Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін зьяўляецца найбуйнейшым радыкалам Расеі,— ізраільскі экспэрт


Уладзімер Пуцін
Уладзімер Пуцін

Найбуйнейшымі радыкаламі ў Расеі сталі не маргіналы-ультрапатрыёты, а прэзыдэнт Уладзімер Пуцін.

Пра гэта заявілі ўдзельнікі міжнароднай дыскусіі пра радыкальныя рухі ў Расеі і Ўкраіне, якую ў Варшаве арганізаваў Фонд Стэфана Баторыя.

Багуміла Бердыхоўска, польскі экспэрт па пытаньнях Украіны, паказвае на характэрную асаблівасьць сучаснай расейскай прапаганды. Паводле яе словаў, цяпер расейскія СМІ дэманізуюць не асобныя палітычныя сілы, а ўкраінцаў у цэлым.

«Калі хто сочыць за расейскімі сродкамі масавай інфармацыі, то можа зрабіць выснову, што ва Ўкраіне абсалютна ўсё зьяўляецца нацыяналістычным і шавіністычным. Расейская ўкраінафобская, я б нават сказала, украінажорная кампанія выйшла за межы здаровага сэнсу», — сьцьвярджае Багуміла Бердыхоўска.

Экспэрт адзначае, што ў сьвятле расейскай прапаганды кожнага ўкраінскага палітыка сёньня можна назваць нацыяналістам, шавіністам і нават нацыстам. Між тым, адзначае Бердыхоўска, вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне паказалі, што вельмі няшмат ўкраінскіх выбаршчыкаў падтрымліваюць праварадыкальныя сілы. Разам з тым польскі экспэрт зьвяртае ўвагу на іншую прыкметную тэндэнцыю ў Расеі. Расейскія сродкі масавай інфармацыі ўсё часьцей даюць слова прадстаўнікам ультраправых сілаў.

«На маю думку, на дадзены момант яны зьяўляюцца так бы мовіць нацыяналістамі, якім даручылі выконваць гэтыя ролі. Улічваючы палітычную стратэгію Расейскай Фэдэрацыі, Уладзімер Пуцін вырашыў, што іх можна паказваць, даваць ім магчымасьць казаць у мікрафон», — заўважае Багуміла Бердыхоўска.

«Сёньня цяжка рабіць нешта больш радыкальнае чым тое, што робіць Пуцін»

Багуміла Бердыхоўска пытаецца, наколькі працэс радыкалізацыі расейскага грамадзтва можа заставацца пад кантролем Крамля. На гэтае пытаньне адказвае палітоляг з Ізраіля Вячаслаў Ліхачоў. Паводле яго словаў, расейскія радыкалы апынуліся ў вельмі нявыгадным становішчы, ім складана канкурыраваць з крамлёўскай уладай. Маўляў, сёньня цяжка рабіць нешта больш радыкальнае чым тое, што робіць Пуцін. Паводле словаў экспэрта, людзі, якія сёньня прадстаўляюць расейскі афіцыйны пункт гледжаньня на дзяржаўным тэлебачаньні, прапагандуюць імпэрскі рэваншызм.

«Калі сур’ёзна паставіцца да таго, што такі чалавек як Аляксандр Дугін зьяўляецца ідэолягам імпэрскага скачка на Захад, то тады можна канстатаваць, што Расея не зьбіраецца спыняцца ажно да Атлянтычнага акіяна», — сказаў палітоляг.

Гаворачы пра крайніх правых ва Ўкраіне, Ліхачоў зьвяртае ўвагу, што ў параўнаньні зь іншымі посткамуністычнымі дзяржавамі яны заўсёды заставаліся фенамэнальна маргінальнымі. Экспэрт з Ізраіля разьвенчвае міты расейскай прапаганды пра ксэнафобію ўдзельнікаў пратэстных акцыяў на Майдане. Ён нагадвае:

«Сярод загінулых на Майдане былі трое габрэяў — сярод загінулых ад куляў снайпэраў 20 лютага. Першыя загінулыя, якія былі на вуліцы Грушэўскага, — гэта былі этнічны армянін і этнічны беларус, грамадзянін Беларусі, гэта значыць мы бачым, што зусім не этнанацыяналістычны характар меў Майдан».

Вячаслаў Ліхачоў прагназуе, што пад уплывам расейскай агрэсіі падтрымка ўкраінскіх палітыкаў радыкальных поглядаў крыху ўзрасьце. Аднак, на думку экспэрта, гэта не азначае, што ўльтраправыя сілы будуць мець істотны ўплыў на ўкраінскае палітычнае жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG