Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камароўка: Колькі каштуе вядзерца грыбоў (ВІДЭА)


У лясах Беларусі распачаўся грыбны сэзон
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:19 0:00

У лясах Беларусі распачаўся грыбны сэзон

У лясах Беларусі распачаўся грыбны сэзон. Грыбнікі выстаўляюць ураджай на продаж уздоўж дарог, вязуць на гарадзкія рынкі. У пераважнай бальшыні — гэта пэнсіянэры, якія так зарабляюць сабе на жыцьцё.

Грыбы ў кошыках, вядзерцах і проста ў мяхах выстаўленыя на асфальтавых ходніках яшчэ на падыходах да Камароўкі. Прадаўцы — пераважна жанчыны пэнсійнага веку, якія даехалі да Менску з розных куткоў Беларусі. Размаўляю зь людзьмі:

— Адкуль грыбы вашы?

— З Даманава.

— Вельмі ж далёка. Чаму аж сюды?

— А дзе ж мы там будзем прадаваць? Няма дзе!

— Шмат грыбоў у вас там на Берасьцейшчыне?

— Шмат: белыя, зялёнкі, лісічкі, апенькі.

— Ці шмат грыбоў бяруць, усе разьбіраюць?

— Усе разьбіраюць.

— А ці пытаюцца пакупнікі, адкуль грыбы, ці няма ў іх радыяцыі?

— Так, пытаюцца. Мы тады кажам, што нашы грыбы чыстыя, бо не зьбіраем на палігоне. А на палігоне — так, грыбы з радыяцыяй.

— Для вас гэта што — прыемнасьць ці праца і дадатак да пэнсіі?

— Дадатак да пэнсіі. На пэнсію не пражывеш.

Далучаецца да размовы іншая прадавачка:

— А мае грыбы з-пад Слуцку: падбярозавікі, баравікі, бабкі, масьлякі.

— А для вас гэта што?

— Ведаеце, я сама люблю ў лес па грыбы хадзіць: прырода, паветра — атрымліваеш асалоду. І грыб той знойдзеш, то радуесься яму. Але і да пэнсіі таксама дадатак, канечне, пра што вы кажаце. Мы і дзецям нават дапамагаем.

— І па колькі вы іх прадаяце?

— Па-рознаму — як атрымаецца. Дамаўляемся, саступаем, калі трэба. Цяпер кошты не падвышаюцца, бо грыбы адыходзяць — восеньскія ўжо зьяўляюцца.

— Найніжэйшы кошт — 40–50 тысяч рублёў?

— Не, вось гэтае маленькае вядзерца баравікоў — 70 тысяч. А масьлякі — хачу па 20, але як атрымаецца.

Пяцілітровае вядро грыбоў каштуе ад 20 да 120 тысяч — у залежнасьці ад гатунку, зьнешняга выгляду грыбоў і нават самой гаспадыні-прадавачкі. Сабраць і здолець прадаць грыбы — цяжкая праца, кажа спадарыня, якая назвалася Надзеяй Пятроўнай:

— Ці не баяцца набываць грыбы з-за таго, што яны могуць быць атрутныя ці з радыяцыяй?

Надзея Пятроўна адказвае:

— Не, не баяцца, але глядзяць на чалавека, які прадае — ці акуратны. Я прадавала ягады, і ў мяне жанчына перапытвае, ці я сама зьбірала. Сама, кажу, але чаму пытаеце? А яна адказвае — я заўсёды на рукі гляджу, якія ў чалавека. Ну вось, можа, глядзіць, ці ня з ранамі ці плямамі якімі, а можа, і так грэбуе. Тое ж і з грыбамі: глядзяць, каб вядзерцы былі чыстыя, каб пакецікі былі новыя. Вось у мяне, бачыце — карэньчыкі чыстыя, падрэзаныя, каб відаць было, што ножка чыстая і грыб увесь не чарвівы. Вось яны ў мяне ў вядзерцы як завязаныя, паўкладаныя акуратненька.

— Словам, працы шмат, каб сабраць грыбы ды прадаць.

— Так, канечне, Рана ўстаём — муж а пятай раніцы на веласіпедзе выяжджае ў лес, каб сабраць, там таксама трэба праехаць. Цяжкая праца, вядома.

На прылаўках Камароўскага рынку таксама вялікі выбар грыбоў розных гатункаў. Прадавачкі маладзейшага веку ганарацца сваім таварам, ахвотна яго паказваюць, але гаварыць на запіс адмаўляюцца. Больш ахвотна пра сябе і грыбы размаўляюць пакупнікі:

Пакупніца: «Я сама іх па магчымасьці зьбіраю, а раблю зь іх усё што заўгодна. Да прыкладу, у мяне два дарослыя сыны, і яны вельмі любяць блінчыкі з грыбамі. Вось я адварваю, закручваю, і ўсе вельмі задаволеныя — лепшай ежы няма. І гэта пераход ад гародніны да мяса — бліжэй да мяса нават. Таму гэта і рэсурсы мае эканоміць. Але, я гляджу, тут дарагія вельмі грыбы. Невялікае вядзерца баравікоў — 129 тысяч. Я лічу, што гэта вельмі дорага».

Іншая пакупніца: «Я яшчэ не купіла — толькі прыцэньваюся. Мне сухія грыбы патрэбныя — я высушваю, і пасьля супчык — пальчыкі абліжаш».

— А ці не баіцеся за сваю бясьпеку, што грыбы могуць быць атрутныя ці з радыяцыяй?

— Не, не баюся. Я грыбы ведаю. А радыяцыі мы ўжо гэтулькі атрымалі, што адзін-два грыбы ня маюць ужо ніякага значэньня, ужо ня страшна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG