Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі Расеі і дапамогу — Украіне


Эўразьвяз гатовы дапамагаць Украіне грашыма і зброяй. Да Расеі за яе агрэсію ва Ўкраіне рыхтуюць новыя санкцыі трэцяга ўзроўню.

Магчымыя новыя санкцыі Эўрапейскага зьвязу супраць Расеі за яе дзеяньні на дэстабілізацыю Ўкраіны, уключаючы сэктаральныя эканамічныя санкцыі трэцяга ўзроўню, будуць залежаць ад посьпеху ў рэалізацыі мірнага пляна прэзыдэнта Ўкраіны. Пра гэта заявіў у суботу Пятро Парашэнка пасьля ўдзелу ў саміце Эўразьвязу ў Бруселі.

Паводле яго слоў, гэтую прапанову падтрымала абсалютная большасьць краін-сябраў ЭЗ, а мірны плян атрымаў аднагалосную падтрымку. Як заявіў Парашэнка, крызыс праз ваеннае ўварваньне Расеі вельмі блізкі да пункта незвароту, да поўнамаштабнай вайны.

Парашэнка спадзяецца, што новая сустрэча ў панядзелак кантактнай групы ў складзе прадстаўнікоў Украіны, Расеі і АБСЭ ў Менску можа прывесьці да спыненьня агню.

Па выніках саміту ў Брусэлі стала вядома, што Эўрапейскі зьвяз прадставіць Украіне дадатковую макрафінансавую дапамогу ў выглядзе крэдыту на агульную суму ў адзін мільярд эўра.

Як заявіў у Брусэлі прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка пасьля шэрагу сустрэч з кіраўнікамі краіны ЭЗ, асобныя краіны-сябры Эўразьвязу на двухбаковым узроўні пачалі прадстаўляць Украіне ваенна-тэхнічную дапамогу. У першую чаргу гаворка ідзе аб несьмяротнай зброі «найвышэйшай якасьці і самых сучасных узораў», сказаў Парашэнка. Паводле яго слоў, дыскусія аб пашырэньні такой дапамогі працягнецца 4-5 верасьня на саміце НАТО.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG