Расея раскрытыкавала правядзеньне рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі, заявіўшы, што ён «не адпавядае міжнародным стандартам».
РІА Навіны паведамляе, што кіраўнік групы расейскіх назіральнікаў у Эдынбургу, дырэктар грамадзкага Маскоўскага інстытуту выбарчага права Ігар Барысаў заявіў аб сур’ёзных працэдурных недахопах — у прыватнасьці, падчас падліку галасоў.
На думку заходніх аналітыкаў, Расея, відавочна, хацела перамогі шатляндзкіх сэпаратыстаў, каб апраўдаць анэксію Крыму ў сакавіку — пасьля сьпешна арганізаванага «рэфэрэндуму», вынікі якога на Захадзе не прызналі законнымі.
ЗША, са свайго боку, выказалі задавальненьне вынікамі рэфэрэндуму ў Шатляндыі. Прэзыдэнт Барак Абама адзначыў дэмакратычны характар гэтага плебісцыту.