спраў, гаворкі не ідзе.

Афіцыйны Кіеў перакананы, што аднаўленьне перамоваў па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе магчымае ня ў «менскім фармаце» (Украіна — АБСЭ — Расея), а толькі ў «жэнэўскім фармаце» (Украіна — ЗША — ЭЗ — Расея). У той жа час Масква «жэнэўскі фармат» адкідае і настойвае на перамовах з удзелам лідэраў ДНР і ЛНР.

«Расеі неабходна зрабіць усё, каб вярнуцца да „менскага фармату“. Як пераходны гэты фармат перамоваў, у прынцыпе, быў жыцьцяздольны. Іншая справа, чаму кіраўніцтву Расеі не ўдалося пераканаць баевікоў выконваць перамір’е — іншае пытаньне. Атрымліваецца, што Расея ня хоча „жэнэўскага“ фармату і ў той жа час ня можа пераканаць лідэраў незаконных узброеных фармаваньняў выконваць менскія дамоўленасьці, і гэта вядзе да эскаляцыі канфлікту», — адзначае Андрэй Залатароў.

Сытуацыя ў зоне канфлікту застаецца напружанай. Амаль увесь мінулы тыдзень Украіна правяла ў чаканьні шырокамаштабнай расейскай атакі. На гэта паказвалі перамяшчэньне ў Данбас праз украінска-расейскую мяжу новых расейскіх падраздзяленьняў і ваеннай тэхнікі. Паводле апошніх дадзеных Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, «на мяжу з Украінай перакінутыя расейскія радыёлякацыйныя станцыі і зьнішчальнікі МіГ-31, якія здольныя кантраляваць усю паветраную прастору Луганскай вобласьці. Фіксуецца таксама канцэнтрацыя расейскіх войскаў у абласьцях, якія мяжуюць з Украінай».

Дырэктар кіеўскага Інстытуту трансфармацыі грамадзтва Алег Соскін мяркуе, што наступ сэпаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў на ўкраінскія пазыцыі можа адбыцца ў бліжэйшыя дні:

«Я раней прагназаваў, што наступ пуцінскіх войскаў можа адбыцца ў дваццатых днях лістапада. Усе падзеі, якія адбываюцца цяпер і на ўкраінска-расейскай мяжы, і на падкантрольных сэпаратыстам тэрыторыях толькі пацьвярджаюць мае здагадкі. Да лініі разьмежаваньня працягваюць перакідваць вельмі шмат расейскай ваеннай тэхнікі і ўзбраеньня. Такім чынам ідзе падрыхтоўка да ўдару, Пуціну неабходны вокамгненны прарыў з выхадам на Харкаў, і ён назапашвае сілы і зьбіраецца зрабіць гэта да зімы, да першых моцных маразоў».

Некалькі дзён таму Пётар Парашэнка ў інтэрвію нямецкай газэце Bild заявіў, што Ўкраіна гатовая да сцэнару поўнамаштабнай вайны з Расеяй, і ў яго няма страху перад гэтай вайной. Камэнтуючы гэтую заяву ўкраінскага прэзыдэнта, Алег Соскін канстатуе, што цяпер украінская армія знаходзіцца ў значна лепшым стане, чым яшчэ пяць месяцаў назад.

Парашэнка рыхтуе нацыю і сусьветную супольнасьць да поўнамаштабнай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай

«За апошнія месяцы Ўкраіне ўдалося аднавіць ядро нацыянальнай арміі. З-за дзеяньняў ранейшага прэзыдэнта Віктара Януковіча — агента Масквы, у нас была цалкам зьнішчаная армія, а цяпер яна ўсё-ткі ў нейкай меры адноўлена. Чаму Пуцін да гэтага часу не захапіў усю нашу тэрыторыю? Таму што ён разумее, што ён сутыкнецца з вялікімі ахвярамі са свайго боку, гэта значыць трупы пойдуць дзесяткамі тысяч у Маскву. Зь іншага боку, адбылася кансалідацыя значнай часткі ўкраінскага народу вакол сваёй нацыянальнай ідэі, існаваньня Ўкраіны як эўрапейскай дзяржавы. І Парашэнка цяпер выдатна разумее, што ён канчаткова страціць свой рэйтынг, і будзе зрынуты, калі ён і далей будзе ісьці па шляху здрады, ён разумее, што народ гатовы да вайны з Расеяй, і ён разумее, што дамовіцца з Расеяй ня ўдасца, таму што Пуцін і яго асяродзьдзе з кагэбэшнай карпарацыі далі карт-блянш вайсковым ястрабам на чале з расейскім міністрам абароны Сяргеем Шайгу, і ўсе разумеюць, што Шайгу ўжо з гэтага шляху ня сыдзе. Парашэнка ведае дастаткова шмат інфармацыі, разумеючы, што гэтыя расейскія войскі, якія сабраны ў кулак, у тым ліку і каля мяжы з нашай краінай, яны рана ці позна павінны ўварвацца ва Ўкраіну. Ведаючы, што гэта будзе, Парашэнка рыхтуе нацыю і сусьветную супольнасьць да поўнамаштабнай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай», — лічыць дырэктар Інстытуту трансфармацыі грамадзтва Алег Соскін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG