Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зімовы пакет», прыняты ў Брусэлі, забясьпечыць Украіну газам


Пагадненьне пра аднаўленьне паставак газу ва Ўкраіну дасягнутае.

Пасьля шматгадзінных начных перамоваў, шэрагу пералётаў паміж Масквой і Брусэлем, тэлефонных кансультацыяў на вышэйшым узроўні ўкраінскія, расейскія і эўрапейскія ўдзельнікі газавых перамоваў у рэшце рэшт прыйшлі да згоды ў газавым канфлікце. Позна ўвечары ў чацьвер бакі падпісалі дакумэнты, якія будуць гарантаваць пастаўкі расейскага газу ва Ўкраіну на працягу ацяпляльнага сэзона.

Бакі перад камэрамі міжнароднай прэсы падпісалі абавязковы да выкананьня трохбаковы пратакол, гэта значыць ЭЗ-Украіна-Расея. Таксама ў Эўрапейскай камісіі паставілі подпісы пад дадаткам да кантракту паміж «Газпрамам» і «Нафтагазам».

«Прарывам і станоўчым момантам для эўрапейцаў і для Ўкраіны» назваў вынікі газавых перамоваў эўракамісар па энэргетычнай палітыцы Гюнтэр Этынгер. Тлумачачы дэталі дамоўленасьцяў, ён адзначыў, што Расея дасьць Украіне газавую зьніжку ў 100 даляраў і на працягу зімовага пэрыяду дзяржава будзе атрымліваць газ па фіксаваным рынкавым кошце.

Таксама Ўкраіна атрымае дапамогу ад МВФ і ЭЗ, з дапамогай якой зможа аплаціць усе свае рахункі за газ. «Дзякуючы гэтаму, украінскі бок атрымаў магчымасьць замовіць такую колькасьць газу, якая будзе яму неабходная», — дадаў Этынгер, выказваючы ўпэўненасьць, што транзыт расейскага газу праз Украіну будзе забясьпечаны і запазычанасьці будуць аплачаныя.

Паводле словаў эўракамісара, Расея да канца гэтага году атрымае ад Украіны 3,1 мільярды даляраў для пагашэньня газавых пазыкаў.

На яго думку, падпісаньне трохбаковага пагадненьня можа служыць прыкладам для практычнага паляпшэньня адносінаў паміж Украінай і Расеяй.

Прычынаў мерзнуць узімку ўжо няма — Барозу

«Заканчэньне майго мандата старшыні Эўракамісіі не магло адбыцца лепш, як падпісаньнем гэтых газавых дамоўленасьцяў», — са свайго боку заявіў старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу. — Я спадзяюся, што цяперашнія пагадненьні нададуць даверу паміж Украінай і Расеяй, а ўсе ўзятыя цяпер абавязацельствы — і пастаўшчыка, і транзытара — будуць выкананыя... Таму, няма прычынаў мерзнуць гэтай зімой».

Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Бароза
Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Бароза

«Складаны восеньска-зімовы пэрыяд у гэтым годзе пройдзе ў нармальным рэжыме», — заявіў у Брусэлі ўкраінскі міністар энэргетыкі Юры Продан. Ён кажа, што на гэты пэрыяд больш ня будзе прымяняцца прынцып «бяры або плаці» і цяпер, «прыняўшы прамежкавыя рашэньні, Украіна разам з Эўракамісіяй зможа забясьпечыць неабходнае фінансаваньне для закупак аб’ёмаў газу, якія забясьпечаць энэргетычную бясьпеку Ўкраіны і бясьпеку транзыту ў краіны ЭЗ».

Аднак, канчатковае рашэньне і ўрэгуляваньне будзе ажыцьцёўленае ў арбітражным судзе, — дадае ўкраінскі чыноўнік.

Міністар Продан удакладніў, што ў рамках «зімовага пакету», гэта значыць з 1 Лістапада 2014 — па 31 сакавіка 2015-га вызначаныя сталыя кошты на газ. Да канца гэтага году кошт складзе 378 даляраў ЗША за тысячу кубічных мэтраў, а ў першым квартале 2015 — 365 даляраў.

«Мы падпісалі трохбаковы пратакол, і я спадзяюся, што подпіс Эўракамісіі будзе гарантыяй выкананьня гэтага пратаколу», — падсумаваў міністар энэргетыкі Юры Продан.

Юры Продан
Юры Продан

Новы газ будзе пасьля перадаплаты

Міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак, тлумачачы дэталі пазыковых выплат Украіны і закупаў новых аб’ёмаў газу, патлумачыў, што названыя 3.1 мільярды даляраў да канца гэтага году Кіеў пералічыць «Газпраму» двума траншамі: першы — у бліжэйшыя дні, другі — да канца гэтага году. «Умовай новых паставак расейскага газу зьяўляюцца дамоўленасьці па перадаплаце і паступленьні першага траншу пазыковых выплат», — адзначыў расейскі міністар.

Такім чынам, базавыя ўмовы для аднаўленьня газазабесьпячэньня ва Ўкраіне на працягу зімы дасягнутыя.

Аднак, ня варта забываць, што з такім непрадказальным партнэрам як Расея, цяжка нешта прагназаваць напэўна. Да таго ж, гаворка ідзе пра так званы «зімовы пакет», таму магчыма, што пра далейшыя, летнія пастаўкі газу з часам прыйдзецца дамаўляцца асобна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG