Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адбіраць рэцэпты — вар’ятня нейкая»


Міністэрства аховы здароўя сваім распараджэньнем зьмяніла парадак набыцьця лекавых сродкаў у аптэках краіны. Цяпер, набываючы лекі, пакупнікі мусяць пакідаць рэцэпты ў аптэках. На новыя правілы продажу лекаў наракаюць і аптэкары, і пакупнікі.

Распараджэньне Міністэрства аховы здароўя актыўна абмяркоўваюць ня толькі наведнікі, але і супрацоўнікі аптэк. Пэўнага меркаваньня наконт карысьці ад новага парадку аптэкары не выказваюць. Але загадчыца адной з аптэк мяркуе, што да новых умоваў працы мэдычныя ўстановы і хворыя не былі падрыхтаваныя:

«Ёсьць пералік Міністэрства аховы здароўя, які абумоўлівае сьпіс безрэцэптурных сродкаў. Усё, што не ўваходзіць у гэты сьпіс — прадаецца паводле рэцэпту, і рэцэпт застаецца ў аптэцы. І той, і другі — вялікія сьпісы. Нам гэта робіць палёгку ў працы, але, пэўна, варта было б загадзя папярэдзіць дактароў, бо людзі да гэтай сытуацыі выявіліся непадрыхтаванымі. Прыходзяць людзі з рэцэптамі, дзе не пазначана, што яны могуць карыстацца рэцэптам цягам месяца-трох, ці гэта спэцлекаваньне, ці хранічнае захворваньне. Мы мусім такі рэцэпт забіраць, а людзі да гэтага не падрыхтаваныя... Ёсьць праблемы...»

Наведнікі менскіх аптэк таксама яшчэ мала ведаюць пра новы парадак продажу лекаў, але дакладна ўяўляюць, што ён ім нясе. Наш суразмоўца Віктар Ёсіфавіч, у прыватнасьці, сказаў наступнае:

«Зараз набыў паводле рэцэпту лекі, але бывала, што і так набываў».

Карэспандэнтка: «А калі давядзецца ўвесь час паводле рэцэпту набываць?»

Віктар Ёсіфавіч: «Гэта складана будзе — часу давядзецца шмат страціць, каб выпісаць рэцэпт. Бо ў паліклініках цяпер цяжкое становішча: не хапае лекараў, не хапае мэдсясьцёр, малыя заробкі, вялікія чэргі — шмат часу марнуецца. Я вось на ўколы еду — Божа мой — гэта паўтары гадзіны трэба будзе адседзець. А калі яшчэ і рэцэпт, то ўвогуле — складанасьцяў будзе шмат».

Карэспандэнтка: «Калі б вы былі міністрам, то як бы гэтую сытуацыю вырашылі?»

Віктар Ёсіфавіч: «Я б пакінуў старую схему: папулярныя лекі пакінуў без рэцэпту — анальгін, цытрамон ды іншыя. А больш складаныя — паводле рэцэпту».

Лекара-акуліста ў нашай паліклініцы няма. І зараз трэба ісьці ў платны цэнтар, каб выпісалі рэцэпт, каб затым заплаціць за лекі

Яшчэ адна наведніца аптэкі — Ірына Сяргееўна — таксама засталася без рэцэпту. Гэта яе абурыла. Яна патлумачыла, чаму:

Ірына Сяргееўна «У мяне толькі што забралі рэцэпт, а гэта азначае, што давядзецца да лекара кожны раз хадзіць і выседжваць чэргі, каб выпісаць той жа самы рэцэпт, якім можна было і тры месяцы карыстацца. Гэта вельмі праблематычна, шмат зойме часу».

Карэспандэнтка: «Што думаеце, наколькі слушная такая сыстэма?»

Ірына Сяргееўна: «Я ўвогуле не разумею, навошта яна спатрэбілася. Мне патрэбныя кроплі ў вочы. Яны не наркатычныя, не псыхатропныя, не снатворныя — яны патрэбныя пэўнай групе хворых. Навошта забіраць платны рэцэпт? Мы ж грошы плацім за гэтыя лекі, нам жа не бясплатна іх выдаюць. Які тут сэнс? Лекара-акуліста ў нашай паліклініцы няма, хадзіла ў платны цэнтар. І зараз трэба ісьці ў платны цэнтар, плаціць за кансультацыю, каб выпісалі рэцэпт, каб затым заплаціць за лекі. Гэта нейкая вар’ятня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG