Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліна Рэспубліка: пра Горадню, Варшаву і беларускую мову


Маладая менская сьпявачка Паліна Рэспубліка пабывала ў Горадні. Спачатку хадзіла па вуліцах з фотаапаратам як турыстка, затым выступіла з канцэртам у невялікім дворыку ў Старым горадзе каля арт-галерэі «Крыга». Выступ адбыўся ў рамках кампаніі «Будзьма».

Сьпявачка расказала нашаму радыё пра стаўленьне да Горадні, цікавасьць да Варшавы і любоў да беларускай мовы.

Гарадзенскі дух

«Я думаю, Горадня — такі горад, які для кожнага больш-менш сьвядомага беларуса зьяўляецца такой старонкай, якую кожны хоча адкрыць і штосьці сваё асаблівае тут знайсьці», — кажа Паліна. Яна апавядае сваю «чароўную гісторыю», зьвязаную з Горадняй. Аднойчы яна езьдзіла на канцэрт у Беласток, а пятай раніцы ехала ў маршрутцы па Горадні, убачыла сьвітанак — і падумала, што ніколі ня бачыла яшчэ вечаровага гораду, трэба калі-небудзь прыехаць і пахадзіць.

Горадня — такі горад, які для кожнага больш-менш сьвядомага беларуса зьяўляецца такой старонкай, якую кожны хоча адкрыць і штосьці сваё асаблівае тут знайсьці

Але пасьля Беластоку маршрутка спазьнілася, апошні цягнік ужо пайшоў на Менск. А грошай беларускіх няма, і невядома куды падзецца. І тут гарадзенка, якая таксама вярталася зь Беластоку, прапанавала ў яе пераначаваць і пакарміла. Усё здавалася вельмі дрэнна, кажа Паліна, але абярнулася так, «што ты бачыш казку і ня можаш гэтаму паверыць». Быў яшчэ начны шпацыр. «Горад для мяне адкрыўся і пакінуў у душы самыя прыемныя пачуцьці, з-за чаго мне штораз вельмі прыемна сюды вяртацца».

Жывая гісторыя

Паліна адказвае хутчэй адмоўна: «Ёсьць такі момант: можа, ня толькі ў Горадні, але што да ўсяе беларускай архітэктуры — калі ў нас аднаўляюць, замазваюць атмасфэру і, можа, тую гісторыю, смак якой ты хочаш адчуць, каб у цябе ўзьніклі нейкія асаблівыя асацыяцыі і ты адчуў сябе на два-тры стагодзьдзі раней».

Але ўсё ж пакінулі ўражаньні старыя дамы ў спалучэньні са старым брукам, самі гарадзенцы. «Нам сустрэўся вельмі імпазантны мужчына з сабакам, на фоне старога дому — штосьці я такое адчула асаблівае», — прызнаецца Паліна. Хоць яна «пакуль не адчула Горадні, не разумею яшчэ ні маштабаў гораду, ні яго ўнутранага тэмпу і рытму. Напэўна, таму, што яшчэ не правяла ў горадзе столькі часу, каб адчуць, які ён наагул і твой ён ці не».

Польскі акцэнт

«Польшчу я люблю. Была нядаўна ў Варшаве, і было прыемна адчуць, што не ўспрымаеш яе як далёкае замежжа. І нешта адчуваеш роднае, прыяжджаеш, як да сястры. Маё жыцьцё моцна не зьвязанае з Польшчай, але мне прыпісваюць польскі акцэнт. Я ня ведаю, чаму.

Мне падабаецца польская сьпявачка Марыя Пешэк. Выпадкова пачула яе ў кавярні і зацікавілася ёю, цяпер яна адна з улюбёных».

Сьпяваць без прымусу

Я пачала размаўляць таму, што аднойчы яе адчула і зразумела, што я хачу казаць, бо гэта прыгожа, штосьці адлюстроўвае з маёй душы — і атрымліваецца лепей, чым калі гэта сказаць на рускай мове

«Я яшчэ не ў такім узросьце, каб казаць такія рэчы: людзі, адкрыйце вочы і рабіце вось так. Я яшчэ сама спазнаю толькі гэтае жыцьцё і часта расчароўваюся. Але што тычыцца творчасьці, у мяне ёсьць такая ўмова: я буду сьпяваць, толькі калі мне самой будзе прыемна. Яна, можа, дастаткова эгаістычная, але я веру ў тое, што калі ты атрымліваеш задавальненьне, у цябе ёсьць унутраная моц ці хваля, якой ты можаш накрыць свайго слухача і несьці такое, што ты можаш падарыць людзям, штосьці пазытыўнае, — тады сьпяваць можна. А калі ня хочацца сьпяваць, то ня трэба».

Беларуская мова

«Як мне падаецца, беларуская мова, яна жыве ў гэтай зямлі. Я пачала размаўляць таму, што аднойчы яе адчула і зразумела, што я хачу казаць, бо гэта прыгожа, штосьці адлюстроўвае з маёй душы — і атрымліваецца лепей, чым калі гэта сказаць на рускай мове. І ёсьць адпаведнікі, якія немагчыма знайсьці ў рускай мове. Калі я разумею, што праз творчасьць я магу данесьці людзям прыгажосьць гэтай мовы, і мне кажуць ня толькі беларусы пра тое, якая ў нас прыгожая мова, але людзі з Расеі, з Украіны, то, безумоўна, я крыху адчуваю, што нейкую звышмэту я выконваю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG