Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як Кальвін і Лютэр нашых дзён


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Забаўна чытаць некаторыя хвалебныя высновы замежных назіральнікаў пра Беларусь. Гаворка ідзе не пра журналістаў, якія пабывалі тут, апісваюць нейкія свае ўласныя ўражаньні, размовы зь людзьмі. Увагу прыцягваюць ацэнкі людзей, якія прэтэндуюць на статус экспэртаў і ўдастойваюцца права быць надрукаванымі ў дзяржаўных выданьнях. Вось «Советская Белоруссия» (24.07.2014 г.) надрукавала чарговы опус, як піша газэта, «вядомага расейскага дасьледчыка Каміля Біберсава «Ў чым сіла, брат?».

Каб адцяніць усю веліч пабудаванай Аляксандрам Лукашэнкам сацыяльнай мадэлі, аўтар зьвяртаецца да ХV стагодзьдзя:

«Прэвэнтыўнай рэакцыяй на амаральны і дзікі капіталізм стала ўзьнікненьне пратэстанцтва Кальвіна і Лютэра». Дзякуючы ім, «у „дзікі капіталізм“ удалося ўбіць „генэральную лінію“: маральна-этычныя арыенціры і чалавечы пачатак». Праводзячы паралелі з сучаснай Беларусьсю, сп. Біберсаў робіць фундамэнтальную выснову: «Лукашэнка паўтарыў у 90-я гады ў Беларусі тое (з улікам рэаліяў ХХ стагодзьдзя), што рабілі Кальвін і Лютэр пры зараджэньні капіталізму ў XV–XVI стагодзьдзях».

Лічыць сёньняшнюю Беларусь узорам маральнасьці можна толькі, валодаючы вялікай фантазіяй. Некалькі фактаў. Нядаўна Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя апублікавала інфармацыю, паводле якой Беларусь займае першае месца ў сьвеце па спажываньні алькаголю на душу насельніцтва. Краіна выявілася другой у сьвеце паводле колькасьці разводаў, распаду шлюбаў. Шмат гадоў Беларусь займае лідзіруючыя пазыцыі сярод усіх дзяржаў паводле ліку зьняволеных на душу насельніцтва, а таксама колькасьці дзяцей, якія знаходзяцца ў папраўчых установах. Згодна з дадзенымі МУС, за час Чэмпіянату сьвету па хакеі міліцыя затрымала ў Менску 358 прастытутак. У ніводнай сталіцы краін постсавецкай прасторы і Эўропы (акрамя Манака) няма такой колькасьці казіно, як у Менску.

Вось яшчэ адна ключавая выснова аўтара:

«Лукашэнка — той лідэр, які прадэманстраваў, як з камунізму ўваходзіць у дэмакратыю і рынак. Зь мінімальнымі стратамі... Менавіта Лукашэнка пабудаваў рэальнасьць, здольную трансфармавацца ў эўрапейскі капіталізм».

Аднак лічыць беларускую мадэль спосабам паступовага пераходу ад камунізму да эўрапейскага капіталізму можна было б пры ўмове, калі б краіна хай павольна, але рухалася па шляху рэформаў, эвалюцыянавала ў напрамку рынкавай эканомікі і дэмакратыі пры захаваньні сацыяльных функцыяў дзяржавы. Але ў беларускай сацыяльнай мадэлі адбываецца нешта супрацьлеглае. У эканоміцы замест стварэньня рынкавай інфраструктуры, разьвіцьця дробнага бізнэсу, пашырэньня недзяржаўнага сэктару адбываецца нязьменнае захаваньне ролі дзяржавы ў гаспадарчай дзейнасьці. У палітычным жыцьці краіна рухаецца не да дэмакратыі, а ў зусім процілеглы бок. Палітычная сыстэма зь неабмежаванай і незьмяняльнай уладай аднаго чалавека нагадвае эпоху раньняга фэадалізму.

Некаторыя высновы артыкула наконт беларускай рэальнасьці нават не патрабуюць камэнтару, а выклікаюць толькі сьмех і няёмкасьць за аўтара. Вось, напрыклад: «Улада падсправаздачная народу»; «У такія тэрыторыі ідуць інвэстыцыі»; «Соцыюм кансалідуецца... І аснова кансалідацыі — дзяржаўная ідэалёгія, дзе пазначаныя мэты, якія бесьпярэчна падтрымліваюцца ўсімі грамадзянамі. (І вярхамі, і нізамі.) Але не прымусам, а безумоўным разуменьнем іх сапраўднасьці». І гэта гаворыцца пра глыбока расколатае грамадзтва.

І апошні пэрл. Захапляючыся беларускай мадэльлю, аўтар робіць фантастычную выснову: «Новыя прынцыпы сацыяльна-эканамічнага функцыянаваньня, пазытыўныя вынікі гэтага на пэўным этапе магчыма трансьляваць (як адзін з варыянтаў сучаснай ідэалёгіі) у Заходнюю Эўропу і Паўночную Амэрыку, не абмяжоўваючыся інтэлектуальна інфармацыйнай прасторай Эўразійскага эканамічнага саюзу. І гэта не фантазіі». Без камэнтароў.

Каміль Біберсаў — ня першы расейскі экспэрт, які ў захапленьні ад беларускай сацыяльнай сыстэмы. Можна ўзгадаць Сяргея Кара-Мурзу, Аляксандра Цыпко, Роя Мядзьведзева, які нават напісаў кніжку пра Лукашэнку. Расчараваўшыся ў расейскіх рэформах, яны мараць пра нейкую ідэальную мадэль трансфармацыі, пераходу да эўрапейскага капіталізму, якая б была не такой балючай, больш ашчаднай для насельніцтва. І, ня маючы побач іншых прыкладаў, кідаюць позірк на Беларусь, штучна ствараюць тут нейкі Горад Сонца, Востраў Утопію.

Кожны бачыць тое, што хоча бачыць. Галоўная хіба падобных аўтараў палягае ў іх недасьведчанасьці, у тым, што яны робяць высновы толькі на падставе афіцыйных крыніц. Выходзіць няўклюдна.

30.07.2014 г.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG