Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята футбола ці футболу? ВІДЭА

абноўлена

Сьвята футбола ці футболу? Канчатак -а і -у ў беларускай мове
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:12:01 0:00

Як беларуская мова адолела камісарскі загад 1933 году і як бяскрыўдны канчатак роднага склону стаў аб’ектам вайны, сапраўднай, з ахвярамі? Распавядае Вінцук Вячорка

Перад вачыма рэдактара адукацыйнага сайту вісіць паперка з двума слупкамі.

Зьлева — канчатак роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду -а (-я): праекта, урока, семінара, факультатыва, курса.

Справа — канчатак -у (-ю): конкурсу, фестывалю, перапынку.

Кожны беларускі рэдактар і карэктар, які працуе паводле афіцыйных моўных стандартаў, ведае гэты праклён. Хоць у лоб страляй — ня ўцяміш, якая нябачная сэмантычная (ці фанэтычная) розьніца раскідала два абстрактныя назоўнікі праект і конкурс па розныя бакі граматычнае барыкады. Чаму няма ўрока, але няма перапынку. Чаму назоўнік бывае пэўнага роду і ліку, але склона. Чаму факультатыва, але фестывалю. Інтуіцыя тут ні да чога. Але так было не заўсёды.

Пачынальнікі ішлі за жывою моваю

Браніслаў Тарашкевіч у сваёй легендарнай «Беларускай граматыцы для школ» апісаў выбар канчаткаў каротка і проста (тут цытата з 5-га выданьня, Вільня, 1929):

Родны склон адз. лiку мае канчатак у або а, як у цьвёрдым, так i ў мягкiм скланеньнi (у мягкiм скланеньнi пiшацца -ю, -я).

Канчатак -а (-я) знаходзiм: 1. у прадметнiках, што азначаюць жывыя творы, напр.: чалавека, Язэпа, брата, ваўка, вала, злодзея, вераб’я i iнш;

2. у прадметнiках вобразных, што можна бачыць, лiчыць, асаблiва, калi нацiск прыходзiцца на канчатак: грош — грашá, малаток — малаткá, нож — нажá, нос — насá, кош — кашá, коўш — каўшá i iнш.

3. у назовах месяцаў: студня, сакавiка, красавiка i г. д.

Іншыя прадметнiкi звычайна маюць канчатак -у (-ю): розуму, болю, жалю, сьмеху, смутку, грому, роду, мiру, абычаю, дару, страху, веку, року, пакою, усходу, заходу, ценю (гэты цень), плачу, ураджаю, жару, прымусу, люду, народу...

Тэрміналёгія цяпер крыху памянялася: ня «вобразныя прадметнікі», а «канкрэтныя назоўнікі». Але Тарашкевічаў падыход адпавядаў жывой мове і быў мэтадычна абгрунтаваны: ён вычарпальна пералічыў назоўнікі мужчынскага роду, дзе абавязкова будзе -а (-я) у родным склоне, і пакінуў шырокую прастору канчатку -у (-ю) для астатніх. Па савецкі бок мяжы падзеленай Беларусі мовазнаўцы разважалі падобна.

У тым самым 1929 годзе ў Менску выйшла 8-е выданьне «Беларускага правапісу» Язэпа Лёсіка (нагадаю — ён зь Мікалаеўшчыны, дзядзька Якуба Коласа):

ПРАВІЛА 26. У родным склоне адзіночнага ліку канчатак а—я маюць іменьнікі мужч. роду, калі азначаюць:

1) прадмет жывы: сына, брата, кума, свата, гаспадара, пісара, стоража, Язэпа, Васіля, Грыгора, каня, вала, воўка і ваўка...

2) прадмет няжывы, але непадзельны, г. зн. такі, часьць якога ня можа назвацца імем цэлага прадмета: бота, плуга, сярпа, нажа, пня, кошыка...

3) названьні часьцей цела: пальца, кіпця, языка, зуба, вуса, локця, носа і г. д.

4) названьні месяцаў: месяца кастрычніка, лістапада, сьнежня, студня, мая, траўня...

5) названьні мер, грошай, танцаў: сажня, гарца, хунта, пуда, мэтра, літра і пад.; граша, рубля, траяка, шэлега, франка, даляра і пад.; казака, вальца і пад. (...)

Канчатак у—ю ў родным склоне адзіночнага ліку маюць іменьнікі мужч. роду, калі яны азначаюць:

1) названьні матэрыялаў і наогул няжывых прадметаў, часьць каторых наз. імем цэлага прадмета: цукру, тутуну...

2) разумовыя паняцьці: розуму, жалю, гневу, сну, часу, клопату, суму, болю, страху, смутку, запалу, поступу, грому, лому, рынку, веку, року, роду, міру, дару, усходу, заходу, ценю, звычаю, пакою...

3) прадметы зборныя: люду, натоўпу, народу, лесу, гаю, бору, саду, хвойніку...

4) іменьнікі чужаземнага пахаджэньня: факту, акту, дакумэнту, фундамэнту, экзаміну, працэнту, працэсу, курсу, тому, мэталу, ганку, пляцу, маху, гатунку, густу, гумару, кантракту, камісарыяту, інстытуту, унівэрсытэту і пад.;

5) часам адзін і той-жа іменьнік у родным склоне ўжываецца то з канчаткам а-я, то з у-ю ў залежнасьці ад таго, што ён абазначае, напр.:

а) калі абазначае асобны прадмет з пэўнаю формаю, то будзе канчатак а-я: няма (асобнага прадмета) каменя, гада, зьвера, ліста, папера (дакуманта, напр.);

6) а калі гэтым-жа іменьнікам абазначаецца нешта зборнае, то будзе канчатак у-ю: «няма каменю» (каменьняў, масы); «там зьверу шмат і ўсялякага гаду»; «назьбіралі лісту»; «не хапіла паперу»; «ня было вечару» (забавы), але «чакаў вечара» (канец дня);

7) у некаторых словах у родным склоне канчатак а-у ўжываецца аднолькава, з роўным значэньнем, напр.: з моста і з мосту, аўса і аўсу, чацьвярга і чацьвяргу, дня і дню, плота і плоту, дома і дому, да поўдня і да поўдню, з воза і з возу (...)

Лёсік таксама заўважыў, што ў тапонімах (геаграфічных назвах) бываюць абодва канчаткі. Толькі канчатак -а (-я): з Барысава, з Кракава, з Магілёва, з Міра, з Любліна, з Капыля і пад. (пазьней Янка Станкевіч зазначыў, што гэта тычыцца ўсіх назваў на -ў). Толькі -у (-ю), калі аснова канчаецца на к: зь Менску, Слуцку, Смаленску, Полацку, а таксама з Каўказу, Крыму, Эгіпту, Дону, Дунаю, Лёндану, Рыму, Мадрыду. Урэшце, ёсьць варыянты: з Гомеля і з Гомелю, з Нясьвіжа і з Нясьвіжу, з Бэрліна і з Бэрліну, з Парыжа і з Парыжу.

Як бачым, асноўным канчаткам роднага склону для неадушаўлёных назоўнікаў мужчынскага роду граматысты клясычнай эпохі бачылі -у (-ю). Ужываньне ж -а (-я) абмяжоўвалі ясным пералікам. Гэта невыпадкова. У старабеларускай мове раньняе пары выбар канчаткаў залежаў ад старажытных гукавых асаблівасьцяў. Тымчасам у жывой народнай мове пашыраўся канчатак -у (-ю). Мовазнаўцы А. Булыка, А. Жураўскі, І. Крамко кажуць, што канчатак -у (-ю) неадушаўлёных назоўнікаў (найперш рэчыўных, зборных, абстрактных) запанаваў і ў пісьмовай мове з канца XV — пачатку XVI ст.: попелу, саду, розуму, абычаю, сораму, а таксама сойму, замку, муру, Дамаску, Рыму, Царагораду.

Пашырэньне -у (-ю) — шматвяковы і жывы моўны працэс. Дасьледнікі беларускіх дыялектаў новага часу, зафіксаваўшы формы заводу, сельсавету, калхозу, Мінску, з млыну, адзначаюць, што працэс пашырэньня канчатку -у за кошт канчатку -а ў гаворках працягваецца і цяпер (Нарысы па беларускай дыялекталогіі, 1964). Падобныя зьмены зазнавалі і ўкраінскія гаворкі, і польскія. I расейскія таксама, але пра гэта ніжэй.

Разварот моўных рэк. 1933

Пасьля 1920-х прыходзяць 1930-я. У БССР спыняецца «беларусізацыя», многія ўдзельнікі яе пазбаўляюцца свабоды і самога жыцьця. Аб’ектам пільнай увагі бальшавікоў становіцца беларуская мова — яе словы, правапіс і нават граматыка. У тым ліку злашчасны родны склон назоўнікаў. Апошні афіцыйны дакумэнт, пісаны ў БССР клясычным правапісам і граматыкай — дзеля таго, каб іх скасаваць:

«АБ ЗЬМЕНАХ І СПРАШЧЭНЬНІ БЕЛАРУСКАГА ПРАВАПІСУ. ПАСТАНОВА САВЕТУ НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР...

Нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх працоўных мас, ствараў штучны бар’ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэдневяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі...

У мэтах рашучага выгнаньня з беларускага правапісу нацыянал-дэмакратычных уплываў і скажэньняў, палягчэньня шырокім працоўным масам вывучэньня беларускай пісьменнасьці, аслабаненьня школы ад непрадукцыйнай работы пры вывучэньні беларускага правапісу, у мэтах далейшага разьвіцьця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкаваньня беларускага правапісу задачам выхаваньня працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму, Савет Народных Камісараў БССР пастанаўляе ўнесьці ў існуючы правапіс наступныя зьмены: (...)

18. Назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку пісаць пераважна з канчаткамі „а“, „я“: завода, цэха, трактара, інстытута, сацыялізма, універсітэта, правапіса, але: жалю, болю, гаю, лесу, краю, цэменту. (...) Старшыня Савету Народных Камісараў БССР М. ГАЛАДЗЕД. Кіраўнік спраў Савету Народных Камісараў БССР С. КАНДЫБОВІЧ. 26 жніўня 1933 г. г. Менск»

Гэты пункт зьявіўся нечакана для тых нешматлікіх мовазнаўцаў, якія яшчэ заставаліся на свабодзе. Дыскусіі пра яго раней не было, не было і тэндэнцыі так пісаць і гаварыць. «Правіла» пашырала ўжываньне канчатку -а (-я) радыкальна і да незразумелых межаў, як піша дасьледнік гісторыі беларускага мовазнаўства С. Запрудзкі.

Мовазнаўцы і навуковая грамада Заходняй Беларусі асудзілі рэформу 1933 году ў цэлым. Пашырэньне канчатку -а (-я) як прыклад граматычнае русіфікацыі падае Станіслаў Станкевіч («Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу»):

«Яшчэ рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову некалькі чужых ёй расейскіх марфалягічных асаблівасьцяў, выкінуўшы зь яе адпаведныя ім беларускія асаблівасьці. Гэтак для бальшыні назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку рэформа ўвяла канчатак -а (завода, інстытута, сацыялізма), заміж ужыванага ў беларускай мове канчатку -у (заводу, інстытуту, сацыялізму)»

А што самі расейцы?

У расейских сталых выразах, у мове, стылізаванай пад народную, канчатак -у адпаведнага склону сустракаецца: «Однажды, в студеную зимнюю пору, Я из лесу вышел; был сильный мороз»; час от часу не легче; со страху і г. д. Захавалася гэтая форма пры абазначэньні часткі цэлага: выпить чаю.

Сапраўды, расейская народна-дыялектная мова перажывала такі самы працэс пашырэньня канчатку -у (-ю) на месцы колішняга -а (-я), што і беларуская ды ўкраінская. Аднак у расейскай літаратурнай мове ён пад уплывам царкоўнаславянскае нормы быў спынены і канчаткова разьвернуты ў процілеглы бок у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. (У першай палове стагодзьдзя рэцыдывы былі: «Но прежним чувствам нет возврату...» — М. Лермантаў, 1832 год.)

Язэп Сянкоўскі
Язэп Сянкоўскі

Язэп Юльян Сянкоўскі (Осип Сенковский, псэўданім Барон Брамбэўс) — вядомы расейска- і польскамоўны пісьменьнік, выдавец (часопіс «Библиотека для чтения»), вучоны-ўсходазнаўца. Нарадзіўся ў 1800 годзе пад Вільняй, вучыўся ў Менскім калегіюме і Віленскім унівэрсытэце.

Вось жа Сянкоўскага за «-у-каньне» жорстка высьмейваў вядомы кожнаму савецкаму школьніку рэвалюцыйна-дэмакратычны крытык Бялінскі — «неистовый Виссарион»: «После этого стиха, о „Библиотеке для чтения“ скорее можно сказать, что она не выдумает пороху, нежели, что она не сочинит стиху...» (1841). Крытык «неистово» вычвараўся ў адрас Сянкоўскага і пазьней: «И мне кажется, что я уже слышу громкий хохот и бешеного восторгу, оттого, что в поэме нет никакого размеру, а может и от смешной претензии пыхтящего рецензенту преобразовать правописание языку, который чужд ему и которого духу он совсем не знает» («Литературный разговор, подслушанный в книжной лавке», 1842).

Менскі езуіцкі калегіюм
Менскі езуіцкі калегіюм

Недзе выпальвалі канчаткі гарачым словам, недзе — і палымяным словам, і куляй энкавэдзіста.

«...Прызрак бродзіт па Яўропе, прызрак камунізма!»

Пасьля 1933 году навукоўцы, якіх засталося няшмат, спрабавалі спалучыць зададзены кірунак на русіфікацыю граматыкі і моўную рэальнасьць. Ю. Шакаль і М. Жыркевіч у «Граматыцы» 1938 году захавалі рытуальны выраз «больш пашыраны канчатак -а, -я», але зарэзэрвавалі -у (-ю) за рэчыўнымі (мёду), зборнымі (лесу) і абстрактна-разумовымі паняцьцямі (друку, уздыму).

У 1962 годзе аўтары вялікай акадэмічнай «Граматыкі беларускай мовы» вымушаныя былі сур’ёзна ўлічыць супраціў беларускага моўнага арганізму нэўралептычнай іньекцыі году 1933. Адпаведны пункт правілаў быў пашыраны наколькі магчыма, але адмовіцца ад «-а»-тэндэнцыі не выпадала, дробная дэталізацыя разьдзьмула правіла на тры вялікія старонкі. Згаданыя ў граматыцы «каля плоту» ў Коласа, «песьні чутны з палацу» ў Купалы, «цыбуля з агароду» ў Чорнага — гэта ўсё парушэньні «нормы».

Легендарным стаў наступны пункт:

[З канчаткам -у (-ю) ужываюцца... абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць:] г) Грамадскія фармацыі, сацыяльна-палітычныя і навуковыя плыні, навуковыя тэорыі і інш.: капіталізму, феадалізму, матэрыялізму, дарвінізму... Выключэнне з гэтай групы складаюць словы камунізм, сацыялізм, марксізм, ленінізм, якія па традыцыі ўжываюцца з канчаткам -а (камунізма, сацыялізма, марксізма, ленінізма).

Як успамінае мовазнаўца Іван Лепешаў, на ягоныя спробы ў 1978 годзе пераканаць Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук скасаваць недарэчнасьць Міхась Суднік (тагачасны дырэктар Інстытуту — дарэчы, якога як асобнай установы няма з 2007 году) адказаў: «Ня так тут усё проста, як вам здаецца. Вы ж наўрад ці ведаеце, што перш чым пабачылі сьвет новыя „Правілы...“ [правапісу], іх шмат тыдняў разглядалі ў галоўным штабе камуністаў — ЦК, а потым і нас запрасілі туды. Усё высокае начальства было там, усе паказвалі сябе нібыта вялікімі знаўцамі мовы, уносілі папраўкі. Асабліва абурыла некаторых тое, што ў праекце „Правілаў...“ у лік абстрактных назоўнікаў, сярод іншых з суфіксам —ізм (рэалізм, патрыятызм, феадалізм, дарвінізм), трапілі і гэтыя чатыры словы.

„Як гэта вы, — саромілі яны нас, — сацыялізм, які мы ўжо даўно пабудавалі, які стаў для ўсіх працоўных нашых рэальнасьцю, лічыце нейкай абстракцыяй?! І камунізм не абстрактна-разумовае паняцьце, а наша рэальнае, блізкае заўтра! Што, і ленінізм для вас абстрактнасьць?!“ Нехта з нас асьмеліўся быў сказаць, што граматыка ў паняцьце „абстрактныя назоўнікі“ ўкладае свой пэўны сэнс, але — дзе там! І слухаць ня хочуць, і рота разявіць не даюць. Так і мусілі ўвесьці ў „Правілы...“ гэтыя чатыры словы як выключэньне — з канчаткам —а».

Невядома, як там было папраўдзе: ці ідэя захаваньня «камунізма» зыходзіла ад ЦК, ці ад саміх перастрахоўшчыкаў. Вось так складаліся акадэмічныя нарматыўныя граматыкі савецкай, хай сабе ўжо ня сталінскай, пары.

Алесь Белакоз
Алесь Белакоз

Знакаміты пэдагог і музэйнік, адраджэнец Алесь Белакоз з Гудзевічаў кажа, што да скасаваньня анэкдатычнага правіла спрычыніліся лісты ягоных вучняў у Акадэмію навук. Маўляў, назвы грамадзкіх фармацыяў, навуковых плыняў і тэорыяў на -ізм у родным склоне маюць канчатак -у. У той жа час пішацца камунізма і марксізма.Дык ці не вынікае адсюль сумнеў у тым, што камунізм — гэта грамадзкая фармацыя, а марксізм — гэта навуковая плынь?..

Карацей, паводле паданьня, гадаванцы Алеся Мікалаевіча прымусілі менскіх кадыфікатараў ізноў скалануцца ад ідэалягічнага жаху, але як бы «ў другі бок» (а мо далі аргумэнты насьмеліцца?). У кожным разе, у акадэмічнай «Беларускай граматыцы» 1985 году найбольш відавочнай недарэчнасьці ў правілах роднага склону ўжо не было.

Заапарка і заасада

Але пасьлядоўнасьці ў савецкім варыянце граматыкі пабольшала ненашмат. Прыкладаў тысячы: «нізу», «верху», але «цэнтра». Нехта скажа — дык цэнтар можа быць дзіцячай творчасьці. У адной сытуацыі — апісваючы, скажам, мапу — цэнтар будзем разглядаць у адным шэрагу зь верхам і нізам. У другой цэнтар будзе назвай установы. І г. д. Ці школьнік (аўтар) мае штораз мучыцца, спрабуючы адгадаць, дзе які нюанс значэньня?

Штораз зьвяртацца да слоўніка дужа клопатна, а галоўнае — гэта можа заблытаць. Шасьцітамовы Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (том 2, 1978 год) патрабуе пісаць заапарку, заасаду, а Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (1996 год) — заапарка, заасада.

Глядзім слова парк — слоўнікі прапаноўваюць разьбірацца ў яго значэньні. Аказваецца, права на канчатак -у роднага склону маюць парк, які абазначае «вялікі сад або пасаджаны гай з алеямі, кветнікамі», а таксама парк як «сукупнасць транспартных сродкаў, рухомы састаў, а таксама наогул сукупнасць машын, механізмаў». Калі ж парк — гэта «перасоўны склад для забеспячэння арміі» ці «месца стаянкі і рамонту транспартных сродкаў» — толькі канчатак -а. А калі на месцы стаянкі і рамонту той рухомы састаў і стаіць? А парк высокіх тэхналёгіяў або тэхнапарк? а люнапарк атракцыёнаў?

Чаму лесу, але сквера? Скажуць — бо сквэр мае дакладныя межы. Дык і канкрэтны лес іх мае. Як сказаць пра лес у Парыжы, які фактычна парк: ля Булёнскага лесу ці мо ўжо «леса»? Чаму спорту, але футбола? Чаму матчу, але тайма? Абеду і ранку, але сняданка, падвячорка, вечара?

Мноства слоўнікавых недарэчнасьцяў (накшталт актатэсту), а таксама статыстыкі словаўжываньняў на тэму нашае гаворкі сабраў Фёдар Піскуноў, які аргумэнтамі дакладных навук спрачаўся з акадэмічнымі лексыкографамі, шматлікія іншыя аўтары.

Фёдар Піскуноў
Фёдар Піскуноў

Вывучыць правіла? Але нават у найноўшай «Кароткай граматыцы беларускай мовы» 2007 году ў ім — разам з дадаткамі і выключэньнямі — фактычна дваццаць чатыры пункты. І даўжэзны пералік парушэньняў, якіх папусьціліся беларускія пісьменьнікі, а таксама словаў, якія могуць мець ці той, ці гэты канчатак залежна ад значэньня. Напрыклад: «парашка (лекавае рэчыва пэўнай дазіроўкі ў раздробленым выглядзе) — парашку (раздробленае на дробныя частачкі цвёрдае рэчыва)»; «гардэроба (шафа для адзення; месца ў грамадскім будынку для захоўвання верхняга адзення) — гардэробу (усё адзенне аднаго чалавека)», «суда (установа) — суду (думка, вывад)»; «пераезда (месца, дзе можна пераехаць цераз што-н.) — пераезду (дзеянне паводле дзеяслова пераехаць — пераязджаць)» і яшчэ дзясяткі падобных параў. Паспрабуйце ўцяміць розьніцу.

Пятро Жаўняровіч дасьледаваў правіла з гледзішча яго практычнага ўжываньня журналістамі ды зрабіў несуцяшальную выснову: «...Даволі грувасткае правіла размежавання канчаткаў можна выкарыстаць толькі тады, калi вядома значэнне слова i існуюць навыкі аднясення яго да адпаведнага разраду: бейсбола (гульня), тварагу (рэчыўны), стыку (месца)... i г. д.» Звычайнаму, безь лінгвістычнай адукацыі, чалавеку гэта не пад сілу. Падсьвядомы ўспамін пра бабуліну вясковую мову, начытанасьць клясычнаю літаратураю не дапамогуць.

Правіла ваўсю парушаюць нават дзяржаўныя мас-мэдыя: стварэнню адметнага асяродку пражывання; Бутэлька мандарынавай гарэлкi выпуску 1821 года знойдзена пры правядзеннi рэканструкцыi старога будынку ў Шчучыне («Звязда»). Шчыра кажучы, сумняюся, што правіла ведаюць нават самі яго стваральнікі.

* * *

Ня варта чакаць, пакуль афіцыйныя слоўнікі ды граматыкі пераадолеюць інэрцыю 1933 году, перастануць шукаць у Купалы, Чорнага і Гарэцкага парушэньне нормаў і пакінуць выбар канчаткаў на волю моўцы.

Вышэй я даў цытаты клясыкаў нашага мовазнаўства; думаю, Язэп Лёсік можа быць у добрай прыгодзе. А калі сумняваемся — пішам -у. Спорту, футболу, хакею. Парку і саду, лесу і гаю. Конкурсу і фэсту, сэмінару і ўроку, дэмаршу і кантракту. Часьцей за ўсё не памылімся.

Для некаторых назоўнікаў магчымыя варыянты. Іх ня трэба баяцца: граматычныя варыянты — зусім не прыкмета недастатковага ўпарадкаваньня, а прастора, патрэбная мове для жывога разьвіцьця.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG