Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна гарматнага мяса


Зорна-паласаты сьцяг накрыў труну, у параднай форме марскія пехацінцы, залп у паветра. Ён загінуў за Амэрыку! Шчымлівая хвіліна, нават сьляза нагортвалася раней міжволі, памятаю. Вялікая сіла мастацтва! Але да такіх сцэнаў прызвычайваесься: усё ж кіно ёсьць кіно. Галівуд здымае якасна.

Аднак з агульнавядомым фактам спрачацца ня будзеш: ЗША сваіх жаўнераў стараюцца ашчаджаць, імкнуцца ваяваць бескантактна. Жыцьцё жаўнера каштуе, жыцьцё ягонае цэніцца. Чаго ня скажаш пра нашу суседку Расею. Там салдат быў і застаецца гарматным мясам. Іх сёньня прымушаюць удзельнічаць у неабвешчанай вайне ва Ўкраіне, падманваюць, што накіроўваюць на вучэньні, а потым хаваюць патаемна і загадваюць родным маўчаць.

Вельмі гэта ў крамлёўскай традыцыі. Існуе рассакрэчаная стэнаграма савецкіх часоў: дзяды з Палітбюро ЦК КПСС абмяркоўваюць першых забітых у Аўганістане, гэтак званы «груз 200» (цынкавыя труны). Што зь імі рабіць? Як вядома, у СССР было зацьверджана: ніякай вайны там няма, а ёсьць толькі «выкананьне Савецкай арміяй інтэрнацыянальнага абавязку». Вынікам чаго, як вядома, стала сьмерць больш як трынаццаці тысяч вайскоўцаў, сярод якіх было 723 беларусы (а дванаццаць зьніклі бязь вестак). І гэта — калі верыць афіцыйным лічбам, якія звычайна выклікалі тады сумнеў.

Адзін член Палітбюро ў той стэнаграме паведамляе, што для надмагільля забітых вайскоўцаў будуць сем’ям выдаваць па тысячы рублёў, але нельга пісаць — дзе і як загінуў салдат, прапаршчык ці афіцэр, бо «з палітычнага пункту гледжаньня гэта не зусім правільна». Другі член Палітбюро пагаджаецца: «Увекавечваць іхнюю памяць пакуль што зарана». Трэці член пайшоў яшчэ далей: «Немэтазгодна цяпер усталёўваць надмагільныя пліты». Вось так: проста закапаць і кропка! Але яго крыху папраўляе наступны член Палітбюро, больш «гуманны»: «Увогуле, канечне, хаваць трэба, іншая справа, ці варта рабіць надпісы». Калі ўдумацца, робіцца непамысна: самы «чалавекалюбны» партыйны бос робіць адкрыцьцё, што хаваць забітых у Аўганістане жаўнераў трэба, але не падпісваць надмагільлі... Навошта? Каб у грамадзтве ўзьніклі «нездаровыя настроі»?

Сёньня беларускае начальства заўсёды дае дазвол на помнікі ахвярам савецка-афганскай вайны, якіх афіцыйна па-ранейшаму называюць «воінамі-інтэрнацыяналістамі», а ў народзе папросту «аўганцамі». І помнікі ставяць у райцэнтрах, бывае, нават калі тры ўраджэнцы толькі не вярнуліся з той вайны. А раней на магілах пісалі адно імя ды прозьвішча, нават дату сьмерці начальства «не рэкамэндавала» пазначаць. Усё гэта было, было! І даволі нядаўна.

Потым тая вайна адгукнулася для Расеі чачэнскай, дзьвюма запар. І гісторыя з салдатамі шмат у чым паўтарылася, бывала нават пераўзыходзіла савецкія рэаліі. У Расеі быў створаны рух салдацкіх маці, што было немагчыма ў СССР. Яны пратэставалі супраць вайны, супраць гібелі сваіх сыноў, а многія шукалі і не маглі знайсьці: забралі сына ў армію, адправілі ў Чачню і ніякіх канцоў! Маскоўскай прэса, якая прытрымлівалася высокіх стандартаў журналістыкі, займалася пошукамі забітых салдат, праводзіла свае расьсьледаваньні. Памятаю, як уражвалі паведамленьні аб вагонах-рэфрыжэратарах, якія стаялі месяцамі дзесь на запасных рэйках у паўднёвых абласьцях Расеі, перапоўненыя дзясяткамі трупаў неапазнаных салдатаў.

У адным нядаўнім расейскім фільме пра чачэнскую вайну камандзір раздражняецца: мне ўсіх шкада, але што толку?!

Ня выключана, што й цяпер камандзірам па-свойму шкада салдат, але што толку?! Калі загад перакідваць іх на ўкраінскую мяжу і далей, у Данбас? Патаемна, пад выглядам «добраахвотнікаў». Захопленыя там, яны тлумачаць: паслалі на вучэньні, так было сказана «айцамі-камандзірамі». Але перад адпраўкай ім чамусьці загадалі здаць дакумэнты і мабільныя тэлефоны. І гэта яшчэ ня ўсё. Было загадана пераапрануцца ў форму без шаўронаў і пагонаў. Адзін з захопленых расейцаў наіўна тлумачыць, што форму яны «самастойна купілі ў краме». Самастойна! Напэўна, каб прад’явіць, калі трапяцца, чэкі... Але ж украінская служба бясьпекі магла б тады запатрабаваць у адказ і «чэкі» на бронемашыну і зброю! Гэтага расейскія «айцы-камандзіры» напэўна ня ўлічылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG