Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін загнаў сябе ў кут


Прэзыдэнт Расеі стаў закладнікам уласнай ваяўнічай пазыцыі. Такую выснову робіць Лілія Шаўцова, навуковы супрацоўнік Маскоўскага цэнтру Карнэгі, у сваім артыкуле, апублікаваным у The Financial Times.

Тактычныя перамогі часта заканчваюцца стратэгічнымі паразамі. Гэта тое, што чакае Ўладзіміра Пуціна. Разьлікі расейскага прэзыдэнта першапачаткова аказаліся правільнымі: Захад праглынуў анэксію Крыму, а ўкраінцы не супраціўляліся, баючыся поўнамаштабнай вайны. Гэта паставіла Расію на шлях ваенна-патрыятычнай мабілізацыі, дазваляючы Пуціну пасягнуць на абсалютную ўладу без выкарыстаньня масавых рэпрэсіяў. Тым ня менш, паставіўшы Расею ў стан вайны, Пуцін запачаткаваў працэс, які ён ня можа спыніць і які робіць яго закладнікам гэтага самагубчага шляху дзяржавы.

Ён цяпер ня можа выйсьці з ваеннай парадыгмы, не рызыкуючы страціць ўладу. Цяпер ён заключае зьдзелкі і носіць шапку міратворца, але ён непазьбежна вернецца ў абложаную крэпасьць. Ён можа кіраваць нацыяй толькі такім чынам, які апраўдваецца вайной. Расейцы даволі хутка прыгадаюць свае эканамічныя праблемы.

Пуцін парушыў пагадненьне, дасягнутае пасьля заканчэньня халоднай вайны, якое дазваляла яму эканамічна супрацоўнічаць з Захадам у інтарэсах расейскай нафтавай дзяржавы, адгароджваючы пры гэтым расейскае грамадзтва ад заходняга ўплыву. Яго агрэсія стварыла сытуацыю, у якой Украіна цяпер заўжды будзе глядзець на захад.

Мірны плян, абвешчаны Пуцінам у верасьні, які адыграў важную ролю ў забесьпячэньні спыненьня агню, гэта спроба фармалізаваць новы статус-кво. Альтэрнатывай — Крэмль ясна дае гэта зразумець — зьяўляецца працяг кровапраліцьця. Гэты плян не прадбачвае адмовы ад акупаваных тэрыторый, і прапанова пагадненьня абапіраецца на злавесных пагрозах краіны, якая да гэтага часу валодае адным з найбуйнейшых ядзерных арсэналаў на сьвеце.

Захад не асьмельваецца назваць расейскае ўварваньне актам агрэсіі. Яны гавораць асьцярожна аб «палітычным рашэньні» ўкраінскага крызысу, даючы зразумець, што інтарэсы Крамля таксама павінны быць узятыя пад увагу. Саміт НАТО, які адбыўся ў Валіі ў гэтым месяцы, паказаў, што альянс не гатовы пайсьці значна далей за асуджэньне Расеі.

Абяцаньні вайсковай дапамогі для Украіны, якія для выгляду былі зробленыя некаторымі краінамі НАТО, не парушаць вайсковага балянсу — хоць абодва бакі зацікаўлены ў тым, каб сьцьвярджаць адваротнае. Заходнія санкцыі не прымусяць Пуціна адступіцца. Захад паказаў, што ён не гатовы ні ўзяць Украіну пад свой парасон бясьпекі, ні выканаць свае абавязаньні ў рамках міжнароднага права ў якасьці гаранта ўкраінскай тэрытарыяльнай цэласнасьці. Новая Расея (або «Наваросія») на тэрыторыі, кантраляванай прарасейскімі сэпаратыстамі, паволі становіцца рэальнасьцю. Падзел Украіны адбываецца пры маўклівай згодзе астатняга сьвету.

Ці азначае гэта, што спадар Пуцін перамагае? Наадварот: ён зноў пралічыўся. Ён думае, што ён можа рабіць тое, што іншыя кіраўнікі Расеі рабілі раней — падпарадкоўваць сваіх падданых, паставіўшы Расею ў стан пастаяннай канфрантацыі са зьнешнім сьветам. Але прапаганда, якую круцяць бясконца на расейскіх тэлеканалах, ня зможа загіпнатызаваць расейцаў надоўга. Расейскае грамадзтва зможа ўспрыняць толькі кароткую і пераможную вайну. Яно не падрыхтаванае да доўгага кровапраліцьця.

Няшмат людзей гатовыя памерці за рэжым Пуціна. Навіны, што сотні расейскіх салдат былі забітыя ў Украіне і іх целы таемна пахаваныя у Расеі, ужо пачалі падрываць патрыятычны настрой.

Неўзабаве падзеньне ўзроўню жыцьця пачне таксама раздражняць, і расіяне пачнуць пытацца, чаму ім раптам стала жыць нашмат горш. Ужо 37% расейцаў лічаць, што інтарэсы асобы павінны стаяць вышэй за інтарэсы дзяржавы. Спадар Пуцін — ня новы Сталін. Ён ня здолее мабілізаваць Расею на Вялікую Айчынную Вайну.

Іронія заключаецца ў тым, што Наваросія хутка стане праблемай якраз для расейскага прэзыдэнта. Крамлю прыйдзецца змагацца з ўзброенымі да зубоў сэпаратыстамі, пакрыўджанымі за яго няздольнасьць забясьпечыць фінансавую падтрыымку з Масквы^; да таго, як пратэст пачне ўзьнімацца ў самой Расеі.

Маскве давядзецца трымаць сваіх герояў на адлегласьці. Тыя, хто цяпер мужна змагаецца за «рускі сьвет», вельмі хутка могуць стаць пагрозай Пуціну, калі іх упусьціць назад у Расею. Ім будуць рады на радзіме, але толькі тады, калі яны вернуцца ў дамавінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG