Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павернецца ўлада тварам да беларускай мовы?


Ці павернецца ўлада тварам да беларускай мовы?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:40 0:00

Ці павернецца ўлада тварам да беларускай мовы?

З пачатку восені прадстаўнікі ўлады Беларусі зрабілі шэраг гучных заяваў, у якіх выказалі сваю заклапочанасьць станам і пэрспэктывамі беларускай мовы. Аляксандар Лукашэнка прапанаваў у школьных праграмах надзяляць больш увагі вывучэньню беларускай мовы. Намесьнік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік заявіў: «Гэта будзе жахліва, калі мы страцім мову. Чым мы тады будзем адрозьнівацца ад суседзяў?» Памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды са спасылкай на ліпеньскае апытаньне Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук паведаміў, што беларусы лічаць адной з галоўных пагрозаў для краіны страту беларускай мовы.

Чаму раптам улада занепакоілася станам беларускай мовы? Гэта яе рэакцыя на вонкавыя пагрозы, ці адказ на ініцыятывы ў падтрымку мовы ўнутры краіны, якія пашыраюцца? Гэта чарговая праява папулізму, ці асэнсаваны паварот у культурнай палітыцы?

Якія страты панесла беларуская мова за часы дзьвюхмоўя, калі яна гвалтоўна была выцесьненая на ўзбочыну, і ці магчыма гэтыя страты вярнуць? Перадусім, вярнуць ёй адабраны аўтарытэт у беларусаў?

Што можа і што зможа ўлада для гэтага зрабіць? Ці будзе на тое палітычная воля і чым яна можа быць падмацаванай?

Нарэшце -- якія пэрспэктывы ў беларускай мовы стаць адзінай дзяржаўнай?

У дыскусіі бяруць удзел старшыня Таварыства беларускай мовы, гісторык Алег Трусаў і пісьменьнік, журналіст Радыё Свабода Сяргей Абламейка. Вядзе перадачу Вячаслаў Ракіцкі.

Жывая трансьляцыя на сайце Свабоды адбылася 21 кастрычніка а 13-й гадзіне.

Фрагмэнты дыскусіі

Вячаслаў Ракіцкі: Чаму менавіта цяпер, нарэшце, раптам улады занепакоіліся станам беларускай мовы? Гэта рэакцыя на вонкавыя пагрозы, ці адказ на ініцыятывы ў падтрымку мовы ўнутры краіны, якія пашыраюцца?

Алег Трусаў: Cупалі абодва фактары — і ўнутраны, і зьнешні. Унутраны фактар рыхтаваўся даўно. І першыя праявы яго пачалі назірацца ўжо гады два таму — шматлікія курсы беларускай мовы, пашырэньне беларускай мовы ў бізнэсе, спорце. І на ўсё гэта наклаўся зьнешні фактар: прыйшоў «рускі мір» з Пуціным і заявіў, што ўсе павінны гаварыць па-расейску, усе павінны жыць у расейскай дзяржаве і любіць Пуціна. Адпаведна ў гэтай новай расейскай Наваросіі месцу Лукашэнку і ягонай камандзе ўжо няма. Таму і пачаліся ўсе гэтыя заявы.

Ракіцкі: Сяргей, ці насамрэч гэта перадусім спробы запабегчы гэтак званай абароне расейскамоўных, адмежавацца ад гэтак званага «русского мира», ня стаць чарговай Наваросіяй?

Сяргей Абламейка: Я ўжо дваццаць гадоў назіраю за Аляксандрам Лукашэнкам як журналіст і, шчыра кажучы, не магу даць адказу на пытаньне, наколькі ён самастойны палітык? Васіль Быкаў напісаў некалі апавяданьне «Інтэграцыя», у якім апісвалася сытуацыя, калі інтэграцыя дайшла да такой ступені, што пачалася вайна за незалежнасьць Беларусі з Расеяй. Уся апазыцыя аб’ядналася вакол Лукашэнкі ў барацьбе за незалежнасьць. Вайна была прайграная, лідэры апазыцыі застрэліліся, а Аляксандар Лукашэнка спакойна сеў у джып і зьехаў у Расею. Такім чынам, Быкаў лічыў, што ён абсалютна несамастойны палітык і зьяўляецца стапрацэнтовай крэатурай Крамля. Таму цяжка сказаць, што гэта за крокі ён робіць, але ў кожным выпадку мы можам сьцьвярджаць, што клопат пра беларускую мову ў сёньняшняй сытуацыі ня ёсьць шчырым. Але тым ня меней, яго варта падтрымаць.

Ракіцкі: Гэта чарговая праява папулізму, ці асэнсаваны паварот у культурнай палітыцы?

Трусаў: Мы маем фактар незалежнай краіны. Дваццаць тры гады мы жывем у незалежнай Беларусі, і вырасла ўжо цэлае пакаленьне, якое нарадзілася ў 1990-я гады. Гэтыя людзі ніколі не жылі ў Савецкім Саюзе і жыць у ім ня будуць. Адпаведна, сярод іх пачаўся масавы рух да мовы, культуры, дэмакратыі. Усё гэта адсочваюць ідэолягі Лукашэнкі. Другі фактар: зьмянілася ўлада на месцах. Да ўлады прыйшлі маладыя людзі, якім па 35 — 40 гадоў. Шмат зь іх былі ўдзельнікамі барацьбы за незалежнасьць. Яны добра ведаюць беларускую мову, гісторыю, разумеюць сутнасьць нацыянальных сьцяга і герба. Я гэта добра адчуваю ў перапісцы з чыноўнікамі. Там, дзе маладыя чыноўнікі, там лепей і зь беларусізацыяй. Дзе старыя, савецкія, — там кепска. Натуральна, Лукашэнка гэта таксама разумее, а раз разумее, дык стараецца і на гэтай хвалі пратрымацца далей.

Ракіцкі: Мы бачым у сытуацыі з Украінай, што мова можа стаць і стала палітычнай матывацыяй для агрэсіі Расеі. Для Беларусі расейская мова нясе небясьпеку ў пляне палітычным?

Трусаў: Любая мова — гэта ня толькі носьбіт інфармацыі, а і носьбіт культуры, і носьбіт альбо дэмакратычных, альбо імпэрскіх ідэяў. І любая імпэрыя ў любыя часы сваю імпэрскую мову старалася навязаць сваім паняволеным народам. І выключэньняў тут няма.

Абламейка: Так, улада хоча перахапіць ініцыятывы пашырэньня мовы. Яна разумее, што мова — гэта трэнд, і што гэты трэнд трэба ўзяць пад кантроль. Але ёсьць яшчэ адзін цікавы момант. Днямі паэт Алесь Аркуш на сваёй старонцы ў фэйсбуку напісаў, што Лукашэнка вымушаны такім чынам рэагаваць на настроі грамадзтва, бо ён у пэўнай ступені ўваходзіць у канфлікт з часткай свайго электарату, які знаходзіцца цалкам пад уплывам расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Тут гаворка вядзецца ня толькі пра палітычныя ўплвы, а і пра культурныя. І гэтая частка электарату можа быць пагрозай Лукашэнку, бо можа захацець больш шчыльных дачыненьняў з Расеяй. І ў тых зігзагах у паводзінах Лукашэнкі мы бачым, што ён хоча адваяваць частку для сваёй самастойнасьці ў сваёй несамастойнасьці, каб застацца на плыву.

Ракіцкі: Якія страты панесла беларуская мова за часы дзьвюхмоўя, калі яна гвалтоўна была выцесьненая на ўзбочыну, і ці магчыма гэтыя страты вярнуць?

Трусаў: Па-першае, мова выстаяла. Яна даказала, што зьяўляецца адной з самых моцных эўрапейскіх моваў. Не забывайцеся, што яна ўжо болей як трыста гадоў знаходзіцца пад ціскам і палянізацыі, і русіфікацыі. Трэба пачынаць аналіз ня зь сёньняшняга дня, а яшчэ зь Люблінскай уніі. І тады можна будзе зразумець і паводзіны Лукашэнкі. І, слава Богу, па вялікім рахунку мы нічога ня страцілі. У параўнаньні з тым, што было за савецкімі часамі, сытуацыя прынамсі ў Менску нашмат лепшая. У 1980-я гады не было ніводнага чалавека, хто ў Менску вучыўся б па-беларуску. Бадай, адна дзяўчына была, Наста Лісіцына, на ўвесь амаль двухмільённы горад. Цяпер мы маем беларускамоўныя гімназіі. Прыкладам, мая ўнучка вучыцца ў беларускай гімназіі. няма ж пытаньняў. У Менску ўвогуле два-тры працэнты вучацца па-беларуску. І кожны ў прынцыпе, хто хоча, каб яго дзіця вучылася па-беларуску, гэта зрабіць можа. Іншая справа, што мы не дасягнулі беларускамоўнай вышэйшай адукацыі. Але і тут ёсьць памылка, у тым ліку і Радыё Свабода. Людзі забываюць, што ў нашых ВНУ працуюць сотні выкладчыкаў, якія ў гэтых цяжкіх умовах выкладаюць розныя прадметы па-беларуску. А пра іх ніхто не гаворыць, у тым ліку, і на Свабодзе.

Ракіцкі: Зайздрошчу вашаму аптымізму. Дык мо і ТБМ адчула ўжо моўную адлігу ўладаў?

Трусаў: Адчула. Цяпер Лукашэнка, Тозік і іншыя паўтараюць тое, што мы ім пісалі ў лістах пяць гадоў таму. А некаторыя нават кніжку маю апошнюю зачытваюць, пра Смаленшчыну, Бранцаўшчыну, Пскоўшчыну. Цэлымі фрагмэнтамі цытуюць тое, што я пісаў пяць гадоў таму.

Ракіцкі: Але ж мы ня будзем, напэўна, адмаўляць самае галоўнае, што за часы дзьвюхмоўя, адабрала ўлада ў беларускай мове — яе аўтарытэт у беларусаў, насельніцтва. Ці можна вярнуць яго?

Абламейка: Па-першае, я ня вельмі згодзен са спадаром Трусавым, што стратаў не было. Перавод тэлебачаньня на расейскую мову — гэта магутны ўдар па папулярнасьці беларускай мовы. Сёньня ёсьць маса сьведчаньняў, што дзеці школьнага ўзросту, моладзь наогул не разумеюць беларускай мовы. І гэта па ўсёй Беларусі. На жаль, сытуацыя не выглядае аптымістычна. І вінаватая ў такім стане беларускай мовы сучасная беларуская ўлада. Тое, што пачыналася на пачатку 1990-х гадоў, яна спыніла. Таму, калі нешта трэба вырашаць, трэба пачынаць зь сябе найперш. Калі нешта трэба вяртаць, то трэба прызнаць, што мы зрабілі нешта ня так. Добра было б для пачатку, каб гэтыя заявы Лукашэнкі пра дадатковую гадзіну ў школах, ці заявы Тозіка былі зробленыя па-беларуску. Вось дзе быў бы пачатак новага адраджэньня мовы.

Ракіцкі: Што можа і што зможа ўлада для гэтага зрабіць? Ці будзе на тое палітычная воля і чым яна можа быць падмацаванай?

Абламейка: Першае, што павінна ўлада зрабіць, гэта загаварыць самой па-беларуску. І найперш мае загаварыць ачольнік гэтай улады. Таксама трэба мінімізаваць уплыў на беларусаў расейскай прапаганды. Сытуацыя ва Ўкраіне паказала, што інфармацыя зьяўляецца магутнай зброяй. І тое, што цяпер адбываецца ў інфармацыйнай прасторы, гэта наўпроставая пагроза беларускаму сувэрэнітэту з боку Расеі. Таму найперш трэба вярнуцца да беларускамоўнага тэлебачаньня. І паколькі мы размаўляем тут з кіраўніком Таварыства беларускай мовы, я таксама б трэцім пунктам уключыў зьняцьце арэнднай платы з офісу ТБМ.

Трусаў: Па-першае, улада не павінна перашкаджаць беларушчыне. І, дзякуй Богу, апошнімі гадамі яна стала меней ціснуць на праявы яе. Гэта адчуваецца, хаця гэты ціск яшчэ застаўся. Па-другое, хоць я і аптыміст, я ня веру, што гэтая ўлада цягам дня загаворыць па-беларуску. Па-беларуску загаворыць новая ўлада, якая неўзабаве прыйдзе ў Беларусь, калі мы усе зробім усё, каб яна прыйшла.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG