Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпітафія, напісаная мылам


Малюнак: П. Татарнікаў (с) 2014
Малюнак: П. Татарнікаў (с) 2014

Савок. А добрае ж было слова. Выразнае, пагардлівае, моцнае, такіх цяпер яшчэ пашукаць. Яно пражыло доўгае і шчасьлівае жыцьцё і памерла ў сьне — а такі прывілей даецца ня кожнаму. Таму здымем капелюшы, шапкі, парыкі, бэйсболкі і скальпы — слова «савок» паслужыла не аднаму пакаленьню беларусаў. І, як гэта часта бывае, ягонага ціхага адыходу амаль ніхто не заўважыў. Падох сабе — і падох. Ён жа савок — яго не шкада.

Ад мерцьвякоў застаюцца рэчы. Напрыклад, вопратка. Беларусы — народ запасьлівы. Вось і майму пакаленьню давялося даношваць тое-сёе з рэчаў нябожчыка — каб канчаткова засьведчыць завяршэньне тэрміну прыдатнасьці. Людзей саўка наогул лёгка адрозьніць ад іншых. Хаця б па тым, як часта яны ўжываюць слова «савок». Мы пасьпелі пабачыць Савецкі Саюз перад ягоным сконам — і паназіраць спробы яго муміфікацыі ў асобна ўзятай краіне, прыстасаванай пад маўзалей. Жыхары гэтай краіны, мы самі яшчэ былі ў чымсьці саўкамі. Прызнаўшы гэта, нам лягчэй было ісьці наперад.

Савок у Беларусі скончыўся. Саўка больш няма — застаўся звычайны шуфлік. Мірная прылада без дадатковых сэнсаў. Што зь ім рабіць, каго закопваць або наадварот, адкопваць — гэта ўжо іншае пытаньне. А што рабіць з саўком — у свой час ведаў кожны.

Зьнішчыць. Выціснуць зь сябе, па кроплі, выдзерці, выпаліць гарачым жалезам. Без анэстэзіі. Ці атрымалася? Магчыма, не да канца. Савок скалечыў нас яшчэ да таго, як мы ўпершыню пачулі гэтае слова. Мы думалі, савок — гэта на ўсё жыцьцё. Што савок — гэта тое, што ня лечыцца. А ён узяў і памёр.

І сёньня яшчэ можна пачуць, што, маўляў, Беларусь — гэта савок. Што тут ён жыве, атрымаўшы палітычны прытулак і від на жыхарства, і зьбіраецца навекі атайбавацца на гэтых прасторах. Вядома, такі падыход — самы зручны. І самы саўковы. Бо пазбаўляе адказнасьці за сваё ўласнае жыцьцё, якое за беларусаў ніхто не пражыве, апрача іх саміх.

Хто хоча жыць па-саўковаму, так і жыве, наракаючы на лёс і цяжкае дзяцінства, якім у нашым выпадку ёсьць савецкае мінулае.

Але яны памыляюцца.

Калі савок у Беларусі і застаўся — дык існуе цяпер хіба ў выглядзе кавалкаў мярцьвячыны, хаатычна раскіданых па краіне. Ведаць, дзе яна валяецца, і старацца не наступіць — вось і ўсё, што трэба ад прытомнага беларуса, каб ня жыць пры саўку. Мінімальныя навыкі, якім няцяжка навучыцца.

Мярцьвячына — усе гэтыя помнікі правадырам і іншым фюрэрам, бессэнсоўныя тапонімы, абсурдныя плякаты, брахлівыя і нудныя тэлеканалы, так званая «дзяржаўная сымболіка»: уся гэтая чырвона-зялёная гніль. Маніякальныя графаманы, усе гэтыя пісьменьнічкі і паэцішкі, якія змагаюцца за тое, каб беларуская літаратура ня дай бог ня страціла свайго савецкага ўбоства. Тупаватыя чыноўнічкі, якіх нібыта толькі ўчора размарозілі, даставіўшы сюды наўпрост зь сямідзясятых. Навязьлівая прапаганда, якой дзень пры дні бяздарныя «журналісты» на дзяржаўнай службе б’юць па галаве няшчаснае «насяленіе». Куча лішніх словаў, нікому не патрэбных — але якія засьмечваюць прастору так, што ў ёй бывае немагчыма паварушыцца... Лубок замест культуры. Страх, які робіцца паранояй пры набліжэньні да іншых. Няздольнасьць дыскутаваць, гаварыць, думаць. Паталягічны патэрналізм, якім атручана ўсё: ад дзіцячага садка да любога працоўнага калектыву і сям’і. Крывадушнасьць, нянавісьць, рабства. Усё тое, што завецца кароткім словам «савок». Усё, што выдаецца за традыцыйны ўклад жыцьця.

Здаецца, яе так шмат, гэтай мярцьвячыны, што не наступіць, не запэцкацца проста немагчыма. Але Беларусь большая за свой аджылы савок. Усёй гэтай мярзоты ўсё роўна не хапае, каб пакрыць ёй краіну і прымусіць кожнага цалаваць сьвятыя мошчы саўка. Чыстых палянаў і празрыстых азёраў для творчасьці тут хапае. Ведаць, дзе бруд, і не наступаць — вось і ўсё, што трэба. Астатняе зробіць час, гісторыя і прыродны закон гніеньня. Можа, хтосьці яшчэ і жыве пры саўку, бо ня можа бяз гэтай мярцьвячыны. Ну што ж, а некаму падабаецца нюхаць клей. Кожны выбірае сабе тую рэальнасьць, у якой яму зручней. І той час, да якога ён гатовы.

Беларусы словам «савок» ужо не карыстаюцца. Яны карыстаюцца лапатамі, граблямі і шуфлікамі. Прыбіраюць свае ўчасткі. Сачыць, каб ня вынесьлі на сьметнік чаго лішняга — у гэтым і бачыць сваю задачу сьвядомая беларуская інтэлігенцыя. Інтэлігенцыя — таксама саўковае слова. І яно таксама — памірае. Ніхто не заплача.

Бо час ня той. Беларусь ужо даўно не постсавецкая. Нармальная эўрапейская краіна, ня самая шчасьлівая і ня самая багатая, прыгожая і прыціхлая. Краіна, якая аднойчы прачнулася сярод Эўропы — і тут жа атрымала ўкол у ня самае мяккае і балючае месца: спаць! Але яна гатовая жыць без саўка. Ён больш не ўладар. Ляжыць сабе ў зямліцы сырой, і вэтэраны муміфікацыйнай гаспадаркі пускаюць на магілку шумлівыя струмяні настальгіі. Іх можна зразумець. І рабіць сваё таксама — можна.

І небясьпека тут толькі адна. Не паблытаць мёртвы савок з жывымі сьведкамі. Бронзавыя леніны і іншае сьмецьце — гэта, ясная рэч, савок. А савецкі Менск, напрыклад, гэта помнік архітэктуры ХХ стагодзьдзя. Прычыненьне шкоды якому караецца па законе. Таму за ягонае вынішчэньне адказваць апошнім беларускім саўкам. Напэўна, такое магчыма толькі тут. Беларусы любяць узаемавыключэньні. Асабліва ў цёмны час сутак. Выключыў — і адключыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG