Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расстралялі… А што з маці пакараных?


Любоў Кавалёва (л) і Тацяна Кавалёва (п) адразу пасьля таго, як давелаліся пра расстрэл іхнага сына і брата Ўладзіслава Кавалёва
Любоў Кавалёва (л) і Тацяна Кавалёва (п) адразу пасьля таго, як давелаліся пра расстрэл іхнага сына і брата Ўладзіслава Кавалёва

Сёньня ў Беларусі выкананьня сьмяротнага выраку чакаюць 26-гадовы Аляксандар Груноў і 52-гадовы Эдуард Лыкаў. А ў красавіку сёлета расстралялі 23-гадовага Паўла Селюна. Пасьля зьдзяйсьненьня гэтага прысуду сваякам асуджаных застаецца толькі адно, але, бадай, нязбыўнае спадзяваньне — знайсьці, дзе пахавана расстралянае дзіця.

Справа Андрэя Блажэвіча

Праваабаронцы і юрысты «Плятформы», азнаёміўшыся з адной з расстрэльных спраў за 2002 год, правялі сваё ўласнае расьсьледаваньне. На падставе шматтамовых матэрыялаў сьледзтва, а таксама размоваў са шматлікімі сьведкамі, прыйшлі да высновы: пакараны «вышкай» 26-гадовы мянчук Андрэй Блажэвіч не вінаваты — яго абгаварылі падзельнікі. Менавіта яны жорстка забілі трох грамадзян Расеі, каб завалодаць іхнімі грашыма, а абгавор дапамог ім пазьбегнуць расстрэлу ды атрымаць пажыцьцёвае. Расказаная на сайце «Плятформы» гісторыя шакуе сваімі падрабязнасьцямі.

Аднак — што можа зьмяніць гэтае быццам бы цалкам пераканаўчае расьсьледаваньне праваабаронцаў? Расстраляны не ўваскрэсьне, яго нават не рэабілітуюць. Людзі, якія давалі «плятформаўцам» свае паказаньні (а сярод іх — былыя і дзейныя прадстаўнікі МУС, СК, пракуратуры, а таксама сьведкі, чыіх сьведчаньняў сьледзтва не ўзяло пад увагу), усе яны са зразумелых прычынаў ананімныя. У агульным настроі грамадзтва, сама меней палова якога ня супраць «вышкі» для нелюдзяў-злачынцаў, гэтая праўда наўрад ці што зьменіць. Расстраляны, якога ў выніку зрабілі «крайнім», усё ж быў неяк зьвязаны з бандытамі-забойцамі, зьяўляўся іх падзельнікам. Выкананьня ж сьмяротных пакараньняў не спыняюць ня толькі шматлікія заклікі беларускіх ды міжнародных праваабарончых арганізацыяў, але і рашучыя патрабаваньні краінаў усёй астатняй Эўропы, дзе такая вышэйшая мера даўно адмененая.

Магчыма, расьсьледаваньне прынесла нейкую палёгку блізкім нябожчыка? Тыя да канца сумняваліся ў ягонай віне, але, не дабіўшыся апраўданьня, ня вытрымалі ўсяго цяжару гора ды касых поглядаў суседзяў і мусілі зьехаць на новае месца жыхарства.

«На жаль, пошукі бацькоў Андрэя Блажэвіча былі беспасьпяховыя, — кажа цяперашняя кіраўніца „Плятформы“, сталая ўдзельніца нашых праграмаў Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — У розных базах, якія ёсьць у наяўнасьці, былі пададзеныя абсалютна розныя адрасы. Па ніводным з адрасоў гэтыя людзі не пражываюць. Дзе яны і што зь імі адбылося, мы сказаць ня можам. Апытаньне іхніх былых суседзяў таксама не дало ніякага выніку — зьехалі, дый усё. Зразумела, што з гэтай трагедыяй ім было цяжка жыць у той абстаноўцы. Але тое, што наступных адрасоў было некалькі і яны там таксама не пражывалі, — гэта неяк насьцярожвае, як, дарэчы і шмат што іншае ў справе».

«Калі ж адказваць на пытаньне пра мэту гэтага расьсьледаваньня, — працягвае мая суразмоўніца, — то мы б хацелі яшчэ раз прадэманстраваць, наколькі недасканалая наша судовая сыстэма, якая, нават выносячы сьмяротныя прысуды, не зьбірае неабвержных доказаў зьдзяйсьненьня злачынства. Але для суду і сьледзтва недапушчальна выносіць расстрэльны прысуд, не грунтуючыся на рэальных доказах, акрамя словаў тых зацікаўленых асобаў, якія абгаворваюць іншага, каб захаваць уласнае жыцьцё. Мы лічым, што тыя органы, якія судзяць, павінны зразумець, што да пытаньняў, ад якіх залежыць лёс чалавека, трэба падыходзіць больш старанна. Калі расстрэльныя прысуды ў нас выносяцца з такімі парушэньнямі, то што тады казаць пра іншыя выракі?»

Кіраўніца «Плятформы» указвае на яшчэ адзін момант, які звычайна застаецца ў цені ўсіх гэтых расстрэлаў: у людзей, якія ўчынілі злачынствы, ёсьць сваякі. Увагі таму, як жывуць пасьля пакараньня сьмерцю блізкія расстраляных, не аддаецца ані на ўзроўні дзяржавы, ані на ўзроўні грамадзтва. «Маральна-псыхалягічны стан гэтых людзей — за кадрам. За што караюць жанчын-маці, закладніц эканамічнай ды сацыяльнай сытуацыі, якіх хапае толькі на тое, каб пракарміць сваіх дзяцей, — незразумела».

Псыхоляг: Усім гэтым жанчынам патрэбная адмысловая дапамога

Сёньня ў цэнтры Эўропы расстрэлу чакаюць двое вязьняў-сьмяротнікаў. Аб выканьні прысуду, якое можа здарыцца ў кожную хвіліну, зь ня меншым жахам думаюць і сваякі асуджаных. Пра маці аднаго з асуджаных суседзі кажуць: жыве на таблетках, у любую хвіліну гатовая да горшага, аднак тым ня менш спадзяецца на цуд...

Маці расстралянага сёлета маладога хлопца, якая і дагэтуль старалася лішні раз не выходзіць на людзі, паводле сьведчаньняў жыхароў райцэнтру, стала ўвогуле як бы пустэльніцай. Яна нідзе не працуе, як перабіваецца зь іншым сваім сынам — невядома. Да расстрэлу, пакуль яшчэ была надзея, яна разам зь іншай маці асуджанага на сьмерць, фігуранта справы тэракту ў менскім мэтро Ўлада Кавалёва, удзельнічала ў розных грамадзкіх акцыях супраць сьмяротнага пакараньня. Калі сына ня стала, праўдападобна, адышла ад гэтай справы. Па сутнасьці, на сёньняшні дзень з усіх маці расстраляных паводле прысуду адна Любоў Кавалёва змагаецца за скасаваньне сьмяротнага пакараньня, кантактуе з журналістамі. У людзей яе пазыцыя выклікае сымпатыю.

Некаторыя кажуць: маўляў, маці Ўлада Кавалёва ў крыху іншай сытуацыі: віна ейнага сына «жалезна» не даказаная, і таму ёй лягчэй быць сярод людзей. Псыхолягі, аднак, трымаюцца іншай думкі. Любая жанчына, з сынам якой здараецца такая бяда, спачатку перажывае мацнейшы шок, а потым працяглую цяжэйшую дэпрэсію. Пры гэтым яна кладзе багата здароўя на тое, каб дамагчыся адмены расстрэлу. Пасьля ж выкананьня сьмяротнага выраку траціць апошнія рэшткі здароўя на тое, каб атрымаць цела ці даведацца пра месца пахаваньня. Вядома, што ў ЗША для сваякоў тых, хто апынуўся ў падобнай сытуацыі, наладжана псыхалягічная дапамога, ім адмыслова падбіраюць антыдэпрэсанты, бо выйсьці з такой цяжкай сытуацыі без дапамогі вельмі цяжка.

Любая маці ня можа прыняць: вось маё дзіця ўзяло ды забіла іншага чалавека. Усё роўна псыхалягічны рэгістар перажываньня яе адносна свайго дзіцяці будзе такі самы, як у той, якая лічыць недаказанай віну свайго дзіцяці

Гарадзенскі псыхоляг, кандыдат навук Аляксандар Прудзіла перакананы, што кожнай маці, чыё дзіця расстралялі, патрэбная псыхалягічная дапамога.

«Ці гэта маці таго чалавека, адносна якога даказана, будзем лічыць так, што забіў іншага чалавека, ці гэта маці таго ж Кавалёва. Яго віна, на мой погляд, не даказана. Тое, што ён злачынца, што дапамагаў бомбы рабіць, па-мойму, шыта белымі ніткамі. У вачах псыхоляга абедзьве гэтыя жанчыны аднолькава перажываюць. Таму адной і другой патрэбная псыхалягічная дапамога. Праблема адной і другой — тое, што іх аб’ядноўвае: страта дзіцяці. Любая маці ня можа прыняць: вось маё дзіця ўзяло ды забіла іншага чалавека. Усё роўна псыхалягічны рэгістар перажываньня яе адносна свайго дзіцяці будзе такі самы, як у той, якая лічыць недаказанай віну свайго дзіцяці».

У такой сытуацыі жанчына можа пайсьці ў паліклініку да псыхоляга. Але ці пойдзе — гэта ўжо іншае пытаньне, мяркуе Аляксандар Прудзіла:

«Яна думае: як гэта псыхоляг будзе аказваць дапамогу ды яшчэ бясплатна маці забойцы? Паводле такой лёгікі, у любога злачынцы вінаватая маці... Яна хутчэй пойдзе ў царкву, ці, можа, пойдзе да якога экстрасэнса. Альбо пойдзе — у нас нават у Горадні ёсьць кабета, якая гадае па картах Таро, — і будзе плаціць здуру грошы. Для абедзьвюх жанчын застаецца псыхалягічная траўма, гэта — страта дзіцяці, яна ніколі з гэтым не прымірыцца».

Усіх магчымых гадалак ды экстрасэнсаў у надзеі знайсьці месца пахаваньня расстралянага ў 2010-м 25-гадовага Андрэя Ж. абышла і ягоная маці. Зразумела, безвынікова. Адна гадалка сказала: пахаваны на роўным месцы, на ўскрайку лесу, як сабака...

«Так, мой сын вінаваты, але за што караюць мяне, што я ня ведаю, дзе магілка майго сына?» — кажа жанчына.

Куток расстралянага сына ў кватэры на шостым паверсе і сымбалічная магіла

Гарадзенскаму праваабаронцу Раману Юргелю неаднойчы даводзілася кантактаваць з маці сьмяротнікаў, у тым ліку і расстраляных у 2011-м двух 30-гадовых хлопцаў:

«Маці аднаго сьмяротніка з Горадні я аказваў бясплатную прававую дапамогу. Вядома, для маці гора, што сына асудзілі на вышэйшую меру пакараньня. І яна спрабавала паўсюль грукацца, ва ўсе дзьверы, спрабавала зьмяніць яго меру пакараньня. Але ўсё дарэмна. Пасьля расстрэлу гэтая бедная жанчына езьдзіла ў Менск — была на ўсіх тамтэйшых могілках, таксама ў крэматорыі, каб толькі даведацца: дзе магіла сына. Хадзіла да начальніка турмы. Сустракалася з бацюшкам, які наведваў зьняволеных-сьмяротнікаў, спавядаў іх, у тым ліку, і канкрэтна яе сына. Ізноў усё бяз вынікаў.

На „Валадарцы“ няшчаснай маці аддалі ўсе асабістыя сынавы рэчы: акуляры, вопратку, праўда, крыжык чамусьці не аддалі. Потым яна дома, у ягоным пакоі зрабіла такі куток, паставіла іконкі. Яны самі праваслаўныя людзі».

Праваабаронца Раман Юргель пра кантаекты маці сьмяротнікаў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:39 0:00
Наўпроставы лінк

Раман Юргель узгадвае таксама, што за год да расстрэлу, неўзабаве пасьля вынясеньня прысуду, у Горадню прыяжджалі прадстаўнікі «Міжнароднай амністыі». Паводле праваабаронцы, сям’я аднаго з дваіх асуджаных згадзілася даць відэаінтэрвію міжнародным прадстаўнікам, маці другога адмовілася. Яна патлумачыла: каб «не раззлаваць кіраўніка дзяржавы», бо мела тады спадзяваньне, што той можа сына памілаваць, замяніць сьмяротны прысуд на пажыцьцёвае зьняволеньне.

Пасьля таго як на наступны год прысуд быў выкананы, гэтая жанчына пагадзілася паказаць куток сына, а таксама яго апошнія лісты, бо адна журналістка паабяцала высьветліць — дзе яго пахавалі. Аднак высьветліць гэта было нерэальна. І жанчына, як і бацькі другога расстралянага, адмовілася надалей кантактаваць з журналістамі і нават заблякавала тэлефон.

У адным з гэтых дамоў было ўчынена забойства, а ў другім, у кватэры на шостым паверсе, жыў адзін са злачынцаў. Сёньня ягоная маці ў адным з пакояў стварыла яго куток
У адным з гэтых дамоў было ўчынена забойства, а ў другім, у кватэры на шостым паверсе, жыў адзін са злачынцаў. Сёньня ягоная маці ў адным з пакояў стварыла яго куток

Гарадзенскі спальны мікрараён Вішнявец... Дом, дзе жыў адзін з забойцаў і дзе яго маці зрабіла куток сына. Жыхары і сёньня ўзгадваюць, як былі ўражаныя і настрашаныя, што зь імі побач быў малады хлопец, здольны на недапушчальнае: прычыненьне сьмерці іншаму чалавеку. Тады крывавае злачынства напалохала, узбударажыла, абурыла. Пагатоў другі злачынца жыў непадалёк, а забойства было ўчынена зусім побач. Адна з суседак расказвае, што гэта быў сапраўдны шок, некаторыя асуджалі маці забойцы. Але многія працягвалі ставіцца да яе нармальна — як і раней, не адварочваліся, віталіся. І такое стаўленьне захавалася і дагэтуль.

Спадарыня: «Не, людзі яе не асуджаюць. Яна добрая жанчына, яна дзіцяці нічога дрэннага не рабіла, выгадавала. Людзі шкадуюць, таму што хлопца загубіў алькаголь. Ён быў харошы, але ня склалася зь сям’ёй, з працай, а ў стане алькагольнага ап’яненьня праявілася агрэсія. Усё вось так атрымалася. Тое, што ён сябе так павёў, — разумееце, якая сытуацыя: кожная маці лічыць, што вінаваты той, другі. Яна абвінавачвае таго, што дрэнна ўплываў, а тая маці — гэтага, што ўплываў ня так на яе сына. Вось і ўсё. Але паміж сабой гэтыя маці не кантактавалі, гэта таксама пра нешта кажа».

Ёсьць зьвесткі, што некаторыя маці такіх сыноў робяць у толькі ім вядомым месцы сымбалічныя магілы, дзе хаваюць рэчы нябожчыка. Сюды і прыходзяць, калі на душы вельмі цяжка. «Каб пагутарыць зь дзіцем».

У адрозьненьне ад іх, маці Ўлада Кавалёва ня хоча рабіць аніякіх сымбалічных пахаваньняў сына. Яна зьбіраецца да канца змагацца з уладамі, каб ёй вярнулі ягонае цела.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:36 0:00
Наўпроставы лінк

Алкаеў: Шанцы атрымаць целы — «нулявыя»

Алег Алкаеў, былы начальнік «Валадаркі» ды кіраўнік расстрэльнай каманды, пры чыім удзеле было расстраляна 130 асуджаных, з жалем канстатуе, што шанцы Любові Кавалёвай, як і іншых маці, якія хочуць атрымаць целы сыноў-нябожчыкаў, — «нулявыя». Ён узгадвае, як у свой час яму цяжэй за ўсё было адказваць такім маці пра месца пахаваньня іхніх дзяцей. І ў маральным пляне гэтая працэдура давалася яму ня менш цяжка, чым сам расстрэл.

Алкаеў: «Што я мог ім адказаць? Гэта строга засакрэчаная інфармацыя, і выдаваць яе я не магу нават цяпер. Тыя, хто выконвае прысуды, ніколі не распавядуць пра сваю працу і тым больш пра месца пахаваньня. Магу толькі сказаць — усе месцы пахаваньня безыменныя. Ніякіх таблічак, грудкоў, галінак або іншых прыкметаў пахаваньня мы не пакідалі. Так што самім выявіць гэтыя месцы нерэальна. Усё зроблена так, што ніводная жывая душа ніколі не даведаецца, дзе пахавалі таго ці іншага вязьня».

Тым ня менш часам даводзіцца чуць, што некаторыя сем’і шукаюць самых розных падыходаў да любога турэмніка, каб за любыя грошы купіць інфармацыю пра месца пахаваньня.

Праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч засьцерагае такіх людзей, каб ня трапілі ў рукі афэрыстаў: той, хто за вялікія грошы выдае адрасы магіл, наўрад ці паказвае рэальныя месцы. Проста на горы сваякоў такім чынам робяцца грошы.

«Тое, што з усім гэтым трэба нешта рабіць цяпер, не чакаючы адмены сьмяротнага пакараньня, — гэта відавочна. Асабліва таму, што гэтае пытаньне ідзе вельмі марудна і дзяржава не асабліва ідзе ў ім на кантакт. Прысуды працягваюць выносіцца. Трэба рабіць хоць нейкія крокі, каб аблягчыць сытуацыю сваякоў. З майго пункту гледжаньня, пачынаць трэба з унясеньня зьмены ў КВК у артыкул 175, які рэглямэнтуе нявыдачу цела сваякам і непаведамленьне пра месца пахаваньня. І другі момант — усталяваньне дыялёгу з сыстэмай МУС, ДВП пра тое, чаму не выдаюцца целы расстраляных».

Як мяркуе мая суразмоўніца, асноўная перашкода на гэтым шляху — тое, што прысуд выконваецца стрэлам у патыліцу. Гэта як правіла нявечыць твар расстраляных. Магчыма, якраз у сувязі з гэтым у даўнія савецкія часы пастанавілі не выдаваць целы. У ЗША, дзе сьмяротнае пакараньне падтрымліваюць 65% насельніцтва, выкананьне выраку ў большасьці выпадкаў робіцца праз сьмяротныя іньекцыі. Потым цела выдаецца сваякам для пахаваньня. Гэта ўсё ж больш цывілізавана.

Красоўская-Касьпяровіч: «Што тычыцца пахаваньня асуджаных на сьмерць злачынцаў, то у сыстэмы МУС могуць быць і наступныя аргумэнты: пахаваньне ў адкрытым доступе некаторых асабліва цяжкіх злачынцаў, напрыклад, тых, хто пры жыцьці належаў да розных сэктаў, можа пацягнуць за сабой правядзеньне нейкіх рытуалаў на могілках... Але і гэтае пытаньне вырашальнае — такія месцы пахаваньняў маглі б быць на тэрыторыях, якія ахоўваюцца. Наагул, могілкі павінны ахоўвацца».

Ці справядліва ў грамадзтве ставяцца да сваякоў асуджаных на расстрэл?

Такое пытаньне наш карэспандэнт задаў жыхарам Горадні. У гэтым абласным цэнтры апошнім часам зьдзейсьнена найбольш злачынстваў, вынікам якіх стаў сьмяротны прысуд.

Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG