Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пранкер Vovan222: Лукашэнка звольніў Пяткевіч не з-за мяне


«Я сумняюся, што гэта зьвязана з маёй пэрсонай. Тэрміны даўнасьці прайшлі. Калі б ён (Аляксандар Лукашэнка. — Рэд.) лічыў яе вінаватай, ён бы звольніў яе адразу», — пранкер Vovan222, які ў сярэдзіне ліпеня пазваніў Аляксандру Лукашэнку, прадставіўшыся сынам Віктара Януковіча, адмаўляе сваю датычнасьць да звальненьня Натальлі Пяткевіч з пасады памочніцы беларускага прэзыдэнта.

Пра звальненьне Натальлі Пяткевіч стала вядома 1 кастрычніка. Звальненьне адбылося «па згодзе бакоў». Паводле некаторых вэрсіяў, Натальля Пяткевіч страціла пасаду з-за розыгрыша, які ўчыніў Vovan222.

Пранкер распавёў Радыё Свабода, што адбывалася зь ім пасьля размовы з Аляксандрам Лукашэнкам.

— Кажуць, што Натальлю Пяткевіч звольнілі з-за вас. Гэта праўда? Яна паспрыяла вашай размове з Аляксандрам Лукашэнкам?

— Гэта дурныя інсынуацыі. Званок быў месяцы чатыры таму, і тут чамусьці яе звальняюць. Я зьвязваўся шмат праз каго. Усе тыя людзі, зь якімі я камунікаваў у Адміністрацыі прэзыдэнта, ня ведалі, хто я, і думалі, што я той чалавек, якім я прадстаўляюся (сын Віктара Януковіча). Было б дзіўна, каб памочнік прэзыдэнта мне патурала ў гэтых рэчах, рызыкуючы сваёй кар’ерай. Гэта шалёнае меркаваньне. Ці была яна сярод гэтых людзей, я ня ведаю. Памочніца нейкая там была. Можа яна, а можа і не яна. Там нават ёсьць узор яе голасу, можаце паслухаць запіс.

— Якія наступствы для вас мела размова з Аляксандрам Лукашэнкам?

— Наступствы былі. Я знайшоў яшчэ аднаго прэзыдэнта (сьмяецца). Там размова не такая цікавая, але хутка даведаецеся.

— Спэцслужбы беларускія не спрабавалі даведацца ў вас нейкіх падрабязнасьцяў?

— Мне зь Беларусі ніхто не званіў, апроч беларускіх СМІ. Ані памочнікі прэзыдэнта, аніхто. Нават у сацыяльных сетках мне не пісалі. Я чуў, што Лукашэнка на адным з паседжаньняў заявіў, каб спэцслужбы ўзмацнілі бясьпеку, каб невядомыя не праслухоўвалі размовы. Думаю, яны азадачыліся тым, што размовы такога кшталту раптоўна зьяўляюцца на ўкраінскіх інтэрнэт-рэсурсах. Гісторыю з праслухоўваньнем яны ўспрынялі сур’ёзна.

— Вы ведаеце цяпер, хто праслухоўваў вашу размову?

— Не, для мяне гэта дагэтуль загадка. Можа, калі-небудзь стане вядома. Але думаю, што людзі, якія гэта зрабілі, ня надта хочуць прызнавацца. Можа, беларускія спэцслужбы і ведаюць, але мяне пра гэта не праінфармавалі.

— Былі вэрсіі, што ФСБ адмыслова вам падкінула нумар і што вы самі агент ФСБ...

— Так, было шмат вэрсіяў, што я маёр ФСБ і што такія званкі каштуюць мільён даляраў, але мне, на жаль, ані ФСБ, ані КДБ мільён даляраў не прысылалі. Падкінулі б хоць пад дзьверы сто тысяч — пазванілі і зьбеглі. Я быў бы ня супраць (сьмяецца). Раней я лічыў глупствам такія падазрэньні. А цяпер думаю — чаму не, хай людзі гавораць. Гэта арэол загадкавасьці — добрая рэч.

— У вас не было адчуваньня, што вас выкарысталі ў гэтай гісторыі?

— Мне адзінае, што не спадабалася, што запіс размовы выклалі ў сеціва. Людзі былі перакананыя, што гаворыць рэальны чалавек, сын Януковіча. Калі б людзі ведалі, што гэта ня сын Януковіча, то гэта было б пададзена іншым чынам. Карыстальнікі з Украіны ўжо праз 20 хвілін сталі пісаць, што гэта знакаміты пранкер Уладзімер. Было б дзіўна, калі б людзі, якія зладзілі такую правакацыю, ня ведалі, што мой голас пазнаюць. Думаю, гэтыя людзі самі падмануліся.

16 чэрвеня ў распараджэньні рэдакцыі LB.ua апынуўся аўдыёзапіс, на якім чалавек, голас якога падобны да голасу народнага дэпутата Віктара Януковіча-малодшага, гаворыць зь іншым, чый голас падобны да голасу прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У размове Аляксандар Лукашэнка пацьвярджае свой намер даць у Беларусі прытулак экс-прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу. Прэс-служба беларускага прэзыдэнта камэнтаваць аўдыёзапіс адмаўляецца.

Vovan222 — аматар тэлефонных розыгрышаў, або пранкер, вядомы ў Расеі і Ўкраіне. Яму 27 гадоў, жыве ў Маскве, юрыст, журналіст. Пранкерствам пачаў займацца яшчэ ў 2007 годзе. За гэты час разыграў дзясяткі знакамітасьцяў шоў-бізнэсу, спорту і палітыкі. Шырокую вядомасьць ён атрымаў пасьля розыгрышу старшыні ЦВК Расеі Ўладзімера Чурава. Пасьля выбараў у Дзярждуму, у сьнежні 2011 году, пранкер пад выглядам тады яшчэ памочніка прэзыдэнта РФ Аркадзя Дварковіча заявіў Чураву, што Дзьмітры Мядзьведзеў адпраўляе таго ў адстаўку ў сувязі з шматлікімі мітынгамі ў Маскве. У сьпісе людзей, якія трапілі на яго вуду, значацца палітыкі і зоркі Расеі, Украіны: Міхаіл Гарбачоў, Віталь Мутко, Леанід Краўчук, Мікалай Азараў, Алег Ляшко, Арцём Мілеўскі, Алег Блахін, Віталь Клічко. Аўдыёзапісы гэтых гутарак, выкладзеныя ў Інтэрнэт, нярэдка становяцца сэнсацыяй і падхопліваюцца СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG