Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму мы ня любім Амэрыку


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Я не за сябе асабіста кажу цяпер, а толькі за насельніцтва наша. Ня любіць Амэрыку і баста! Ва ўсім вінаватая яна, «Мікі-Маўс ды Санта-Кляўс», як у песьні вядомай.

Напрыклад, што вайна на Данбасе сёньня – чыя віна? Амэрыкі! – кажа мне адзін чалавек. Пачакайце, што за глупства! Абама нават зброі ня даў Парашэнку, якому няма чым ваяваць! Пры чым тут ЗША? Задумаўся жыхар Горадні, якому Штаты ўпоперак горла. Патлумачыць ён быў не гатовы. А яны, амэрыканцы, булачкі раздавалі на Майдане, і з гэтага ўсё пачалося! Якія булачкі? Амэрыканскія, з «Макдональдса» іхнага!

Гляджу яму ў вочы: звычайны мужчынка, гадоў шэсьцьдзесят. Нічым з натоўпу не вылучаецца. Твар – як сьцёртая манэта. Чалавек вуліцы, масы. І разважае як яна, скажам шчыра, прымітыўна, зь нейкай душэўнай хібнасьцю. Булачкі, Амэрыка... Бязглузьдзіца! Тлумная зацятасьць гледача тэлеканалаў БТ і РТР… Толькі адзін чалавек мяне парадаваў нечакана: Амэрыка беларусам, кажа, ніколі нічога дрэннага не зрабіла. Не ваявала, не акупіравала, у Гулаг не ссылала і не расстрэльвала. Чаго ня скажаш аб Расеі… Бесстароньняе ўзважанае меркаваньне. Вялікая рэдкасьць у нас. Я нават яму падзякаваў.

Ня могуць яны растлумачыць – чаму беларусам трэба не любіць амэрыканцаў. Як мазгі не напружваюць. Але ня любяць. Ня любяць нелюбоўю жыхара Сызрані альбо Тамбова. Бо, уласна, кажучы, і Беларусь яны ня любяць у душы як тую далёкую Амэрыку. І вельмі іх падтрымала хваля закрыцьця «Макдональдсаў» ад Масквы да Сібіры. Так ім, «амерыкосам», далі перцу! Сатысфакцыя то якая жыхару Горадні, насельніцтву ўсяму! Радасьцяў у жыцьці мала, а тут на заморскія забягалаўкі замкі амбарныя навешаюць. Малаток Пуцін!

Гарадзенскае начальства ў водблісках вайны на ўсходзе з рэстаранамі хуткага харчаваньня апынулася ў няпростым становішчы. «Макдональдс» у Горадні адкрываюць дваццацаць гадоў і ніяк не адкрыюць. У свой час пашкадавалі для яго ідэальнае месца – рэстаран «Беласток» у Старым горадзе, які збанкрутаваў. Потым перадумалі, схапіліся прадаваць: няма ахвотных. Камусьці збылі пазьней, хто зруйнаваў трывалы будынак царскага часу, пакінуўшы толькі вулічную сьцяну. І муляж рэстарана цяпер таксама ніхто ня хоча браць.

Але «Макдональдс» зноў пачалі запрашаць у горад. І месца нават прапанавалі. Аднак інвэстары вырашылі, што акупіць грошы хутка не атрымаецца, а мова ўсё ж пра тры з паловай мільёны даляраў. Яны знайшлі ў горадзе больш прыдатныя для сябе пляцоўкі, але тут ужо начальства не згадзілася. Словам, размаўляць у выніку пакуль няма аб чым. Але тут раптам узбударажылася «грамадзкая думка». Мова, зразумела, пра спрэчку ў інтэрнэце. І што паказальна: публіка маладзейшая, больш прасунутая, але гэтак жа трымае ў душы рэўнасьць да амэрыканцаў і нелюбоў да іхных біг-макаў. Словам, «ідэалам бацькоў» захоўваюць вернасьць.

Ня хочуць яны ў Горадні «Макдональдса» нагвалт! А чаму? «Чтобы наши стройные и изящные девушки не стали со временем похожими на толстожопых американок». Гэтае выказваньне выклікае хвалю «патрыятызму»! «Во всем мире от этого дерьма избавляются, а у нас строить собираются…» – радуецца ўласнай сьмеласьці наступны. Але хор «славянскіх патрыётаў» асьцюджае спакойны рэаліст: «Лучше меньше жрать, тогда и жопы будут в порядке, а макдональдс тут ни причем».

Крыкуны яшчэ працягваюць размахваць рукамі, але размова ўваходзіць сяк-так у сэнсоўнае рэчышча. Так, дзяўчаты ў Горадні – як мае быць, але перакормленых кабет таксама шмат. І, заўважце: пры гэтым «Макдональдс» не вінаваты, яго ў горадзе няма. А насельніцтва ўсё роўна часта харчуецца фастфудам, не амэрыканскім, вядома. Другое: «Макдональдс» дае добрыя прыклады, што датычыць стандартаў якасьці прадуктаў і абслугоўваньня. Гэта карысна і ў сэнсе канкурэнцыі. Адкрыцьцё такога рэстарану будзе азначаць новыя працоўныя месцы, дадатковыя падаткі ў бюджэт. Хіба дрэнна? Падумайце: і ён ўвогуле будзе «кузьняй кадраў», паколькі часта моладзь падпрацоўвае, студэнты, яны атрымліваюць добры працоўны досьвед. Ня будзьце цемрашаламі! – так і кажа крыкунам гэты чалавек.

А нехта іранічна падсумоўвае: калі меркаваць па камэнтах, большая частка насельніцтва вядзе здаровы лад жыцьця, ня п’е і ня курыць, па забягалаўках ня ходзіць і любіць спорт. Калі не падабаецца, баіцеся растлусьцець, то не хадзіце ў «Макдональдс»! (Але ж пабяжыце першымі, бо так заўсёды бывае.)

Наша нелюбоў на словах да рэстаранаў хуткага харчаваньня – водгульле цьмянай нелюбові да Амэрыкі, ня больш. Як прыемна ворага свайго выдумляць за акіянам, не зважаючы на сябе і навакольле! Але ня ўсе ня любяць біг-макі і краіну іх паходжаньня. Ведаю гарадзенца, які яшчэ студэнтам езьдзіў у Штаты і ў летні час працаваць менавіта ў «Макдональдсе» ды зарабіў сабе на першую машыну. А суседзі мае зьехалі ў Штаты пасьля выбараў 2001 году і не жадаюць больш айчыннай чаркі і скваркі.

Днямі я стаў сьведкам, што яўна ня ўсё амэрыканскае ў нас ня любяць. На плошчы сшыхавалася чарга па рэклямна-бясплатную кока-колу. Ахвотных не засмучала, што ў крамах ёсьць квас і што Пуцін ня любіць Абаму.

Зрэшты, Рышард Капусьцінскі пасьля апошняй сваёй паездкі ў ЗША, напрыклад, прызнаваўся, што яго прыгнятае: ежа робіцца штучнай, а ядуць амэрыканцы пастаянна шмат. І – «грамадзкія клясы пазнаюцца па памерах жывата, па фігуры. Хударлявыя – гэта арыстакратыя, брухатыя – ніжэйшыя слаі, плебс». І, зразумела, чым больш насельніцтва ў краіне – тым заўважней адбываецца «глябалізацыя смаку ці хутчэй – яго зьнікненьне». У саміх Штатах той «Макдональдс» апярэдзілі новыя гастранамічныя сеткі, усе яны чалавека разглядаюць як «ананімны страўнік».

Ну, але гэта Амэрыка. У нас меншае насельніцтва і меншая патрэбы ў ежы. Але калі там у такім горадзе як Горадня можа быць сотні рэстаранаў і кавярняў, то ў нас іх па-ранейшаму не хапае, па-ранейшаму дрэнна з выбарам. У нас імкнуцца менш пакласьці ў талерку і больш узяць. Вось для чаго патрэбны новыя ядальні, няхай таксама і “Макдональдс”… А пакуль намі кіруе гэткі снабізм плебсу: зганіць амэрыканскі рэстаран, ня маючы толкам сваіх.

Гарадзенцы стаяць па бясплатную кока-колу
Гарадзенцы стаяць па бясплатную кока-колу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG