Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганс-Георг Вік: Калісьці гэтая сыстэма рухне


Ганс-Георг Вік. Фота Лоры Зайцавай
Ганс-Георг Вік. Фота Лоры Зайцавай

Былы кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, колішні кіраўнік выведкі ФРГ 86-гадовы Ганс-Георг Вік пачынае нашую размову у ягоных бэрлінскіх апартамэнтах з канстатацыі: «І беларускі, і расейскі аўтарытарныя рэжымы прыгнятаюць людзей, і трымаюцца яны дзякуючы рэсурсам, расейскі — уласным прыродным рэсурсам, беларускі — дзякуючы расейскім. І гэтым рэжымам наканаваны крах, мы толькі ня ведаем дакладнай даты».

Я прашу Ганса-Георга Віка, сьведку краху розных таталітарных рэжымаў, ацаніць трываласьць беларускага аўтарытарнага рэжыму і пытаюся: у выпадку, калі адбудзецца ягоны крах, ці гэта будзе ў большай ступені абумоўлена ўнутранымі ці зьнешнімі працэсамі?

Ганс-Георг Вік: Звонку гэтыя працэсы могуць адбывацца толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе не інтэрвэнцыя, не ўмяшаньне, а калі гэта будуць добрыя пазытыўныя прыклады для грамадзтва, такія, як прыклады пасьпяховага эканамічнага разьвіцьця, трансфармацыі тэхналягічных працэсаў, разьвіцьця свабоднага грамадзтва, незалежных судоў. На сёньня жыцьцяздольнасьць беларускага рэжыму падтрымліваецца з Масквы, і дзякуючы гэтаму ён атрымлівае магчымасьць ціску на грамадзтва. Калі б сёньня расейскае грамадзтва было свабодным і не падтрымлівала Беларусь праз газ і нафту, то беларускі аўтарытарны рэжым не існаваў бы.

Для беларускага рэжыму сёньня існуе вялікая небясьпека

Для беларускага рэжыму сёньня існуе вялікая небясьпека, бо ў Расеі пачынаюць выкарыстоўваць нацыяналістычныя тэндэнцыі. Размова ідзе пра розныя формы абароны і падтрымкі этнічных расейцаў за мяжой. І на гэтую тэндэнцыю беларускім ўладам неяк трэба рэагаваць. Палітыка абароны этнічных расейцаў, нацыянальных меншасьцяў як у постсавецкіх краінах, так і ў іншых краінах, якія не былі часткай СССР, але маюць этнічных расейцаў — на гэтую небясьпеку неабходна рэагаваць. Напрыклад НАТО зрабіла ўжо першыя крокі, заснаваныя на 5 параграфе гэтай арганізацыі, які прадугледжвае ўзаемную абарону краінаў-удзельніц альянсу, і прыняла рашэньне аб пашырэньні кантынгенту сваіх войскаў у краінах Балтыі. Пуцін кажа пра намер стварыць новую дзяржаву Наваросія на тэрыторыі цяперашняй дзяржавы Ўкраіны. Гэта немагчыма.

Калісьці гэтая сыстэма рухне. Сёньня ў выніку расейска-ўкраінскага крызісу мы бачым імпэрскія тэндэнцыі Расеі. Расея афіцыйна кажа, што абараняе сваіх грамадзянаў, але гэта толькі падстава. Насамрэч гэта імпэрская тэндэнцыя. Новая тэндэнцыя, і мы, дэмакратычныя краіны, павінны адказаць на яе. Праўда, у дэмакратычных краінах гэта крыху доўга адбываецца. Але як і ў часы халоднай вайны мы заўсёды пакідаем дзьверы для перамоваў дзеля міру.

Ганна Соўсь: Апошнім часам эўрапейскія палітыкі ўжо не называюць Аляксандра Лукашэнку апошнім дыктатарам у Эўропе, паколькі Менcк стаў пляцоўкай для расейска-ўкраінскіх мірных перамоваў. У Беларусь прыяжджаюць высокапастаўленыя прадстаўнікі ЭЗ, ЗША... Наколькі, на вашую думку, вялікая верагоднасьць легітымізацыі Захадам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пасьля выбараў 2015 году, калі Менск захавае гэты перамоўны статус?

Ганс-Георг Вік: Стратэгічныя інтарэсы і стратэгічная сытуацыя на сёньня прыводзяць да таго, што неабходнае супрацоўніцтва нават на такім узроўні з Лукашэнкам. Але гэта ні ў якай ступені, ні ў якім разе не азначае, што наш аналіз унутранай сытуацыі ў Беларусі, наша пазыцыя ў дачыненьні да ўнутраных працэсаў у Беларусі зьмяніліся. Не зьмянілася. Як не зьмянілася і грамадзкая думка.

Калі Пуцін у размове з Парашэнкам выкарыстоўвае такія словы, то найперш узьнікаюць вялікія сумневы ў разумовым стане палітычных сілаў у Расеі

Для тых заходніх палітыкаў, якія выйгралі выбары свабодна і сумленна, практычна немагчыма прызнаць аўтарытарную сыстэму Лукашэнкі, немагчыма прызнаць чалавека, які несумленна выйграе выбары ў несвабодных умовах. Калі Пуцін кажа спачатку пра незалежны выбар Крыму, а праз 10 дзён прызнаецца, што там былі расейскія салдаты, то такі чалавек не зьяўляецца ў палітычнай сфэры надзейным партнэрам, такому чалавеку нельга верыць. Калі б такі чалавек быў у дэмакратычным грамадзтве, ён бы ня змог доўга існаваць як палітык. У крызісныя часы, на жаль, немагчыма выбіраць партнэраў, але прынамсі можна выбіраць тых людзей, зь якімі неабходна весьці размову. Маральныя ацэнкі вельмі тут цяжка рабіць.

Ганна Соўсь: Як паведамляецца, Уладзімір Пуцін у размове зь Пятром Парашэнкам сказаў, што за 2 гадзіны можа ўзяць Кіеў і яшчэ пяць эўрапейскіх сталіц. Каму была адрасаваная гэтая пагроза? У СМІ часта выкарыстоўваецца выраз Трэцяя сусьветная вайна. Наколькі гэтая пагроза рэальная, калі абапірацца на ваш вопыт працы ў выведцы ў часы халоднай вайны?

Ганс-Георг Вік: Калі Пуцін у размове з Парашэнкам выкарыстоўвае такія словы, то найперш узьнікаюць вялікія сумневы ў разумовым стане палітычных сілаў у Расеі. Вера, давер да аўтарытарнай сыстэмы Лукашэнкі вельмі нізкія, давер да аўтарытарнай сыстэмы Пуціна такі ж нізкі. І таму рэакцыі на такія словы, на такія дзеяньні Пуціна — гэта санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Расеі. У такіх умовах НАТО становіцца больш уплывовай арганізацыяй... І няма ніякіх ілюзій наконт палітыкі Расеі. Мы далей працягваем працаваць над прэвэнтыўнымі захадамі дзеля ўрэгуляваньня канфлікту, і гэтыя захады ўключаюць усе магчымыя сродкі.

Ганна Соўсь: Каля 15 гадоў таму, напярэдадні другіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі вы давалі парады беларускім дэмакратычным сілам і, як самі казалі, пасадзілі іх за стол перамоваў... Цяпер напярэдадні выбараў 2015 году, якую параду беларускім дэмакратычным сілам вы б далі?

Ганс-Георг Вік: Як і мінулы раз, я прапанаваў бы выбар адзінага кандыдата для прэзыдэнцкіх выбараў. Але гэта ня значыць, што гэтага кандыдата проста трэба высунуць. Гэты кандыдат усё ж павінен ад усіх дэмакратычных сілаў атрымаць падтрымку, як маральную, так і падтрымку дзеяньнямі. У гэтым пляне апазыцыя ў 2001 годзе не дамовілася, яны высунулі кандыдата, але не была створаная каманда з усіх дэмсілаў, якая магла б падтрымаць гэтага кандыдата. І толькі тады, калі і першы кампанэнт (вылучэньне), і другі кампанэнт (падтрымка), будуць разам, то тады ён стане палітычнай сілай, і гэта будзе важным знакам для грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

***

Ганс-Георг Вік нарадзіўся 28 сакавіка 1928 году ў Гамбургу. 1947–1952 — навучаньне ў Гамбурскім унівэрсытэце: гісторыя, філязофія, публічнае права. Атрымаў доктарскую ступень (Phd) у 1953 г. Дысэртацыю пісаў на тэму «Стварэньне Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу і аднаўленьне партыі Цэнтру ў 1945–1947 гг.». 1954–1993: на дыпляматычнай службе. 1966–1974: Фэдэральнае міністэрства абароны (у 1970–1974 гг. — начальнік штабу плянаваньня). 1974–1977: амбасадар Нямеччыны ў Іране. 1977–1980: амбасадар Нямеччыны ў СССР. 1980–1985: сталы прадстаўнік Фэдэратыўнай Рэспублікі ў Паўночнаатлянтычнай Радзе (НАТО) у Брусэлі. 1985–1990: кіраўнік нямецкай выведкі (BND). 1990–1993: амбасадар аб’яднанай Нямеччыны ў Нью-Дэлі (Індыя). 1993–1995: дарадца прэзыдэнта Грузіі Шэварднадзэ. 1997–2001: кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. З 2004 году — кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі». З 2004 года Ханс-Георг Вік зьяўляецца старшынём Кансультацыйнага савета па выведцы (GKND).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG