Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рускі» Асьлюка паедзе ў Грэцыю


Віктар Асьлюк
Віктар Асьлюк

Рэжысёр Віктар Асьлюк зьняў на «Беларусьфільме» мастацкую стужку «Рускі» паводле аднайменнага апавяданьня клясыка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.

Гэта твор пра тое, «як беларус забіў украінца». Здарэньне адбылося ў часе I сусьветнай вайны на расейска-аўстрыйскім фронце. Карпацкія горы здымаліся ў кар’ерах пад Краснасельскім Ваўкавыскага раёну.

«Рускага» пакажуць на Міжнародным кінафэстывалі кароткамэтражных фільмаў у горадзе Драма ў Грэцыі. Гэты фэстываль — адзін зь дзесяці, дзе намінуюць стужкі на прыз эўрапейскай кінаакадэміі.

У апавяданьні «Рускі» менш за тры з паловай старонкі. Выпадкова сутыкнуўшыся з аўстрыякам, які аказаўся ўкраінцам, рускі-беларус выпівае зь ім «горілкі», а затым забівае. У шпіталі, куды ён трапляе пазьней, яго лічаць сымулянтам, а ён сабе ўпарта паўтарае на кожным кроку, што ён «рускі, рускі, рускі!»

Ролю рускага салдата выконвае Міхаіл Барсковіч, аўстрыйскага — Аляксандар Ждановіч. Працягласьць стужкі — 25 хвілін.

«Рускага» беларуса не зразумеюць

Віктар Асьлюк кажа, што раней два гады запар атрымліваў у Драме Гран-пры. Новы свой фільм, апроч Грэцыі, больш нікуды не пасылаў. Ён тлумачыць:

Зразумець гэты фільм цяжкавата будзе. Я б не сказаў, што ён мае ўнівэрсальны характар

«З адной прычыны: амаль упэўнены, што зразумець гэты фільм цяжкавата будзе. Я б не сказаў, што ён мае ўнівэрсальны характар. Там шмат недагаворанага, а гэта ўжо зусім іншае мастацтва, таму яно так і ўспрымаецца. Каб недасказанае перавесьці на кіно, патрэбны поўнамэтражны фільм, і трэба дапісваць: што ў літаратуры можна сказаць двума словамі, у кіно двума кадрамі не пакажаш».

Калісьці Віктар Асьлюк думаў пачаць з гэтага апавяданьня сваю кар’еру.

Задума была такая даўней: зрабіць тры навэлы — «Рускі», «Генэрал» і апавяданьне «Літоўскі хутарок» — і аб’яднаць усё адным героем, кажа ён.

Але ўдалося экранізаваць толькі першы твор. «Атрымаўся пэўны вопыт, — прызнаецца рэжысэр, — часам псыхатэрапія, часам наадварот. Але заўсёды ў такой прафэсіі ёсьць тэрыторыя рызыкі».

Як ён сам ацэньвае зробленую працу? Хутчэй як удачу, чым як няўдачу, кажа рэжысэр:

«Таму што я зразумеў, наколькі гэта цяжка: калі ты бярэсься ставіць літаратуру, літаратура, як правіла, перамагае кіно. Як правіла. І каб яна не перамагала, трэба зруйнаваць гэты твор да самых падмуркаў і нейкія тайныя выявіць хады, і зрабіць, можа, зусім па-іншаму».

Пастка Гарэцкага

Гарэцкі быў як пастка, якую Асьлюк зразумеў адразу. Зь літаратурай бывае так: мы давяраем, калі чытаем, захапляемся і дамысьліваем. Але калі правяраць літаратурныя сытуацыі рэальнасьцю, зь якой працуе кіно, нечакана пераконваесься, што ў Гарэцкага ўсё было прыдумана, усе сытуацыі ў апавяданьні «штучныя». У гэтым Віктар Асьлюк абсалютна ўпэўнены. Ён тлумачыць:

Тое, што я зрабіў, гэта не зусім Гарэцкі, але што гэта не Гарэцкі — таксама ня скажаш

«Каб чалавек узяў і проста так стрэліў, — гэта страшна, патрэбна матывацыя. У кіно павінна быць матывацыя. Я разумею Быкава, калі ён пісаў падобнае апавяданьне пра немца і беларуса, якія сядзяць у разбураным доме, людзі, якія зразумелі адзін аднаго. І калі яны выходзяць на паверхню з падвалу, яны адразу становяцца ворагамі: адзін немцам, другі „рускім“ ці савецкім».

Але матывацыя ў Быкава зразумелая: яны ўбачылі, што за імі назіраюць з аднаго боку — немцы, з другога — савецкія салдаты. І беларус страляе ў немца, таму што той кінуў у яго гранату... Быкаў знайшоў патрэбную для апавяданьня матывацыю, і яна больш рэалістычная, зазначае рэжысэр:

«А тая, якая ёсьць у Гарэцкага — „Ах, які я ваяка!“ — гэта хутчэй каб паказаць наш нацыянальны характар. І гэта ня столькі псыхалягічны твор, як, можна сказаць, ідэалягічны. І з псыхалягічнага боку я зь першага дня пачаў цярпець паразу: што б я ні спрабаваў, гэта здавалася штучным. Нават „рускі, я маю горілку!“ ператваралася ці ў камэдыю, ці проста ў нейкую нерэальную сытуацыю».

Забіць, нават на вайне, бывае няпроста, тым больш калі абстаноўка не баявая: спачатку мірная размова, гарэлка, разьвітаньне, а потым нечаканы стрэл. І як перакласьці гэта на мову кіно? Рэжысэр працягвае разважаць:

«Стрэліць матывацыі няма. Проста так стрэліць? Я скажу так: гэтая проза, можа, патрабуе абсалютна геніяльнага прачытаньня, а ня проста таго, што я змог і рашыўся. Тое, што я зрабіў, гэта не зусім Гарэцкі, але што гэта не Гарэцкі — таксама ня скажаш», — мяркуе Віктар Асьлюк.

Літаратура і кіно — усё ж два розныя віды мастацтва:

«Сытуацыя, калі страляе салдат у салдата, — унівэрсальная, і гэты твор сапраўды выдатны. Але рэжысэру трэба брацца за тое, што проста дыхае жыцьцём, што ёсьць рэальнасьцю. А калі ўсё будуецца на нейкіх сэнсах, часам ідэалягічных, нацыянальных, адпаведных іншаму часу, — для гэтага патрэбныя вялізныя палотны, падрабязнасьці, дэталі, эпас патрэбны».

Інакш кажучы — поўнамэтражная стужка, на якую грошай не было.

Карпацкія горы, беларускі кінаварыянт

Віктар Асьлюк хацеў паспрабаваць зрабіць свой новы фільм у дакумэнтальнай манеры і скарыстаць новыя магчымасьці, зьвязаныя

Што такое рускасьць? Гэта важная праблема нашай рускасьці. Ня той, што цяпер у Маскве, а той, што была пяцьсот-шэсьцьсот гадоў назад

зь лічбавай тэхнікай. Хапала складанасьцяў. Напрыклад, «на адну ноч езьдзілі шукаць натуру», успамінае рэжысэр:

«Патрэбныя былі верхнія кропкі, і адначасова — каб гэта не было поле. Каб яры былі, чыста візуальна выбіраў. Хацеў унутры кар’ераў здымаць, але не дабраліся б: трэба было паўтары гадзіны ў цяжкіх і небясьпечных умовах дабірацца да здымкі. Сама фактура вельмі падабаецца: курганы дзіўныя, сапраўды насыпаныя, і прастора відаць. Я стараўся, каб прырода была трэцім акторам. Думка была, каб гэта троху было не падобна да Беларусі. Але гэта была ўмоўнасьць».

Рускасьць беларусаў

У фільме «Рускі» — чатыры мовы. Беларус, як у жыцьці, гаворыць па-беларуску, украінец размаўляе зь ім па-ўкраінску, салдаты паміж сабой — па-расейску. І паколькі ўкраінец — галічанін, служыць у аўстравугорскай арміі, ён яшчэ гаворыць па-нямецку, распавядае Асьлюк.

Напісанае Максімам Гарэцкім у 1915 годзе апавяданьне важнае для нас сёньня тым, што было спробай зазірнуць у беларускую душу, паставіць дыягназ. Гэта якраз турбавала і Віктара Асьлюка:

За фільм „Рускі“ я спакойны

«Застрэліў чалавека, ён памірае, кажа, што засталіся дзеці, а гэты пытаецца — „а колькі ў цябе іх?“ Ну як гэта сыграць? Гэта пры сьмерці гавораць? Што гэта: цынізм, такая прастата, ці проста такая дурасьць лапцюжная? Ці спужанасьць? „Ах, які я ваяка!“ Гэта, канечне, мы трапляем у палон нейкай спробы паказаць характар беларуса з усімі нам знаёмымі рысамі. І для гэтага мовы розныя выкарыстаныя і сама назва „Рускі“. З аднаго боку, гэта прывітаньне імпэрыі, а з другога — праблема, якая існуе ў беларусах: рускі, нярускі?»

Асьлюк ня лічыць вартым проста не зважаць на гэта:

«Што такое рускасьць? Гэта важная праблема нашай рускасьці. Ня той, што цяпер у Маскве, а той, што была пяцьсот-шэсьцьсот гадоў назад ці ў ХVІІ стагодзьдзі. Проста так адмахнуцца — мы ліцьвіны, мы беларусы, а рускія — гэта маскалі... Ці проста так аддаваць гэтую сваю рускасьць, выкідаць? Гэта складана. І пра гэта ўсё пісаў, канечне, Гарэцкі. Але гэта наша праблема, якая, можа, будзе мала цікавая іншым. Наша першародная праблема, якую мы павінны спачатку вырашыць. Калі мы не вырашаем на гэтым узроўні, мы далей проста не прасоўваемся. Гарэцкі гэта адчуваў, і мы таксама. За сто гадоў нічога не памянялася».

Словам, «Рускі» — беларускае кіно не для кожнага. Пра гэта кажа сам рэжысэр Віктар Асьлюк:

«Яго могуць прыняць па-рознаму. Але сярод рэжысэраў першае пытаньне заўсёды: а як ты сам? Калі я ведаю, што зрабіў усё, што змог, я тады спакойны. За фільм „Рускі“ я спакойны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG