Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрат Яновіч: пазамежны пісьменьнік у міжкультурнай прасторы


Сакрат Яновіч
Сакрат Яновіч

Сёньня на філялягічным факультэце Ўнівэрсытэту ў Беластоку адбываецца сымпозіюм, прысьвечаны творчасьці і асобе памерлага летась у лютым беларуска-польскага пісьменьніка Сакрата Яновіча (1936-2013).

Польская назва беластоцкай акадэмічнай сустрэчы зьяўляецца выклікам для беларускага перакладчыка: Sympozjum międzykulturowe «Sokrat Janowicz. Pisarz transgraniczny».

Сымпозіюм арганізавалі Інстытут польскай філялёгіі, Катэдра беларускай культуры і Група рэгіянальных дасьледаваньняў, якія дзейнічаюць на філялягічным факультэце Ўнівэрсытэту ў Беластоку.

«У нас ва ўнівэрсытэце ёсьць група людзей, якія займаюцца дасьледаваньнямі рэгіёну, перш за ўсё — літаратуры рэгіёну» — сказала Радыё Свабода доктар Гражына Харытанюк-Міхей, супрацоўніца Катэдры беларускай літаратуры. — «Безумоўна, Сакрат Яновіч — важная постаць у нашай літаратуры. Безь яго нельга гаварыць ні пра рэгіянальную літаратуру на Беласточчыне, ні пра беларускую літаратуру ў Польшчы ўвогуле. Ён уключаны ў навучальную праграму польскай філялёгіі ў Беластоку, перад усім — ягоная кніга „Вялікі горад Беласток“ (Wielkie miasto Białystok). Ён — абавязковы пісьменьнік для чытаньня студэнтамі філялёгіі. А наш сымпозіюм — першы супольны праект унівэрсытэцкіх дасьледчыкаў у Беластоку, якія займаюцца досьледамі літаратуры польска-беларускага памежжа».

Сымпозіюм падзелены на тры часткі. У першай выступяць дасьледчыкі са сваёй інтэрпрэтацыяй прозы і эсэістыкі Сакрата Яновіча; у другой будуць закранацца пытаньні перакладаў пісьменьніка на польскую і ангельскую мовы ды ўспрыманьне ягонай творчасьці за мяжою; трэцяя частка будзе прысьвечаная дыскусіі вакол ідэяў Сакрата Яновіча і ягонага ўплыву на беларускае асяродзьдзе ў Польшчы.

«Сакрата Яновіча пры жыцьці запрашалі на сустрэчы са студэнтамі і Інстытут польскай філялёгіі, і Катэдра беларускай культуры, але сёньняшні сымпозіюм — гэта першая спроба спалучыць усе польска-беларускія зацікаўленьні асобай Сакрата Яновіча ды паказаць, што гэта важны пісьменьнік ня толькі ў беларускай літаратуры, але і ў польскай» — адзначыла Гражына Харытанюк-Міхей.

Сакрат Яновіч дэбютаваў кнігай апавяданьняў «Загоны», якая выйшла ў 1969 годзе ў Беластоку. Некаторыя іншыя выданьні пісьменьніка ў Польшчы: «Wielkie miasto Białystok» (1973), «Białoruś, Białoruś» (1987), «Доўгая сьмерць Крынак» (1993), «Dolina pełna losu» (1994), «Хатняе стагодзьдзе» (2008). У Беларусі выходзілі зборнікі прозы: «Сярэбраны яздок» (1978), «Самасей» (1992).

У 2000-2010 гг. Сакрат Яновіч быў арганізатарам штогадовых «Беларускіх трыялёгаў» — сустрэчаў дасьледчыкаў, пісьменьнікаў і перакладчыкаў з Польшчы, Беларусі і Захаду, якія цікавіліся беларускімі пытаньнямі. Плёнам гэтых сустрэчаў стала выданьне дзесяці нумароў літаратурна-навуковага альманаху «Annus Albaruthenicus».

Пад канец гэтага году ў Беластоку заплянавана выданьне польскамоўнай кнігі, прысьвечанай творчасьці Сакрата Яновіча. Адным з тэкстаў, апублікаваных у гэтай кнізе, будзе пераклад літаратурна-крытычнага эсэ нашага калегі Яна Максімюка «Сакрат Яновіч і загоны памяці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG