Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Нельга дазволіць і далей ліцца крыві нашага братэрскага народа»


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Адкрываючы саміт кіраўнікоў краінаў СНД, Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што ў межах СНД узмацніліся дэзынтэграцыйныя працэсы.

Значную частку сваёй прамовы Лукашэнка прысьвяціў украінскім падзеям:

«Абсалютна недапушчальна, калі ў нас, амаль у цэнтры Эўропы, вядуцца баявыя дзеяньні», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Па словах кіраўніка Беларусі, усе бакі зацікаўленыя ў як найхутчэйшым спыненьні сутыкненьняў на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

«Бакі мусяць ня проста знайсьці пункты сутыкненьня, але спыніць кровапраліцьце. Нельга дазволіць і далей ліцца крыві нашага братэрскага народу», — кажа Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што Менск прапанаваў сябе ў якасьці перамоўнай пляцоўкі для бакоў канфлікту.

«Мы мусім у межах СНД больш увагі аддаваць гэтай праблеме. Куды ўжо далей, калі вайна ідзе на тэрыторыі нашых партнэраў, сябра СНД», — заявіў Лукашэнка.

Напрыканцы свайго выступу кіраўнік Беларусі прапанаваў «па-мужчынску» пагаварыць пра лёс СНД.

Саміт кіраўнікоў дзяржаваў СНД пачаўся сёньня ў Менску. У парадку дня паседжаньня — 17 праектаў дакумэнтаў.

Сумесная заява для прэсы заплянаваная на 15.20 паводле менскага часу.

На паседжаньні Вышэйшай эўразійскай эканамічнай рады плянуецца абмеркаваць ня толькі пашырэньне ЭАЭС, але і асацыяцыю Ўкраіны з ЭЗ. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка на саміт у Менск не прыехаў.

На паседжаньні міждзяржрады ЭўрАзЭС прэзыдэнты Расеі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану падпішуць дакумэнт пра ліквідацыю арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG