Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці верне Ўкраіна ядзерны статус?


23 ліпеня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістраваны праект пастановы Вярхоўнай Рады «Аб вяртаньні Ўкраіне статусу ядзернай дзяржавы». Ініцыятарамі выступілі народныя дэпутаты ад партыі «Свабода».

Гэтаму кроку папярэднічалі дыскусіі ва ўкраінскім грамадзтве адносна Будапэшцкага мэмарандуму (1994), згодна зь якім Украіна (а таксама Казахстан і Беларусь) пазбаўлялася ядзернай зброі, узамен на гарантыі сувэрэнітэту з боку Вялікай Брытаніі, Расеі і ЗША. Анэксія Расеяй Крыму і падтрымка Масквой узброеных сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны выклікалі меркаваньне, што ў выпадку, калі б Кіеў меў ядзерную зброю, гэтага б не адбылося.

На сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода ў дыскусіі адносна мэтазгоднасьці вяртаньня ядзернага статусу ўзялі ўдзел былы міністар абароны Ўкраіны Валеры Івашчанка і былы прэм'ер-міністар Украіны і колішні кіраўнік СБУ Яўген Марчук. З рэтраспэктыўнай ацэнкай вываду ядзернай зброі ў пачатку 90-х выступіў былы міністар аховы навакольля і ядзернага раззбраеньня Юры Кастэнка.

Валеры Івашчанка, экс-міністар абароны Ўкраіны, назваў свой артыкул красамоўна: «Ініцыятыва аднаўленьня Ўкраінай статусу ядзернай дзяржавы. Папулізм ці дурасьць?».

«Азнаёмцеся, што гэта значыць – валодаць ядзернай зброяй, а да таго – як стварыць яе (памятаючы, што адзін з абавязковых этапаў стварэньня любой зброі – яе выпрабаваньні), адначасова стварыўшы навукова-вытворчыя магутнасьці для яе вытворчасьці, а потым – як арганізаваць і гарантаваць яе бясьпечнае захоўваньне і эксплуатацыю (уключаючы абслугоўваньне і – у выпадку неабходнасьці – рамонт)», – раіць генэрал Івашчанка.

«Трэба не забыцца, вядома ж, пры гэтым і пра сродкі дастаўкі – гэта значыць, пра носьбіты ядзерных боепрыпасаў (ведаюць аб гэтай «дробязі» аўтары «найбольш патрыятычнай ідэі» апошняга часу?) Накшталт, не да «лікбезу» цяпер, але ўсё роўна нагадаю: такімі носьбітамі зьяўляюцца ракетныя, авіяцыйныя, артылерыйскія і мінна-тарпэдныя ўзоры ўзбраеньня, якія (прызначаныя для аснашчэньня ядзернымі боепрыпасамі) ва Ўкраіне сёньня адсутнічаюць, і якія таксама трэба будзе стварыць (таксама памятаючы і пра этап выпрабаваньняў).

Так, спадары прафэсійныя патрыёты, яшчэ ёсьць пытаньні? Яшчэ застаецца запал працягваць гэтым жа шляхам?

Любому сьвядомаму (у сэнсе асьветы) і сапраўды патрыятычнаму палітыку павінна быць відавочна, што ў сучасных умовах фактычна адзіная магчымасьць забясьпечыць абараназдольнасьць Украіны – гэта зрабіцца нашай дзяржаве членам міжнароднай сыстэмы калектыўнай бясьпекі. І відавочна, гэта – не АДКБ! (Сыстэма калектыўнай бясьпекі краінаў СНД – рэд.).

Таму было б лепш сваю энэргію, палітычную пасіянарнасьць накіраваць менавіта на дасягненьне гэтай мэты (набыцьцё сяброўства ў НАТО), і рабіць усё магчымае для таго, каб зьяднаць для гэтага ўкраінскае грамадзтва, а таксама паўплываць на нашых заходніх партнэраў і сяброў, каб падтрымалі нас і спрыялі нашай хутчэйшай эўраатлянтычнай інтэграцыі» – піша былы міністар абароны Ўкраіны Валеры Івашчанка.

Былы прэм'ер і кіраўнік СБУ Яўген Марчук у сваім артыкуле прапануе:

«Уявім сабе, што ў нас сёньня ёсьць ядзерная зброя. Мы якую сёньня ўжылі б? Нават тактычную, не стратэгічную. Супраць каго, супраць Гіркіна на сваёй тэрыторыі? Ці супраць Расеі? А што атрымалі б у адказ з боку Расеі? А з боку сусьветнай супольнасьці?

Хацелася б таксама ведаць, на тэрыторыі якіх раёнаў якіх абласьцей будуць знаходзіцца склады або арсэналы ядзернай зброі? З дазволу якой раённай рады? І колькі іх будзе? Як вядома, такія аб'екты, а таксама заводы па вырабе ядзернай зброі зьяўляюцца цэлямі для першага ядзернага ўдару па іх у выпадку разьвязваньня ядзернага канфлікту, нават не вайны. Сёньня ва Ўкраіне такіх аб'ектаў няма.

Ядзерныя дзяржавы праз розныя выведвальныя сыстэмы, у тым ліку і касьмічныя, пастаянна манітораць ядзерныя аб'екты адзін аднаго. Гэта ядзернае «се ля ві». Мы гэта будзем рабіць, або нас гэта ня будзе цікавіць? Хай нас манітораць, а нам ня трэба?

Колькі пройдзе дзён ці нават гадзін пасьля разгляду гэтага пытаньня ў Вярхоўнай Радзе, каб Эўразьвяз склікаў неадкладны саміт і ануляваў усё-ўсё-ўсё, што падпісаў з Украінай? А Рада бясьпекі ААН будзе неадкладна скліканая па ініцыятыве Расеі і аднадушна ўхваліць расейскі праект рэзалюцыі, у якім Украіна будзе выглядаць як пагроза міру на ўсёй Зямлі... Чуркін будзе прызнаны лепшым аратарам году ў ААН.

... Адным словам, ня трэба сьмяшыць і адначасна палохаць людзей. Хай спытаюць разумных навукоўцаў, вайскоўцаў, адмыслоўцаў у глябальнай і рэгіянальнай бясьпецы і яны растлумачаць, як у сучасным сьвеце абсалютна рэальна стварыць сваю надзейную сыстэму нацыянальнай бясьпекі. І ў адпаведнасьці з магчымасьцямі сваёй эканомікі. А лепш паступова, але ўпарта рухацца, а калі трэба, то і паўзьці да сыстэмы калектыўнай бясьпекі, гэта значыць у НАТО».

Прыкметна, што абодва – і Івашчанка, і Марчук – завяршаюць свае развагі фактычна заклікам да ўступленьня Ўкраіны ў НАТО.

Былы міністар аховы навакольля і ядзернага раззбраеньня Юры Кастэнка ў цыклі артыкулаў, надрукаваных на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода, аналізуе абставіны пазбаўленьня Ўкраінай ядзернага статусу.

Кастэнка нагадвае, што ў пачатку 90-х Украіна мела трэці ў сьвеце паводле магутнасьці ядзерны патэнцыял, які пераўзыходзіў ядзерны патэнцыял Вялікай Брытаніі, Францыі, і Кітаю разам узятых. Піша, што ў пачатку 90-х супалі інтарэсы Масквы і Вашынгтону ў тым, каб на тэрыторыі былога СССР Расея была адзінай ядзернай дзяржавай.

«Для хуткай рэалізацыі пляну ядзернага раззбраеньня Ўкраіны, ЗША прыцягнулі ў саюзьнікі яшчэ адну звышдзяржаву – Расею – якая таксама мела свой геапалітычны і эканамічны інтарэс. Расея павінна была выканаць ролю «пыласоса» савецкага ядзернага арсэналу, разьмешчанага, акрамя Ўкраіны і Расеі, таксама ў Казахстане і Беларусі. Засяродзіць яго ў руках адной краіны для ЗША было зручна, таму захоўваўся статус-кво ў параўнаньні з сытуацыяй да распаду Саюзу – толькі назва «СССР» зьмянялася на «РФ».

Прыцягваючы Расею ў сваю каманду, Захад фактычна пагадзіўся спрыяць у дасягненьні яе мэтаў – ці, прынамсі, не перашкаджаць. «Расея наўрад ці калі-небудзь прыме Ўкраіну як ядзерную дзяржаву. І на гэты раз, калі Крэмль вырашыць папужаць адну з сваіх былых рэспублік, ён можа спадзявацца мінімум на маўклівую падтрымку Захаду», – адзначаў «Тайм». Мы сталі закладнікамі сытуацыі, калі заўважаць канфлікт інтарэсаў паміж былымі рэспублікамі на постсавецкай прасторы (а, такім чынам, і нашы інтарэсы ў супрацьстаяньні з Расеяй) амэрыканцам было ня выгадна.

«Індэпэндэд» у траўні 1993 так ацэньвала сытуацыю: «Нягледзячы на сур'ёзныя размовы пра «супольнасьць» свабодных дзяржаў, заходнія ўрады ніколі не жадалі і ўсё яшчэ не гатовыя ўспрыняць распад савецкай імпэрыі як факт, які адбыўся».

«Каманда Буша была занадта расейскацэнтрычнай», – прызнала ў красавіку 1993 году «Тайм», спасылаючыся на «аднаго высокага амэрыканскага чыноўніка, што займаўся пытаньнямі раззбраеньня». «Вітаючы палітыку Расеі аб перадачы ўсёй ядзернай зброі былога СССР пад кантроль Расеі, адміністрацыя Клінтана фактычна падтрымлівае аднаўленьне Расейскай імпэрыі», – катэгарычна заявіў прыкладна ў той жа час член прафэсарскага складу разьведвальнай вучэбнай праграмы Аб'яднанай групы вайсковай выведкі Джонатан С. Локвуд ў «Арме Таймс».

«У лютым 1992 году, знаходзячыся ў ЗША, – піша далей Юры Кастэнка, – я сустракаўся з чыноўнікамі, якія займаліся пытаньнямі абароны і нацбясьпекі, чыноўнікамі Дзярждэпартамэнту, сэнатарамі і кангрэсмэнамі. У мяне засталася стэнаграма нашай пэрсанальнай сустрэчы са Зьбігневам Бжэзінскім – ён тады фігураваў як палітоляг, але заставаўся вельмі ўплывовым чалавекам, і да яго меркаваньня прыслухоўваліся ва ўрадавых колах ЗША.

Усе яны, як «Ойча наш», паўтаралі тры тэзы. Першая – вам ядзерная зброя не патрэбная, а патрэбныя эканоміка і дэмакратычныя рэформы. Другая – вы павінны хутчэй пазбавіцца ад усіх ядзерных боегаловак. Трэцяя – ЗША дапамогуць нашаму раззбраеньню фінансава, і спэцыяльным законам Нана-Лугара выдзеляць Украіне больш за 170 мільёнаў даляраў.

Як і іншыя амэрыканскія чыноўнікі, Бжэзінскі пераконваў мяне, што Расея ўжо ня тая, як раней, і ніякай небясьпекі для ўкраінскай незалежнасьці не ўяўляе. Наадварот: яна зьяўляецца гарантам дэмакратычных пераўтварэньняў на постсавецкай прасторы. Затое я сьцьвярджаў, што Расея – гэта ня толькі дэмакратычная Масква, а 1/6 сушы, дзе дэмакратыяй яшчэ і не пахне, і таму трэба рабіць стаўку на Ўкраіну, якую можна значна хутчэй зрабіць эўрапейскай, і, такім чынам, праз нас узмацніць дэмакратычныя ўзьдзеяньні і на саму Расею.

Дарэчы, такога ж меркаваньня, як і я, прытрымліваліся і амэрыканскія вайсковыя аналітыкі. Згаданы Джонатан С. Локвуд пісаў, што «калі ЗША сапраўды жадаюць садзейнічаць дэмакратыі – або па крайняй меры стабільнасьці – у адносінах паміж былымі савецкімі рэспублікамі, яны павінны ўсьвядоміць тую рэальнасьць, што ў доўгатэрміновым пляне гарантыяй міру зьяўляецца падтрымка незалежнасьці Ўкраіны, а не ўзьяднаньне Расейскай імпэрыі», – піша Юры Кастэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG