Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жоўта-блакітная Горадня


Адзін з кіёскаў «Табак»
Адзін з кіёскаў «Табак»

Адметнасьць гарадзенскіх вуліц — плойма жоўта-блакітных аўтобусаў і тралейбусаў. Нібыта жывеш у Чарнаўцах ці Львове.

Некалькі гадоў таму камусьці з начальства заманулася перафарбаваць грамадзкі транспарт. Спалучэньне прыемнае, але чамусьці перш перафарбоўвалі самыя новыя машыны. Год таму ў горадзе адкрылася ганаровае консульства Ўкраіны і на Замкавай вуліцы павесілі жоўта-блакітны сьцяг.

Cьцяг каля ганаровага консульства Ўкраіны
Cьцяг каля ганаровага консульства Ўкраіны

А неўзабаве як грыбы па гораду распаўсюдзіліся грунтоўныя тытунёвыя шапікі ў такіх жа колерах. Апошнім часам быццам дзеля салідарнасьці з Украінай, камунальная служба пастаўляла побач жоўтыя і блакітныя скрынкі для адкідаў. І нарэшце сьледчы камітэт вывесіў на сваім гмаху (дзе раней разьмяшчалася адміністрацыя адной фабрыкі) свой вялізны жоўта-блакітны шчыт з кінжаламі і шэрым гербам пасярэдзіне.

Шчыт сьледчага камітэту
Шчыт сьледчага камітэту

І ўсё гэта на інфармацыйным тле зацятага змаганьня супраць усяго жоўта-блакітнага ў нашай «саюзнай дзяржаве». У Маскве пачалася гістэрыя пасьля таго, як кіеўскі руфэр пафарбаваў зорку на сьпічаку гмаху ва ўкраінскія колеры. Вандалізм! Усіх арыштаваць і пасадзіць! Нехта надрукаваў здымак таго гмаху, вялізная плошча сьцяны якога даўно размаляваная грымзолямі, на што мясцовае начальства не зважала. І вось сёньня маскоўскія паліцыянты ўжо цягнуць гвалтам па асфальце ў варанок кабету ў гадох за яе жоўта-блакітныя завушніцы.

Як жа гэта нам знаёма, беларусам! Маскоўская нянавісьць да ўкраінскіх колераў не навіна. Тут у нас працягваецца дваццаць гадоў вайна зь беларускімі колерамі. За сьцяг людзей б’юць, арыштоўваюць, штрафуюць на мільёны, кідаюць за краты. Не за замежны, як гэта цяпер адбываецца ў Маскве, а за наш, за родны.

Як вядома, успышку сэпаратызму ў Данбасе тлумачылі «генацыдам расейскай мовы», што няпраўда. Рэфэрэндум 1995-га таксама абапіраўся на патрэбу «абароны расейскай мовы» ад беларускай, што было яшчэ большай хлусьнёй: родная мова ледзь пачынала дыхаць пасьля савецкай русыфікацыі. Мэтай быў наступ на ўсё беларускае, прага прынізіць перш мову, вярнуць назад у «замежныя». І цяпер, амаль ужо праз дваццаць гадоў, як вялікі лібэралізм дазваляюць абмеркаваць: ці не замяніць адну гадзіну ангельскай у школе на гадзіну беларускай?

Скрынкі для адкідаў каля арачнага мосту ў Стары замак
Скрынкі для адкідаў каля арачнага мосту ў Стары замак

У створанай маскоўскімі дывэрсантамі ДНР за ўкраінскі сьцяг жанчын прывязваюць да слупа і зьдзекуюцца. Украінскія дзяржаўныя сымбалі зь нянавісьцю пазьнішчалі. Як калісьці было зь беларускімі ў нас. За ўкраінскі сьцяг катуюць і забіваюць.

Жоўта-блакітны аўтобус каля дому Стэфана Баторыя
Жоўта-блакітны аўтобус каля дому Стэфана Баторыя

Калі нашу Пагоню выкінулі ў дзяржаўны сьметнік, маленькая гарадзенская газэтка выйшла з трапным загалоўкам «Рыцару ня месца сярод халопаў». Выпускаў яе на расейскай мове Леонас Даўгела. Памятаю цесны рэдакцыйны пакойчык у камяніцы ХІХ стагодзьдзя. Газэтка спыніла існаваньне, Даўгела вярнуўся ў родную Літву. Пазьней ён аднойчы прыяжджаў: настальгія па Горадні! Але ахвоту вяртацца адбілі. На вуліцы яго спыніў міліцэйскі патруль. На куртцы літовец меў значок зь дзяржаўным гербам Літвы. Міліцыянты сказалі, што ён парушае заканадаўства і будзе затрыманы. Яго ўратаваў толькі літоўскі пашпарт.

Больш Даўгелы я ніколі ня бачыў. Спакайней жыць у краіне пад аховай рыцара на кані, чым наведвацца туды, дзе халопы ад яго пазбавіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG