Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Макар Ліхашэрст: Усе расейскамоўныя заўзятары „Дынама“ абараняюць беларускае


Дынамаўскі заўзятар Макар Ліхашэрст
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:54 0:00

Дзьве вышэйшыя адукацыі, паўтузіна пасьпяховых бізнэсовых праектаў, некалькі замежных моваў, але галоўная — свая. Такі ён, сучасны заўзятар футбольнага клюбу менскага «Дынама», якое пачало здабываць перамогі, вяртаючыся да роднае мовы.

Дынамаўскі заўзятар і адзін са стваральнікаў беларускамоўнай вэрсіі сайту клюбу Макар Ліхашэрст — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Я прыходзіў да беларускай мовы незалежна ад футболу. Проста атрымалася, што ў той момант, калі я дайшоў ужо да гэтага, паралельныя ўсе справы, якія б ні былі, у тым ліку футбол, — яны таксама сталі беларускамоўнымі.

Была прапанавана з боку клюбу ідэя стварэньня беларускамоўнай вэрсіі сайту, і было прапанавана людзям, якія маюць дачыненьне да клюбу — маю на ўвазе заўзятараў — паўдзельнічаць у гэтым. Спачатку, прынамсі, на добраахвотных асновах, для таго каб зразумець, наколькі гэта ўвогуле каму патрэбна. Такая была спроба апытаньня справай. Клюб пабачыў, што людзі адгукнуліся. І таму недзе на пачатку лета ўрэшце беларускамоўная вэрсія запрацавала, чаму мы вельмі радуемся.

І ўвогуле беларускага становіцца, здаецца, кожны год усё больш і больш. Пачаць варта з таго, што самі заўзятары — гэта, напэўна, тое, на чым трымаецца клюб. Яны яго падтрымліваюць, і яны ствараюць той попыт, дзеля чаго каманда гуляе. Заўзятары апошнія гады ўсё больш і больш праяўляюць сябе лагодна да беларускай мовы. Гэта выяўляецца і ў беларускамоўных банэрах, і ў іншых сродках падтрымкі каманды.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Што датычыць самога клюбу, асабліва сёлета заўважная гэтая праца, накіраваная на беларускую мову, на пашырэньне яе ўжываньня ў клюбе. Усё больш і больш беларуская мова прысутнічае на стадыёнах. І калі раней адзін-два чалавекі, якія пісалі на форумах па-беларуску, выклікалі ва ўсіх раздражненьне і нейкія кпіны, накшталт — што вы тут пішаце па-беларуску, ня верым мы, што вы такія беларускамоўныя, дый увогуле, навошта гэта трэба? А некаторыя й зусім агрэсіўна да гэтага ставіліся. І так было даволі масава яшчэ некалькі гадоў таму. Дык цяпер сытуацыя прынцыпова іншая. Цяпер ня дай божа каму-небудзь сказаць такое беларускамоўнаму якому-небудзь заўзятару на форуме. На яго накінуцца ўсе астатнія расейскамоўныя, абараняючы беларускамоўнага.

Беларуская мова цяпер сапраўды становіцца ўсё больш папулярная, але я б не сказаў, што гэтая папулярнасьць — кшталту моды. Гэта натуральны працэс. Людзі паступова сталеюць, нешта разумеюць. Не прыходзіць гэта раптам. Каб нешта асэнсаваць — патрэбны час.

Прыемна бачыць беларускую сымболіку на стадыёне. Пераважна, калі казаць пра бел-чырвона-белы сьцяг, яго можна пабачыць недзе за мяжой. На сёньняшні дзень у нас вось так атрымліваецца. Але калі паглядзець матчы, дзе гуляюць ці зборная, ці клюбы за мяжой, гэтая сымболіка прысутнічае заўсёды. Гэта ж ня нешта крымінальнае, што трэба забараняць законамі, указамі і нейкімі людзьмі ў пагонах. Нічога ў гэтым няма дрэннага. Наадварот, гэта — пазытыўна, гэта аб’ядноўвае нацыю. Тыя ж заўзятары, якія сядзяць на стадыёне, яны аб’яднаныя мэтай перамогі сваёй любімай каманды.

Ня тое каб крыўдна ад таго, што хакей паўсюль цяпер у Беларусі, што хакей — нумар адзін. Крыўднавата, што няма нумар два, тры, чатыры. Няхай бы разьвіваліся ўсе віды спорту. І той жа стадыён «Дынама», сапраўды, — гэта нацыянальны стадыён. Гэта ня тое каб нейкая прыватная цацка, якую хтосьці закінуў, і яна такая вось занядбаная стаіць, як можна пабачыць. Не — гэта ж дзяржаўная маёмасьць, і не абы-якая. У цэнтры сталіцы знаходзіцца. Але ж вось яна ў такім стане, і гэта пра нешта сьведчыць. На жаль.

Хочацца верыць, што тыя ж посьпехі, якія цяпер здабываюць клюбы, і зборная, можа, не падвядзе, паўплываюць на стан стадыёна. Хацелася б, каб і ў менскага «Дынама» быў добры стадыён, каб у зборнай Беларусі было дзе гуляць. І каб нам было ня сорамна, і проста каб было прыемна заўзятарам на ім знаходзіцца.

Я думаю, тады мы ўбачым па выглядзе, што гэтая каманда, якая выйшла на зялёны газон, сапраўды беларуская, калі мы будзем тое самае бачыць на вуліцах, у крамах, пад’ездах ці там яшчэ дзе-небудзь. «Дынама» — чэмпіён!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG