Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У катастрофах самалётаў Качыньскага і Маржары дадалося агульнага


Абломкі самалёта "Фалькон", на борце якога 21 кастрычніка 2014 загінулі чатыры чалавекі
Абломкі самалёта "Фалькон", на борце якога 21 кастрычніка 2014 загінулі чатыры чалавекі

Расьсьледаваць авіякатастрофу кіраўніка францускай кампаніі Total будзе той жа сьледчы, што вёў справу самалёта Качыньскага

Кіроўца сьнегаўборачнай машыны, якая сутыкнулася з прыватным самалётам кіраўніка кампаніі Total ў аэрапорце Ўнукава, паведаміў на допыце, што апынуўся на ўзьлётнай паласе выпадкова.

Паводле яго, ён страціў арыенцір, выехаў на ўзьлётную паласу і ня бачыў, і ня чуў набліжэньня самалёта з-за грукату тэхнікі. «Ні ліхтароў, нічога не было», — сказаў ён на допыце ў Сьледчым камітэце, відэазапіс якога паказаў расейскі Першы канал.

У ноч на аўторак у маскоўскім аэрапорце Ўнукава самалёт «Фалькон» на ўзьлёце сутыкнуўся са сьнегаўборачнай машынай. Ахвярамі катастрофы сталі чатыры чалавекі, у тым ліку кіраўнік францускай нафтавай кампаніі Total Крыстоф дэ Маржары.

Учора ж быў затрыманы шасьцідзесяцігадовы кіроўца сьнегаўборшчыка Ўладзімір Мартыненка, які прапрацаваў у аэрапорце Ўнукава 10 гадоў. Як сьцьвярджаў афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Расеі, у момант трагедыі шафёр знаходзіўся «ў стане алькагольнага ап’яненьня». Абарона затрыманага, у сваю чаргу, заяўляе, што ён ня мог быць п’яны, паколькі не ўжывае алькаголь з-за хранічнага захворваньня сэрца. Тое, што кіроўца быў цьвярозы, пацьвердзілі і мэдыкі аэрапорта.

Сёньня адвакат Мартыненка паведаміў Інтэрфаксу, што сьледчыя плянуюць 23 кастрычніка выставіць яго падабароннаму афіцыйнае абвінавачаньне па справе аб крушэньні, тады ж, хутчэй за ўсё, адбудзецца і суд па абраньні меры стрыманьня. Раней Мартыненка адмовіўся прызнаць віну ў катастрофе.

Па факце авіякатастрофы ўзбуджаная крымінальная справа. Сярод асноўных вэрсій сьледзтвам разглядаюцца памылка пілётаў, дыспэтчараў і неспрыяльныя ўмовы надвор’я.

Расьсьледаваньне, як піша сёньня расейская газэта «Коммерсант», даручана сьледчаму Міхаілу Гурэвічу, які раней займаўся высьвятленьнем абставінаў крушэньня ў 2010 годзе пад Смаленскам самалёта з тагачасным прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качыньскім.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG