Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі: Пуцін прапаноўваў Польшчы падзяліць Украіну


Шмат хто з эўрапейскіх лідэраў і дыпляматаў лічыць, што Уладзімер Пуцін і яго сілы бясьпекі скарысталі вайну ва Ўкраіне як прыкрыцьцё, за якім адбывалася канчатковае ўсталяваньне імпэрскай дыктатуры ў Маскве. Гэтак піша ў амэрыканскім інтэрнэт-выданьні Politico Magazine брытанскі палітычны аглядальнік Бэн Джуда.


Сярод тых, хто лічыць, што Эўропа паўстае перад усё большай пагрозай з боку Расеі, — былы міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, піша Джуда. Сікорскі кажа, што расейскія намеры адносна Крыму ўпершыню пачалі выяўляцца яшчэ ў 2011 і 1012 гадох, калі Пуцін пачаў наведваць фэсты нацыяналістычна арыентаваных байкераў на паўвысьпе. Паводле Сікорскага, у 2013 годзе ён атрымаў інфармацыю, што Крэмль правёў падлікі, якія паказалі, што выгадна было б анэксаваць Запароскую, Днепрапятроўскую і Адэскую вобласьці Украіны, у той час як Данбас, які цяпер кантралююць сэпаратысты, асобна анэксаваць было б нявыгадна.

«Да гэтага яны ўжо зрабілі разьлікі, як захапіць Крым, як спосаб шантажу Віктара Януковіча, — кажа Сікорскі. — Я ведаю з размоваў зь Януковічам, што ён хацеў падпісаць пагадненьне з Эўразьвязам. Але ў лістападзе 2013 нешта здарылася — і як адрэзала. Паводле майго адчуваньня, на сустрэчы ў Сочы Пуцін яму нешта сказаў. Я думаю, што Пуцін меў кампрамат на Януковіча. Цяпер мы ведаем, што раз на тыдзень-два грузавік вывозіў грошы. І я думаю, што ён сказаў яму не падпісваць пагадненьня аб асацыяцыі, а ў зваротным выпадку пагражаў захапіць Крым. Вось чаму ён здаўся».

З таго часу Расея спрабуе ўцягнуць Польшчу ва ўварваньне ва Ўкраіну, паводле мадэлі падзелу Рэчы Паспалітай. «Ён прапаноўваў стаць удзельнікам гэтага падзелу, — кажа Сікорскі. — Пуцін хацеў, каб Польшча ўвяла войскі ва Ўкраіну. Гэта была адна зь першых рэчаў, якія Пуцін сказаў кіраўніку ўраду Доналду Туску, калі той прыехаў у Маскву. Ён казаў, што Ўкраіна зьяўляецца штучнай краінай, што Львоў — польскі горад, і чаму б нам проста ня вырашыць пытаньне сумесна. На шчасьце, Туск не адказаў. Ён ведаў, што вёўся запіс».

Была польскі міністар параўнаў Уладзімера Пуціна пасьля анэксіі Крыму з Напалеонам пасьля Аўстэрліцу і з Гітлерам пасьля падзеньня Парыжу. «Гэта быў момант, які, нарэшце, сканцэнтраваў усё ў руках Пуціна» — сказаў Сікорскі Politico Magazine.

Сікорскі раней быў папулярнай фігурай у Брусэлі і адыгрываў вядучую ролю ў фармаваньні стратэгіі Эўрапейскага Зьвязу ў адносінах да Расеі і Ўкраіны. Эўрапейскія лідэры, запалоханыя яго харызмай і адкрытасьцю ў стаўленьні да Расеі, вырашылі не прызначаць яго на пасаду вярхоўнага прадстаўніка Эўропы па замежных справах у пачатку гэтага года.

Цяпер Сікорскі зьяўляецца сьпікерам польскага парлямэнта, і ён кажа, што Захад на фоне крызісу ва Ўкраіне прапусьціў больш важныя падзеі, якія адбываюцца далей на ўсход. Сікорскі мае на ўвазе фармаваньне ў Расеі «нэаімпэрыялізму», які, паводле яго грунтуецца на «савецкіх атавізмах», якім верыць значная частка насельніцтва.

Сікорскі заяўляе пра гэта адкрыта, але ён не адзіны у сваіх ацэнках. Назіральнікі заўважаюць аслабленьне ўплыву рынкавых эканамістаў і лібэралаў на Пуціна^; расейскі кіраўнік дзейнічае ў цеснай супрацы з сілавікамі. «Кожны год кіруючае кола ўсё больш сьціскаецца» — кажа крыніца ў Крамлі. «Адзіныя людзі, з кім Пуцін раіцца — гэта сілавікі і супрацоўнікі выведкі» — кажа ён.

СТРАХ У МАСКВЕ

Страх вярнуўся ў Маскву, піша Бэн Джуда. Параноя ахапіла расейскіх чыноўнікаў і бізнэс-эліты. Дзеля абмеркаваньня канфідэнцыйнай інфармацыі яны больш не выкарыстоўваюць смартфоны. Замест гэтага яны выкарыстоўваюць простыя старыя мабільныя тэлефоны, і вымаюць зь іх батарэі — каб пераканацца, што тэлефон «мёртвы» — калі абмяркоўваюць паміж сабой палітыку Крамля. Яны так робяць, бо мяркуюць, што службы бясьпекі могуць запісаць размову. Існуе рэальная небясьпека таго, што наступныя драматычнае падзеі ў расейскай палітыцы могуць справакаваць хвалю звальненьняў, арыштаў ці нават «чыстак».

«Гэта новая кіруючая эліта — ГРУ (галоўнае ўпраўленьне выведкі расейскага Генштабу — Свабода), ваенная выведка, якая была задзейнічана ва Ўкраіне і Міністэрства абароны, — кажа Сікорскі, — Выдаленьне старых элітаў яшчэ не пачалося, але гэта наступны лягічны крок. Яны раздзьмулі патрыятычную эўфарыю. Яны зрабілі гэта коштам эксплюатацыі псыхалягічнага і сацыяльнага абурэньня новых і старых службаў выведкі і бясьпекі ў дачыненьні да ненавіснай ім клясы мільярдэраў з іх яхтамі і асабнякамі ў Лёндане. Вось чаму яны так адданыя і ляяльныя».

Карл Більт, які быў міністрам замежных спраў Швэцыі, таксама лічыць, што рэваншысцкая каманда Пуціна выкарыстоўвае вайну з Украінай дзеля кансалідацыі сваёй ўлады.

«Настрой маіх расейскіх знаёмых адметны крайнім пэсымізмам і страхам, — кажа Більт. — Яны паняцьця ня маюць, якая будучыня іх чакае. Яны асьцерагаюцца, што Пуцін можа кіраваць вечна ці сыдзе вельмі нечакана, таму што рэжым мае слабыя падмуркі. З таго, што я чую, — вайскоўцы губляюць галаву ад радасьці, бо атрымліваюць тое, чаго прагнуць — прэстыж і велізарныя новыя ўліваньні фінансаў».

Нават мільярдэры могуць быць ахопленыя страхам: яны могуць разьлічваць на захаваньне сваіх актываў да таго часу, пакуль не выступаюць супраць Пуціна. Арышт у верасьні мільярдэра Яўгена Яўтушэнкава, вядомага сваёй незалежнасьцю, быў пэўным сыгналам. «Гэта ўжо ня крызіс, — кажа адзін з маскоўскіх банкіраў. Тое, што мы маем цяпер, робіцца новай нормай. Адбылося поўнае пераасэнсаваньне таго, што Расея можа дасягнуць. Яны ставяць нацыяналізм вышэй за эканоміку».

Расійскія алігархі спрабавалі данесьці свае засьцярогі да брытанскага ўраду, папярэджваючы дарадцаў прэм’ер-міністра Дэйвіда Кэмэрана, што далейшыя санкцыі могуць выклікаць агрэсію Пуціна супраць расейскай эліты. Расейскія дыпляматы таксама паспрабавалі пераканаць сваіх эўрапейскіх калег, што ў Крамлі ідзе барацьба паміж лібэральнымі і кансэрватыўнымі групоўкамі, і нельга рабіць нічога, што магло б умацаваць прыхільнікаў жорсткай лініі.

Але Більт і іншыя лічаць, што такі канфлікт, калі ён і існаваў — справа мінулага. «Я ня веру, што вакол Пуціна ў цяперашні час ідзе вайна груповак, — кажа Більт. — Вы ніколі не павінны забывацца на тое, што Пуцін належыць да кансэрватыўнай фракцыі. Гэта чалавек КДБ».

Шмат хто ў Брусэлі мяркуе, што Пуцін уварваўся ва Ўкраіну таму, што ён баяўся глябалізацыі; Інтэрнэт і рост сярэдняй клясы падрывалі падмуркі яго рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG