Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку новая кніга Бяляцкага не спадабаецца


Алесь Бяляцкі ў Магілёве
Алесь Бяляцкі ў Магілёве

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі прэзэнтаваў у Магілёве сваё «Іртутнае срэбра жыцьця». Свае нататкі старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» пісаў будучы зьняволеным. Лістамі іх дасылаў на волю.

Сустрэцца з Алесем Бяляцкім у «Тэхнапарк Магілёў» прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек — мясцовыя праваабаронцы, актывісты грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, журналісты. Кожны атрымаў кнігу, а ахвочыя — аўтограф аўтара.

Пра тое, што для яго гэтая кніга, як яна пісалася, і для каго яна найперш — Алесь Бяляцкі апавёў Свабодзе.

«Гэта кніга частка майго жыцьця»

«У ёй апісваюцца падзеі да і пасьля выбараў 2010 году. Я спрабаваў ня столькі апісваць у ёй свае паводзіны, колькі занатоўваць атмасфэру, якая была ў тыя часы. Гэтая кніжка пісалася ў турме і яна частка майго турэмнага жыцьця. Пішучы пра жыцьцё на волі ў кніжцы ўсё адно ёсьць адбітак месца, дзе яна пісалася».

«Гэта кніга для людзей, якія мяне разумеюць»

«Улічваючы тое, што кантакты ў турме са мной былі абмежаваныя, дык напісаньне кнігі было спробай размовы з тымі людзьмі, якія мяне разумеюць. Кніга разьлічаная на тых людзей, якія мяне разумеюць».

«Для Лукашэнкі кніга ня будзе цікавай»

«Аляксандру Лукашэнку не было б цікава чытаць гэтую кнігу. Ён сам прызнаўся, што мастацкая літаратура — не ягоны канёк. Ён неяк казаў, што яго цікавіць троху больш гістарычная літаратура. Нашы погляды, псыхалёгія, культурныя асновы — абсалютна не супадаюць. Таму я ня думаю, што гэтая кніга магла б выклікаць у яго нейкую цікавасьць».

«Галоўнае, што мне ў турме не перашкаджалі пісаць гэтую кнігу»

«Яна пісалася ў форме лістоў. Калі чалавек там піша ліст, то, зразумела, былі спробы зазірнуць яму праз плячо, падгледзець, што і як. Лісты я пісаў і іх не хаваў. Іх не перадаваў недазволеным чынам. Яны праходзілі праз цэнзуру. Былі некаторыя зь іх на волі перакладзеныя на ангельскую, на францускую, на расейскую мовы. Мелі пэўны рэзананс. У мяне ў турме выпытвалі апэратыўныя работнікі: «А што ты там за блог вядзеш». Я ім адказваў: «Які блог? Я ж тут ня маю доступу да інтэрнэту».

«Пра плошчу 2010 году»

«Ніхто не чакаў, што прыйдзе столькі людзей. А калі прыйшло столькі людзей, то зь імі трэба было нешта рабіць. На самой Кастрычніцкай плошчы гучала вясёлая музыка з афіцыйных „званкоў“, якая заглушала вядоўцаў і нічога нельга было пачуць. Тады было зразумела, што трэба было весьці некуды людзей, не стаяць на месцы ў тую халаднечу. Але і зразумела было, што не было і таго добрага месца, куды б можна было пайсьці. Тупіковая была сытуацыя. Усё, што ня зробіш — усё кепска. У тым, што адбылося, я б сказаў, было наканаваньне. Адбылося ўсё гэтак, як адбылося. І можа быць гэта быў ня горшы варыянт пайсьці на плошчу Незалежнасьці. Прынамсі сам праход быў эфэктным. А тое, як усё адбылося, дык неяк засьцерагчыся, відаць, было проста немагчыма».

Разам з Алесем Бяляцкім прыехала рэдактарка ды ўкладальніца кнігі Алена Лапцёнак. Яна разам з аўтарам «Іртутнага срэбра жыцьця» апавядала, як пісалася кніга:

«Мне дарагі сам факт перапіскі з Алесем і майго ўдзелу. Мне дужа складана перапісвацца з тымі палітвязьнямі, якіх я ня ведаю асабіста. А з Алесем я шмат гадоў знаёмая. Дзесяць год мы зь ім прапрацавалі разам у музэі Максіма Багдановіча. І ў лістах адчувалася шчырасьць, высокая ступень даверу між намі. У некаторых лістах ён супакойваў, што ўсё будзе добра. Чакайце, і ўсё наладзіцца...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG