Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прымусіў Пуціна і Парашэнку сустрэцца сам-насам


Двухбаковая сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны — галоўны вынік Менскага саміту.

Дзьве гадзіны Парашэнка і Пуцін сам-насам размаўлялі ў беларускай сталіцы. Ніякіх заяваў і камэнтароў па выніках іх двухбаковай сустрэчы яшчэ ня зроблена. Мяркуючы па выказваньнях іншых удзельнікаў саміту, іншых вынікаў сустрэча ў Менску пакуль не прынесла.

Лукашэнка аддуваўся за ўсіх

На фінальную прэсавую канфэрэнцыю, вынікаў якой чакаў ўвесь сьвет, Аляксандр Лукашэнка выйшаў адзін. Яшчэ некалькі гадзінаў перад тым на пачатку перамоваў у камэру пасьміхаліся шэсьць віп-пэрсонаў. Таму пад вечар самотная постаць беларускага кіраўніка за вялікім сталом глядзелася гнятліва. Яго не падтрымаў нават прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў, які падчас папярэдніх перамоваў прытрымліваўся падобнай да Аляксандра Лукашэнкі пазыцыі, заклікаў да прыпыненьня вайсковых дзеяньняў ва Ўкраіне і забесьпячэньня гуманітарнай дапамогі мірнаму насельніцтву. Адолеўшы разгубленасьць, Аляксандр Лукашэнка выбачыўся за нечаканы фармат выступу і патлумачыў гэта рашэньнем усіх удзельнікаў. Сытуацыя ва Ўкраіне зайшла настолькі далёка, — паведаміў Лукашэнка, — што без прынцыповых рашэньняў на найвышэйшым узроўні асобныя крокі не вядуць да яе ўрэгуляваньня.

Адзінота беларускага кіраўніка не пакідала сумневаў: перамовы ў Менску ня толькі не прынесьлі міру, але і пазбавілі ўдзельнікаў магчымасьці захоўваць бачнасьць дыпляматычных стасункаў. Увесь патэнцыял прымірэньня мог быць выкарыстаны падчас знакавага пацісканьня рук паміж Пятром Парашэнкам і Ўладзімірам Пуціным пры першай сустрэчы ў Палацы Незалежнасьці.

Тым ня меней Аляксандр Лукашэнка па пунктах агучыў даволі канкрэтныя вынікі саміту.

Па-першае, усе падтрымалі прапанову Пятра Парашэнкі зрабіць Менск рэгулярнай пляцоўкай для сустрэч кантактнай групы «Украіна-Расея-АБСЭ». Пятро Парашэнка настойвае, каб група сабралася ў самыя кароткія тэрміны. «Нават заўтра», — сказаў Лукашэнка.

Другі пункт самы цікавы. Было прапанавана інтэнсыфікаваць працу групы «Украіна-Расея-ЭЗ» у галіне гандлёва-эканамічных стасункаў. Да 12 верасьня гэтая група мусіць выпрацаваць прапановы «па зьняцьці заклапочанасьці Мытнага зьвязу, Расейскай фэдэрацыі, якія датычаць пагадненьня Ўкраіны аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Аляксандар Лукашэнка наўпрост заявіў, што на патрабаваньне прэзыдэнта Расеі гэтыя прапановы мусяць быць зробленыя ДА ратыфікацыі Ўкраінай дамовы з Эўрапейскім зьвязам. «Пасьля ратыфікацыі ў парлямэнце Ўкраіны гэтай дамовы любыя размовы і перамовы Ўкраіны з Мытным зьвязам і Расеяй пра далейшае эканамічнае супрацоўніцтва і зоны свабоднага гандлю, зьяўляюцца бессэнсоўнымі».

Па-трэцяе, падтрымана прапанова прэзыдэнта Назарбаева працягнуць абмеркаваньне праблемных пытаньняў па Ўкраіне «ў сёньняшнім фармаце».

Кожны застаўся пры сваім

Пра тое, што фармат удзелу ў перамоваў лідэраў краінаў Мытнага зьвязу робіць праграму Менскага саміту хутчэй эканамічнай, гаварылася яшчэ напярэдадні. Але прыбыўшы ў беларускую сталіцу першым, Пятро Парашэнка дакладна задаў яму танальнасьць.

Падчас сваёй двухбаковай сустрэчы з Кэтрын Эштан, якая адбылася ў будынку амбасады Ўкраіны ў Беларусі, украінскі прэзыдэнт пацьвердзіў намер падпісаць пагадненьне з ЭЗ увосень. З гэтай ці з іншай прычыны Уладзімер Пуцін у сваім публічным выступе дэманстратыўна канцэнтраваўся на эканамічных пытаньнях і палохаў Украіну цьмянымі пэрспэктывамі ў выпадку падпісаньня пагадненьня. У прыватнасьці, Пуцін абвясьціў, што сукупная шкода расейскай эканоміцы ад рэалізацыі пагадненьня Ўкраіны з ЭЗ можа скласьці 100 млрд. расейскіх рублёў. Апроч таго, паводле Пуціна, Украіна ўжо ня зможа эфэктыўна ўзаемадзейнічаць з краінамі Мытнага зьвязу.

Такі парадак дня дазволіў Пуціну цалкам абмінуць галоўнае пытаньне саміту — вайну ва Ўкраіне, а да таго ж і «прыструніць» міратворчы імпэт Аляксандра Лукашэнкі, абвінаваціўшы Беларусь у рээкспарце забароненых у Расеі заходніх прадуктаў пад выглядам беларускіх.

Але пра вайну ва Ўкраіне не забыліся Нурсултан Назарбаеў і Аляксандар Лукашэнка. Першы сказаў, што далей гэтае «кровапраліцьце» працягвацца ня можа, і наўпрост абвясьціў: «Галоўнае, каб вы (Парашэнка — РС) наўпрост, сам-насам, гаварылі з Уладзімірам Пуціным». Другі назваў вайну ва Ўкраіне братазабойчай.

У Пятра Парашэнкі ж у Менску была магчымасьць яшчэ раз агучыць свае патрабаваньні да Крамля. Парашэнка патрабуе ўсталяваньня эфэктыўнага кантролю над расейска-украінскай мяжой, каб спыніць пастаўкі расейскай тэхнікі і ўзбраеньня баевікам. Дзеля гэтага, на ягоную думку, неабходна далучэньне да маніторынгу і вэрыфікацыі мяжы місіі АБСЭ.

А Эўропа з газам

Пасьля перамоваў позна ўвечары прадстаўнікі ЭЗ сабралі 10-хвілінны брыфінг. «Гэта не выніковая прэс-канферэнцыя», — папярэдзіла Кэтрын Эштан. Яна яшчэ раз пацьвердзіла, што галоўныя пытаньні, якія хвалююць ЭЗ — гэта адзінства і незалежнасьць Украіны, шляхі дасягненьня ў ёй міра і бясьпекі.

Эштан паведаміла, што падчас перамоваў уздымаліся пытаньні спыненьня агню і эфэктыўнага кантролю мяжы. А таксама выказала пажаданьне аб тым, каб дастаўка гуманітарнай дапамогі адбывалася ў поўнай адпаведнасьці з міжнароднымі законамі.

Кэтрын Эштан і эўракамісары Гюнтэр Этынгер і Карэл Дэ Гухт
Кэтрын Эштан і эўракамісары Гюнтэр Этынгер і Карэл Дэ Гухт

А вось з камэнтара эўрапейскага камісара па энэргетыцы Гюнтэра Этынгера стала зразумела, што Аляксандар Лукашэнка прадставіў Менск як пляцоўку перамоваў ня толькі паміж Пуціным і Парашэнкам, але і паміж Пуціным і ЭЗ. Этынгер ня стаў хаваць, што нафта і газ трапляюць у Эўропу з Расеі.

«Наш галоўны клопат цяпер — гэта газ, — сказаў Этынгер. — У нас няма бягучых двухбаковых ці трохбаковых кантрактаў, а ідуць перамовы паміж Эўракамісіяй і расейскім „Газпромам“ з аднаго боку і ўкраінскім „Нафтагазам“ з другога боку... Мы ня хочам мець праблемаў з пастаўкамі ў наступным месяцы... Нам патрэбнае рашэньне». Занепакоенасьць Этынгера зразумелая. У арбітражным судзе Стакгольму знаходзяцца пазовы адначасова і ад расейскага «Газпрому» і ад украінскага «Нафтагазу». «Газпром» патрабуе ад Украіны чатыры з паловай мільярды пазыкаў за пастаўкі. А «Нафтагаз» патрабуе ад Расеі справядлівую цану за газ і вяртаньне 6 млрд. даляраў за пераплату з 2010 году. Разгляд справы зацягнецца на доўгія месяцы, а цяпло ў дамах эўрапейцаў патрэбнае ўжо цяпер.

На пытаньне журналіста New York Times, ці падчас перамоваў хаця б згадваўся ўдзел расейскіх вайскоўцаў ва ўзброеных фармаваньнях ва Ўкраіне, Эштан адказала, што наўпроставай дыскусіі пра гэта не было. Паводле яе, абмяркоўвалася толькі пытаньне вызваленьня закладнікаў, а таксама як ЭЗ можа дапамагчы Ўкраіне ў забесьпячэньні аховы межаў.

«Магчыма, спраўдзіўся парадаксальны прагноз расейскага палітоляга Лук’янава ў інтэрвію Свабодзе — калі будуць пэўныя вынікі, то яны могуць быць толькі канстатацыяй правалу. А гучнае маўчаньне, увасобленае ў самотнай постаці Лукашэнкі, які выйшаў да журналістаў, можа сьведчыць пра тое, што пэўныя зрухі адбыліся, пэўныя пункты судакрананьня ўзьніклі, — разважае аналітык Радыё Свабода Юры Дракахруст. — Тое, што гэта была эканоміка , наступствы асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ для Мытнага саюзу, можна было чакаць — пытаньні грошай вырашаюцца прасьцей, чым пытаньне крыві і тэрыторый. Усяляе аптымізм той факт, што перамовы будуць працягнутыя ў іншым фармаце і на іншым узроўні».

«Гэта ня менскі мір, але крок да яго», — заключае аналітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG