Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бялініс: Пазыцыя Эўропы адносна Расеі пакуль што занадта мяккая


Лаўрас Бялініс
Лаўрас Бялініс

Чаго краіны Балтыі чакаюць ад візыту прэзыдэнта ЗША? Чаму Літва найбольш жорстка выступае за супрацьдзеяньне расейскаму выкліку? Як у Вільні ацэньваюць пасярэдніцкія высілкі афіцыйнага Менску ў канфлікце ва Ўкраіне? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да літоўскага палітоляга, прафэсара факультэту палітычных навук і дыпляматыі Унівэрсытэту Вітаўта Вялікага Лаўраса Бялініса. Зь ім размаўляў Юры Дракахруст.

РС: 2 верасьня ў Эстонію прылятае прэзыдэнт ЗША Барак Абама. Там ён сустрэнецца зь лідэрамі трох балтыйскіх краінаў. Чаго ў краінах Балтыі чакаюць ад гэтай сустрэчы, як яна можа паўплываць на бясьпеку Літвы, Латвіі і Эстоніі?

Бялініс: Ва ўсіх трох краінах палітыкі чакаюць, каб Амэрыка і Эўропа нарэшце дамовіліся пра адзіны канкрэтны плян супраць тэрарызму, супраць агрэсіўных дзеяньняў Расеі, і такім чынам скончыўся б гэты тлум, не да канца вызначаная воля Злучаных Штатаў.

РС: Чым тлумачыцца тое, што Літва займае бадай што самую жорсткую пазыцыю ў стаўленьні да канфлікту ва Ўкраіне? Вільня выступае за ваенную падтрымку Ўкраіны, Літва ўстрымалася пры галасаваньні за італьянскую кандыдатуру на пасаду кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі. Міністра замежных справаў Італіі Фэдэрыку Магерыні, якая заняла гэтую пасаду, папракаюць згодніцкай пазыцыяй адносна Масквы. Ці сапраўды пазыцыя Літвы — самая жорсткая, і калі так, то чым гэта тлумачыцца?

Бялініс: Я мяркую, што пазыцыя Вільні проста лепш прадстаўленая, чым пазыцыя Рыгі і Таліну. Мне здаецца, што розьніца невялікая. Магчыма, што латвійскі істэблішмэнт не жадае казаць надта гучна, бо ў іх унутраная сытуацыя больш складаная, чым у Літве, вельмі вялікая частка расейскамоўнага насельніцтва, сярод якога вялікі адсотак тых, хто сымпатызуе Расеі. Яны ня хочуць бударажыць сваё насельніцтва.

РС: Я пытаўся пра параўнаньне ня зь іншымі балтыйскімі краінамі, а зь іншымі чальцамі НАТО і ЭЗ. На саміце ЭЗ на мінулым тыдні супраць новых санкцый адносна Расеі выступілі Чэхія, Славаччына, Вугоршчына і Кіпр.

Бялініс: Ну, гэта зразумела. Балтыйскія краіны, Польшча ясна бачаць пагрозу і ясна фармулююць свае інтарэсы. Яны — бліжэйшыя суседзі. А, скажам, Славаччына і Вугоршчына на 100% залежаць ад Расеі па энэрганосьбітах, і гэтым тлумачыцца іх больш мяккая пазыцыя. Гэта таксама зразумела, хаця ўжо цяпер бачна, што апазыцыя ў Вугоршчыне пачынае гаварыць, што вугорская ўлада занадта патурае Расеі.

Калі казаць пра больш далёкія краіны, то чым далей краіны ад Расеі, тым менш інтарэсаў і гістарычнага досьведу падступнасьці імпэрыі. Таму яны ня так рэзка рэагуюць на дзеяньні Расеі.

РС: Як у Літве ацэньваюць ролю Беларусі ў перамоўным ці квазіперамоўным працэсе, які цяпер адбываецца ў Менску? Я маю на ўвазе і сустрэчы кантактнай групы па Ўкраіне, і саміт Мытны саюз-Украіна-Эўразьвяз. Гэта разглядаецца, як гульня Крамля праз сваю марыянэтку Лукашэнку, ці неяк інакш?

Бялініс: Я ня думаю, што Лукашэнка робіцца поўнай марыянэткай Крамля. Пазыцыя Менску ацэньваецца ў цэлым станоўча. Перамовы павінны быць, яны павінны адбывацца паміж усімі варагуючымі бакамі, незалежна ад таго, дзе яны адбываюцца. Менск падыходзіць і геаграфічна і палітычна, для Расеі і данецкіх сэпаратыстаў гэта прымальнае месца, а магчыма і адзінае месца, куды яны могуць прыехаць.

РС: На гэтым тыдні пройдзе саміт НАТО. Якой будзе пазыцыя Вільні на гэтым саміце?

Бялініс: Літва, наколькі я ведаю, будзе патрабаваць вельмі яснага і дакладнага вызначэньня тэрарыстаў, яснага і дакладнага вызначэньня дзеяньняў Расеі, а таксама адпаведнай рэакцыі Эўропы, якая пакуль што занадта мяккая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG