Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нью-Ёрку на Генэральнай асамблеі ААН абмяркуюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі


Міклаш Харасьці
Міклаш Харасьці

У рамках 69-й сэсіі Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку 23 кастрычніка будзе прадстаўлены даклад спэцдакладчыка па пытаньні аб становішчы праваабаронцаў Мішэля Форста, 28 кастрычніка — даклад спэцдакладчыка па сытуацыі ў Беларусі Міклаша Харасьці.

У адмысловых мерапрыемствах для праваабаронцаў удзел зь Беларусі возьме прадстаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна» і Беларускага дому правоў чалавека Тацяна Равяка.

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка

Паводле арганізатараў, хоць Беларусь і Ўкраіна — суседзі з агульнай гісторыяй, сытуацыя з правамі чалавека ў гэтых краінах зусім не аднолькавая. У адрозьненьне ад Украіны, актыўная грамадзянская супольнасьць у Беларусі працуе пераважна неафіцыйна і дагэтуль цалкам не прызнаная.

«Беларускія праваабаронцы на працягу многіх гадоў працуюць над рэформамі ў краіне, сутыкаючыся з сыстэмнымі і сыстэматычнымі парушэньнямі сваіх асноўных правоў на свабоду выказваньня думак, асацыяцыі і мірных сходаў. У іх няма магчымасьці даваць ацэнку дзяржаўнай палітыцы незалежна ад самой дзяржавы, а таксама магчымасьці абараняць правы ахвяраў парушэньняў правоў чалавека. Як адзначыў спэцдакладчык па Беларусі ў сваім дакладзе Генэральнай Асамблеі, праваабаронцы сутыкаюцца з крыміналізацыяй сваёй дзейнасьці заканадаўствам і зазнаюць пагрозы і ўціск, адвольныя затрыманьні, уключна з кароткатэрміновымі затрыманьнямі і доўгатэрміновым адбываньнем турэмнага зьняволеньня, катаваньні і жорсткае абыходжаньне, а таксама абмежаваньне свабоды перамяшчэньня. Становішча ўразьлівых групаў, такіх, як абаронцы правоў ЛГБТ, таксама выклікае непакой», — адзначаюць арганізатары.

24 кастрычніка адмысловае мерапрыемства праваабаронцаў Украіны і Беларусі з удзелам спэцдакладчыка ААН Міклаша Харасьці адбудзецца ў Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку.

Міклаш Харасьці ў сваёй справаздачы заклікаў беларускія ўлады неадкладна і без якіх-небудзь умоваў вызваліць усіх палітвязьняў і забясьпечыць поўную рэабілітацыю іх у грамадзянскіх і палітычных правах.

Міклаш Харасьці ў Кіеве
Міклаш Харасьці ў Кіеве

У дакладзе адзначаецца, што па стане на ліпень 2014 года ў турмах знаходзяцца сем палітвязьняў: Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Васіль Парфянкоў. Харашці таксама рэкамэндуе беларускаму ўраду гарантаваць незалежнасьць арганізацый грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў, стварыць умовы для таго, каб яны маглі працаваць, не баючыся рэпрэсій.

Таксама ў дакладзе адзначаецца, што нягледзячы на «асобныя абмежаваныя паляпшэньні», за апошні год сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым істотна не зьмянілася.

Харасьці адзначае, што, нягледзячы на неаднаразовыя звароты, ён так і не змог атрымаць ад беларускіх уладаў дазвол на візыт у краіну.

У чэрвені гэтага года Рада ААН па правах чалавека працягнула мандат спэцыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG