Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 20 верасьня: Багач у Вязынцы, Дзень мытніка, большы падатак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

У Менску пройдзе пасяджэньне прэзыдыюму ўраду, дзе плянуюць прыняць канчатковае рашэньне пра павелічэньне падатку на даданую вартасьць.

У Кансэрватыўным цэнтры Nomos (Менск, вул. Шчорса, 9, офіс 601) дыскусыя на тэму падзеяў верасьня 39-га «Узьяднаньне ці акупацыя» (пачатак у 18:30).

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і філія Купалаўскага музэю запрашаюць у Вязынку на традыцыйнае сьвята Багач, якім адзначалася заканчэньне збору ўраджаю (пачатак а 12-й). Можна будзе паслухаць дажынкавыя песьні, патанцаваць, пакаштаваць народныя стравы.

Мэмарыяльны музэй-майстроўня Заіра Азгура запрашае дзяцей на ворк-шоп «Робім паштоўку» (Менск, вул. З.Азгура, 8, пачатак а 14-й).

20 верасьня адзначаецца Дзень мытніка Беларусі.

Гэты дзень у гісторыі

1939 — пры ўключэньні тэрыторыі Заходняй Беларусі ў склад БССР пачаўся бой за Горадню.

1944 — Беластоцкая вобласьць пераўтвораная ў Гарадзенскую, Вілейская ў Маладзечанскую, утвораныя Бабруйская і Полацкая вобласьці (існавалі да 1954 г.).

1945 — адкрылася першая экспазыцыя Літаратурнага музэю Янкі Купалы.

1950 — У Нью-Ёрку пачала выходзіць газэта «Беларус».

1990 — пастановай ураду зацьверджаная праграма разьвіцьця беларускай мовы і іншых нацыянальных моваў у Беларускай ССР.

2001 — у Курапатах улады пачалі рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі, у адказ на якую моладзевыя актывісты заснавалі намётавы лягер у абарону народнага мэмарыялу. Вахта доўжылася 28 сутак і скончылася перамогай.

У гэты дзень нарадзіліся

1752 — Геранім Страйноўскі, асьветнік, правазнаўца, рэлігійны дзяяч.

1903 (па некаторых зьвестках — 1902) — Натальля Арсеньнева, беларуская паэтка.

1943 — Ніна Мацяш, беларуская паэтка, перакладчыца.

Памру – забудуць хутка. Не змагла
Тут вартага зрабіць я анічога,
Хоць і выпальвала душу датла
Пакутай за сябе і за другога.

А што пакіну? Толькі жменьку слоў,
Мэлёдыйку любові і змаганьня
За ўсё, што выбаўляе з кайданоў
Абездухоўленага працьвітаньня.

Ляці, мая мэлёдыйка, ляці!
Будзі сінічкаю дрымучасьць неба,
Калі мне не хлусілі пры жыцьці,
Што нехта меў тут і ў табе патрэбу…

Ніна Мацяш, 1984 г.

У гэты дзень памерлі

1939 — Тадэвуш Далэнга-Мастовіч, польскі і беларускі пісьменьнік.

1993 — Дзьмітры Арцыменя, савецкі і беларускі партыйны і палітычны дзяяч, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму. Быў застрэлены невядомымі каля свайго дому.

Каляндар Бахарэвіча

20 верасьня 1946 адкрыўся І Канскі кінафэстываль

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG