Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 прычын есьці кавун


Ва ўсім сьвеце існуе каля тысячы розных гатункаў кавуна, але ўсе яны адносяцца да аднаго і таго ж біялягічнага віду расліны, што называецца Citrullis lanatus. Кавун пароднены з дыняй, гарбузом і агурком.

1. Наталяе смагу

Прыкладна 92% зьмесьціва кавуна – вада. Разам з тым яго плоць вельмі салодкая і хрумсткая, так што наталеньне смагі адбываецца з асалодай і быццам непрыкметна.

Кавун — натуральны дыўрэтык, які паляпшае мочаспусканьне, але не напружвае ныркі (у адрозьненьне ад алькаголю і кафэіну). Кавун дапамагае пячонцы пазбавіцца ад аміяку (адход ад пераварваньня бялкоў), які выклікае нагрузку на ныркі.

2. Крыніца калію

У сьпякоту важна есьці прадукты, багатыя на калій. Менавіта калій адказвае за балянс вадкасьці ўнутры клетак. Лічыцца, што даросламу чалавеку неабходна прыкладна 4.000-4.500 мг калію ў дзень. Адзін невялічкі кавалак кавуна ўтрымлівае прыкладна 400 мг. Ня дзіўна, што летам хочацца кавуна, і што менавіта кавун наталяе пачуцьцё смагі.

3. Зьніжае рызыку ўзьнікненьня раку прастаты

Кавун – выдатная крыніца караціноіду лікапіну. Сярод усіх караціноідаў лікапін пераважае ў чалавечай плазьме, розных тканінах і прастаце. Лічыцца, што рэгулярнае спажываньне лікапіну можа значна зьнізіць рызыку ўзьнікненьня раку прастаты. Акрамя кавуна, асноўнымі крыніцамі лікапіну зьяўляюцца таматная паста, таматны соўс, таматны суп, кетчуп, сырыя памідоры, ружовы грэйпфрут, гуава і папая.

4. Процістаіць ультрафіялетаваму апраменьваньню і заўчаснаму старэньню скуры

Той жа поліфэнол лікапін, аб якім ішла гаворка вышэй, зьяўляецца эфэктыўным гасільнікам шкоднага кіслароду, то бок ён процістаіць акісьляльнаму стрэсу.

Дарэчы, лікапін зьяўляецца ліпафільным («любіць тлушч»). Гэта азначае, што яго аптымальнае паглынаньне адбываецца ў прысутнасьці харчовых тлушчоў. На практыцы гэта значыць, што калі есьці кавун ня проста так, а разам з тлустымі прадуктамі (напрыклад, у складзе салаты з сырам фэта і аліўкавым алеем), то паглынаньне лікапіну значна павялічваецца.

5. Супакойвае боль у цягліцах

Паводле вынікаў дасьледаваньня, што нядаўна былі надрукаваныя ў часопісе сельскагаспадарчых прадуктаў харчаваньня і хіміі (Journal of Agricultural Food and Chemistry), ужываньне соку кавуна перад сур'ёзным выпрабаваньнем дапамагло зьнізіць сардэчны пульс спартоўцаў і паменшыць на наступны дзень боль ў цягліцах. Кавун багаты амінакіслатой пад назвай L-цытрулін, якая ў арганізьме ператвараецца ў незаменную амінакіслату L-аргінін. Аргінін паляпшае кровазварот.

6. Дабратворна ўплывае на крывяны ціск

Клінічныя дасьледаваньні дэманструюць гіпатэнзіўны (паніжаючы ціск) эфэкт кавуна. Рэгулярнае ўжываньне невялікай колькасьці кавуна здольнае істотна панізіць ціск як у людзей з нармальнай вагой, так і ў людзей з атлусьценьнем, якія пакутуюць на гіпэртэнзію. Адна з тэорый заключаецца ў тым, што гэтаму спрыяе амінакіслата L-цытрулін, якая ў значнай меры прысутнічае ў кавуне.

7. Вітамін С

Кавун – цудоўная крыніца вітаміну С. Адзін кавалак кавуна ўтрымлівае 40% ад сутачнай нормы, або 24 мг.

8. Вітамін А

Кавун – выдатная крыніца вітаміну А. Адзін кавалак кавуна ўтрымлівае 33% ад сутачнай нормы, або 1.600 міжнародных адзінак.

9. Зьніжае ўзровень трыгліцэрыдаў у крыві

Навуковыя дасьледаваньні паказалі, што рэгулярнае ўжываньне невялікай колькасьці кавуна спрыяе зьніжэньню ўзроўню шкоднага халестэрыну і трыгліцэрыдаў у крыві людзей, якія пакутуюць на гіпэрліпідымію (павышаны ўзровень шкодных ліпідаў, або тлушчаў у крыві).

10. Дыетычны прадукт

Дзякуючы вялізарнаму складу вадкасьці кавун выдатна напаўняе страўнік і такім чынам надоўга адбівае апэтыт!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG