Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вось табе, Юры, і суд і пеня. Гомельскага актывіста аштрафавалі на 136 мільёнаў


Грамадзкі актывіст Юры Клімовіч
Грамадзкі актывіст Юры Клімовіч

Эканамічны суд Гомельскай вобласьці пастанавіў прыцягнуць грамадзкага актывіста Юрыя Клімовіча да субсыдыярнай адказнаcьці і спагнаць зь яго 136 мільёнаў рублёў. Зь іх 16 мільёнаў нібыта за нясплачаныя ў 2003 годзе падаткі прыватным прадпрыемствам «Бел-Ост», дырэктарам якога зьяўляўся Клімовіч, 111 мільёнаў — пеня за дзесяць мінулых гадоў і 6,8 мільёна — дзяржаўны збор.

«Пра эканамічны суд я даведаўся праз тыдзень пасьля таго, як судзьдзя Лаўшук вынес рашэньне. Тры паседжаньні суду прайшлі без майго ўдзелу. Прадстаўніком прадпрыемства «Бел-Ост» быў нехта А. Саянок. Адкуль ён узяўся і хто яго прызначыў, мне невядома. Я не магу таксама несьці адказнасьць за дзесяцігадовае бязьдзеяньне падатковай інспэкцыі, якое пацягнула за сабою несвоечасовае даналічэньне падаткаў», — кажа Юры Клімовіч.

Суразмоўца апавёў, што вытворча-эканамічная дзейнасьць заснаванага ім прадпрыемства «Бел-Ост» была прыпынена пры канцы 2003 году ў зьвязку з пазбаўленьнем юрыдычнага адрасу, і падатковая інспэкцыя праз штомесячныя справаздачы пра гэта ведала. Паколькі ніякіх прэтэнзій з боку іншых арганізацыяў, у тым ліку і інспэкцыі па падатках і зборах, не было, то заснавальнік і не ініцыяваў працэдуру банкруцтва. Меў спадзеў, што ў будучыні пры спрыяльных умовах удасца аднавіць прадпрыемства.

«Працэдуру банкруцтва, — дадае Клімовіч, — ініцыявала падатковая інспэкцыя, яна й налічыла мне астранамічную суму пені. Як я зразумеў, былі ўзяты нейкія плацёжныя дакумэнты з банка пра нашыя разьлікі з дастаўцамі прадукцыі. Іх залічылі ў прыбытак, вывелі ў 2013 годзе суму нібыта нясплачаных падаткаў і налічылі на гэтую сума 111 мільёнаў пені».

Такую ўвагу да сваёй пэрсоны Юры Клімовіч зьвязвае з замовай пэўных структураў, бо працяглы час зьяўляўся каардынатарам у рэгіёне стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Па сямейных абставінах Клімовіч апошнім часам адышоў ад актыўнай грамадзкай дзейнасьці, але, відаць па ўсім, бюракратычная машына рухалася па інэрцыі, і справу перавезла ў 2014 год.

Цікава, што чатыры гады таму Клімовіч вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты гарсавету, падаваў дэклярацыю пра даходы. Яго не зарэгістравалі з прычыны не ўказанага невялікага ўнёску ў статутны фонд прадпрыемства «Бел-Ост». Аднак прэтэнзій па падатках у той час не ўзьнікала.

На рашэньне Эканамічнага суду наконт спагнаньня 136-мільённага плацяжу Клімовіч падаваў апэляцыю. Аднак 20 кастрычніка яна ўсё тым жа Эканамічным судом была адхілена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG