Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Эўразьвяз ня ўвёў новыя санкцыі адносна Расеі


Аркадзь Мошас
Аркадзь Мошас

Ці магчыма, што краіны Захаду пачнуць пастаўляць Украіне зброю? Якім бачыцца Эўропе палітычнае вырашэньне крызісу ва Ўкраіне? З гэтымі пытаньнямі мы зьвярнуліся да дырэктара дасьледчых праграмаў Фінскага інстытуту міжнародных дачыненьняў Аркадзя Мошаса.

РС: На мінулым тыдні ЭЗ абмяркоўваў пытаньне новых санкцый адносна Расеі, але не прыняў іх. Чаму? Мінулы раз, пасьля катастрофы малайзійскага Боінгу ўсе пагадзіліся на санкцыі, а цяпер прынамсі 4 краіны — Чэхія, Славаччна, Вугоршчына і Кіпр — былі супраць. А цяепр жа гаворка ішла пра больш сур’ёзны ваенна-палітычны выклік.

Мошас: Я мяркую, што ЭЗ быў ня вельмі гатовы і цяпер ня вельмі гатовы да новага раўнду санкцый. Той «фантан» дыпляматычных высілкаў, які Эўразьвяз зрабіў у сярэдзіне жніўня, увесь быў скіраваны на тое, каб дамовіцца з Расеяй, дамагчыся ад Расеі імітацыі гатоўнасьці пайсьці на дээскаляцыю канфлікту менавіта для таго, каб не ісьці на санкцыі. Замест гэтага яны атрымалі эскаляцыю. І зразумела, цяпер яны спрабуюць прайсьці «паміж кроплямі дажджу», знайсьці формулу, якая дазволіць ім нібыта прадэманстраваць салідарнасьць з Украінай і нібыта канчаткова не разбурыць тканіну эканамічнага ўзаемадзеяньня з Расеяй.
Вельмі цікавая камбінацыя краінаў, якія выступілі супраць. Тры зь іх былі ў свой час ахвярамі савецкіх танкаў, а чацьвёртая — Кіпр — не кантралюе частку сваёй тэрыторыі з-за замежнага ваеннага ўварваньня.

Я мяркую, што гэтыя краіны сказалі тое, што некаторыя іншыя чальцы ЭЗ ня хочуць казаць публічна, але гэта не азначае, што яны з гэтым нязгодныя. Гандаль працягваецца, але мы бачым, што крыху больш пэўнай стала пазыцыя Нямеччына. А гэта кажа пра тое, што ня выключана, што празь пяць дзён нейкія санкцыі будуць уведзеныя.

РС: А ці магчымая адносна санкцый «кааліцыя добраахвотнікаў»: хто хоча, той уводзіць, хто ня хоча — ня ўводзіць? Многія чальцы ЭЗ актыўна выступаюць за санкцыі.

Мошас: Тэарэтычна гэта магчыма, але гэта ня мае ніякага сэнсу. Па-першае, такія санкцыі на практыцы абыходзяцца, не выходзячы з кабінэту, таму што тады любая фірма дакладна будзе экспартаваць тое, што ёй трэба, празь іншую краіну. Па-другое, такое шчырае прызнаньне адсутнасьці салідарнасьці ўнутры ЭЗ выставіла б Зьвяз у зусім ужо нэгатыўным сьвятле, як зусім нямоглага палітычнага гульца. Таму я мяркую, што на практыцы гэтага нерэальна.

РС: Цяпер Кіеў просіць ня столькі санкцый адносна Расеі, колькі зброю для ўкраінскага войска. Наколькі адзінадушная Эўропа ў нежаданьні яго даваць? Не сакрэт, што прынамсі зброя цячэ да сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны шырокім патокам. І зразумела адкуль. А чаму Захад баіцца арганізаваць такі ж паток зь іншага боку?

Мошас: Адна прычына — гэта філязофія. Сучасны Эўразьвяз — постмадэрнісцкі, ён не прызнае вайну як сродак рашэньня палітычных праблемаў і асабліва канфліктаў такога кшталту. Гэта быў бы калі ня крах, дык сур’ёзны ўдар па саміх асновах эўрапейскага праекту, паводле якіх вайна непрымальная. Гэта першае.

Другое — ўцягваньне ў прамое ваеннае спаборніцтва з Расеяй гранічна палохае эўрапейцаў. Але тут магчымасьцяў розных шмат. Тут, у адрозьненьні ад санкцый, магчымыя індывідуальныя дзеяньні розных краінаў у якасьці чальцоў не ЭЗ, а НАТО. Ня выключаны варыянт, што новая амэрыканская зброя будзе перададзенае краінам НАТО, а іх старая зброя, якая падыходзіць для выкарыстаньня ў постсавецкіх краінах, можа быць перададзеная Ўкраіне.

Варыянтаў шмат, але я мяркую, што мы пакуль што яшчэ ня там. Эўрапейцы пакуль гэтую мяжу пераходзіць ня хочуць. Яны баяцца, што тады эскаляцыя пяройдзе на наступны ўзровень, Расея яшчэ падвысіць стаўкі. Бо расейскія сродкі пакуль былі выкарыстаныя ў невялікай колькасьці.

РС: Апошнімі днямі і з вуснаў прэзыдэнта Расеі, і з вуснаў прадстаўнікоў самаабвешчаных сэпаратысцкіх ДНР і ЛНР гучаць прапановы Кіеву прызнаць нейкі статус гэтых утварэньняў. Інакш, маўляў, будзе вайна, якую Ўкраіна ня выйграе. Які можа быць адказ Эўропы на гэта? Калі санкцыям гаворыцца не, калі продажу зброі гаворыцца не, калі ўкраінская армія церпіць паразы, што Эўропа можа хаця б раіць Кіеву?

Мошас: З пункту гледжаньня гэтых непрызнаных утварэньняў і з пункту гледжаньня расейскага кіраўніцтва гэта шчырая пазыцыя. Сёньня прасьцей уявіць сабе раскол, разьдзел Украіны, чым фэдэралізацыю, нармалізацыю, наданьне палітычных ці бюджэтных правоў і г. д. Але зразумела, што для Ўкраіны гэта абсалютна непрымальна. Украіна ня можа пагадзіцца нават на статус замарожанага канфлікту, не кажучы ўжо пра легітымацыю адколу ад Украіны часткі яе тэрыторыі.

Але, на жаль, і гэта вынікае зь інфармацыі аб выніках нефармальных сустрэчаў паміж расейцамі і амэрыканцамі, Эўразьвяз пра статус замарожанага канфлікту думае цалкам сур’ёзна. Аднак Украіна добра ведае, што ніводзін замарожаны канфлікт на постсавецкай прасторы ня быў вырашаны, гэта шлях да страты тэрыторыі. Украіна можа ў нейкім момант апынуцца перад неабходнасьцю прызнаць ваенную паразу і разглядаць страчаныя тэрыторыі як тэрыторыі акупаваныя, ці то Расеяй, ці то незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі ДНР і ЛНР, але не пайсьці на легітымізацыю аддзяленьня гэтых тэрыторый.

Якім будзе канчаткова рашэньне Эўропы — мне сказаць цяжка. Гэта будзе залежаць ад таго, наколькі ўдала Кіеў зможа данесьці сваё разуменьне да сваіх эўрапейскіх партнэраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG