Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваахоўныя органы праводзяць скаардынаваную кампанію перасьледу журналістаў-фрылансэраў, — Бастунец


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Сэрыя адміністратыўных спраў супраць журналістаў-фрылансэраў сьведчыць пра ўзмацненьне ціску з боку ўладаў Беларусі на журналістаў, якія працуюць без акрэдытацыі.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

«Што тычыцца тэндэнцыі, яна тут відавочная. Калі спачатку ўсё пачыналася ў Гарадзенскай вобласьці, мы мелі тры судовыя справы, а цяпер мы бачым, як падобныя падзеі адбываюцца ў Магілёўскай і Берасьцейскай вобласьці, і сёньня ўжо ёсьць шэсьць судовых рашэньняў не на карысьць журналістаў — усе яны аштрафаваныя на вялікія сумы. Яшчэ дзьве справы будуць бліжэйшым часам разьбірацца ў судах. Таму тэндэнцыя відавочная, відавочная каардынацыя дзеяньняў праваахоўных органаў у розных абласьцях. Але з чым гэта сёньня зьвязана — сказаць цяжка. Ня думаю, што такіх спраў будуць сотні і тысячы, але і некалькі спраў — гэта ўжо вельмі непрыемна», — адзначае Бастунец.

Калі сказаць, што выклікала ўзмацненьне ціску, цяжка, то само стаўленьне да журналістаў-фрылансэраў з боку ўлады цалкам зразумелае, лічыць намесьнік старшыні БАЖ:

«Я думаю, што Беларусь усё ж такі дастаткова закрытая краіна, і дзеяньні, якія зьдзяйсьняе ўлада, накіраваныя на тое, каб спыніць распаўсюд нецэнзураванай інфармацыі. Таму ёсьць і само патрабаваньне акрэдытацыі нават ад беларускіх грамадзянаў, таму выносяцца і такія судовыя выракі».

Ва ўсіх апошніх выпадках журналістаў каралі паводле артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях («парушэньне заканадаўства аб СМІ»). Але, на думку Бастунца, гэты артыкул не прадугледжвае адказнасьці за працу без акрэдытацыі.

«Яго прымяненьне да журналістаў мне здаецца памылковым. Але, тым ня менш, другая частка гэтага артыкула прадугледжвае адказнасьць за парушэньне парадку вырабу і распаўсюду інфармацыі — і там да 50 базавых велічынь штраф. Пакуль журналісты штрафаваліся на 30–33 базавыя велічыні», — кажа ён.

Колькі сёньня ў Беларусі працуе журналістаў-фрылансэраў, дакладна падлічыць немагчыма, але гэта ў любым выпадку значная лічба, кажа прадстаўнік БАЖ.

«Я думаю, іх колькасьць параўнальная, або нават і большая, чым колькасьць журналістаў, якія працуюць у зарэгістраваных СМІ. Да фрылансэраў сёньня можна аднесьці і тых журналістаў, хто працуе на інтэрнэт-рэсурсах, якія сёньня не прызнаюцца ў Беларусі сродкамі масавай інфармацыі, і тых, хто для замежных сродкаў масавай інфармацыі рыхтуе матэрыялы, але не знаходзіцца ў штаце гэтых рэдакцыяў», — тлумачыць Бастунец.

Бастунец адзначыў, што БАЖ задзейнічае ўсе магчымыя прававыя мэханізмы, каб аказаць журналістам дапамогу.

«Што тычыцца саміх журналістаў, — самае галоўнае, журналіст мусіць усьведамляць, што ён не зьдзяйсьняе нейкага злачынства, ён рэалізоўвае свае канстытуцыйныя правы. Але, на жаль, сёньня гэта не дазваляе пазьбегнуць пакараньня», — канстатуе ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG