Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б улады зважалі на беларускую мову, то і бацькі б пастараліся»


Беларускі школьны кірмаш па-расейску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:51 0:00
Наўпроставы лінк

У Менску працуе Міжнародная спэцыялізаваная выстава «Дзень добры, школа». Яна прымеркаваная да пачатку новага навучальнага году. Пераважная бальшыня падручнікаў, дапаможнай літаратуры, канцылярскіх і іншых школьных тавараў тут — на расейскай мове. Тым часам бацькі школьнікаў кажуць, што хацелі б, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску.

Надпісы «Міжнародная спэцыялізаваная выстава» і «Дзень добры, школа» на ўваходзе ў выставачны цэнтар зробленыя на расейскай мове. Вітрыны гандлёвых павільёнаў у выставачнай зале таксама спрэс аформленыя па-расейску. Акрамя беларускай мовы і літаратуры, уся навучальная літаратура на прылаўках таксама расейскамоўная. Чаму — цікаўлюся ў прадавачкі аднаго з павільёнаў:

Прадавачка: «Беларускамоўных кніг, літаратуры ў нас практычна няма. Толькі контурныя карты і атлясы».

Карэспандэнтка: «Чаму няма?»

Прадавачка: «Бо ў нас расейскамоўных школ больш, чым беларускамоўных».

Карэспандэнтка: «Ці пытаюцца пра беларускія кнігі, тавары?»

Прадавачка: «Так, шмат пытаюцца».

Карэспандэнтка: «То, можа, перагледзіце свой асартымэнт?»

Прадавачка: «Мы ўжо аднойчы спрабавалі — не апраўдалася».

Беларускамоўных кніг, літаратуры ў нас практычна няма. Толькі контурныя карты і атлясы

Толькі ў адным з шэрагу аддзелаў з канцылярскімі таварамі знаходжу вокладку з надпісам «каляровая папера». Астатнія — альбомы для маляваньня, упакоўкі з плястылінам ці алоўкамі — падпісаныя па-расейску. Таваравед крамы «Канцылярскія тавары» зь неахвотаю, але ўсё ж тлумачыць адсутнасьць на паліцах беларускага слова:

Таваравед: «У нас увесь асартымэнт прадстаўлены — сшыткі, дзёньнікі, альбомы. Па-беларуску ёсьць толькі «Набор каляровай паперы».

Карэспандэнтка: «Вы не замаўляеце гэтай прадукцыі ці яе няма ў вытворцы?»

Таваравед: «Не магу адказаць на гэтае пытаньне».

Карэспандэнтка: «А ці пытаюцца пра беларускамоўныя тавары?»

Таваравед: «У маёй практыцы такога не было».

На беларускай мове сшыткаў у нас няма. У нас ёсьць сшытак стандартны бяз надпісу, каб можна было падпісаць альбо „Сшытак“, альбо „Тетрадь“

Супрацоўнікі дзяржаўнай друкарні «Дзяржзнак», якія не жадаюць называцца, кажуць, што фабрыка гатовая выдрукаваць літаратуру на любой мове. Усё залежыць ад жаданьня таго, хто замаўляе. На вітрыне ж прадпрыемства — прадукцыя спрэс расейскамоўная альбо бяз надпісаў, у тым ліку школьная, кажа прадавачка фірмовага павільёну:

«На беларускай мове сшыткаў у нас няма. У нас ёсьць сшытак стандартны бяз надпісу, каб можна было падпісаць альбо „Сшытак“, альбо „Тетрадь“, каб дзеці самі выбіралі. У нас ёсьць і кардон, і альбомы, і шмат што».

Карэспандэнтка: «Па-беларуску аформленае?»

Прадавачка: «Па-беларуску — не».

Тым часам бацькі школьнікаў, нават паходжаньнем з Расеі, якіх мне давялося спаткаць на выставе, кажуць, што хацелі б, каб іх дзеці навучаліся па-беларуску, але ўмоваў для гэтага ў Беларусі няма:

Карэспандэнтка: «Ці набывалі вы тут беларускамоўныя падручнікі, дапаможнікі ці якую іншую літаратуру?»

Жыхарка Беларусі расейскага паходжаньня: «Я сама з Расеі і сама навучалася па-расейску. Калі пераехалі сюды — тут таксама дзеці навучаліся па-расейску. Мне дзесьці і цяжка дапамагчы ім, штосьці падказаць, каб маглі размаўляць па-беларуску. Але беларускую мову трэба ведаць, трэба. Бо я лічу, што калі ты жывеш у Рэспубліцы Беларусь, то і павінен ведаць беларускую мову».

Карэспандэнтка: «Ці хацелі б, каб ваша дзіця навучалася па-беларуску?»

Маці першаклясьніка: «Па-беларуску — гэта вельмі складана размаўляць, бо мы не вучылі яе як сьлед».

Карэспандэнтка: «А ваша дзіця ў якую школу пойдзе — зь беларускай ці расейскай мовай навучаньня?»

Я сама з Нарачы, і ў нас там ёсьць беларуская школа, то я ўжо думала, каб там дзеці вучыліся. А як тут у Менску — ня ведаю. Баюся, што ім цяжка будзе справіцца, калі ўсе вакол па-расейску размаўляюць

Маці першаклясьніка: «У расейскамоўную — тая, што каля хаты найбліжэй была, тая і лепшая, таму так выбралі».

Карэспандэнтка: «Калі б вось гэтак побач была беларускамоўная школа, то пайшлі б туды?»

Маці першаклясьніка: «Так, канечне, пайшлі б, пайшлі. Гэта ж наша родная мова».

Карэспандэнтка: «Ці набывалі тут нешта беларускамоўнае — кнігі, канцылярскія тавары?»

Маці чатырох школьнікаў: «Усё расейскае — плястылін, дзёньнікі, альбомы. А адзеньне лепш набываць польскае. Беларуская мова ў нас цяжка ідзе — нават акцэнту на ёй ніякага ніхто ня ставіць. Вось, да прыкладу, пазакляснае чытаньне — даюць у большасьці расейскамоўную літаратуру, нават на лета сьпіс для чытаньня безь беларускай літаратуры быў».

Карэспандэнтка: «А ці хацелі б, каб больш беларускай мовы было?»

Маці чатырох школьнікаў: «Хацела б, канечне, хацела б. Я і мову беларускую люблю, і людзей нашых беларускіх».

Карэспандэнтка: «А ці аддалі б сваіх дзяцей у беларускую школу?»

Маці чатырох школьнікаў: «Так, канечне. Я сама з Нарачы, і ў нас там ёсьць беларуская школа, то я ўжо думала, каб там дзеці вучыліся. А як тут у Менску — ня ведаю. Баюся, што ім цяжка будзе справіцца, калі ўсе вакол па-расейску размаўляюць, і кнігі, і падручнікі. А калі б больш акцэнту ставілі на беларускую мову, то і бацькі б пастараліся».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG