Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкананьне вэрдыкту суду на карысьць ЮКАСу можа зацягнуцца на гады


Уладальнік ЮКАСу Міхаіл Хадаркоўскі
Уладальнік ЮКАСу Міхаіл Хадаркоўскі

Міжнародны арбітражны суд у Гаазе вынес рашэньне на карысьць былых акцыянэраў нафтавай кампаніі ЮКАС і прысудзіў ім кампэнсацыю за захоп і продаж актываў кампаніі ў памеры 50 мільярдаў даляраў.

Аднак дырэктар школы міжнароднага арбітражу пры Лёнданскім унівэрсытэце імя каралевы Марыі Лукас Містэліс мяркуе, што можа прайсьці шмат гадоў, перш чым былыя ўладальнікі ЮКАСу атрымаюць гэтую кампэнсацыю.

Расея заявіла, што будзе абскарджваць рашэньне ў галяндзкіх судах. Але, як адзначае Лукас Містэліс, уласна мэханізму абскарджваньня рашэньняў арбітражнага суду не існуе, нацыянальны суд можа ануляваць рашэньне арбітражу на працэдурных падставах, вырашыўшы, што арбітражны суд відавочна перавысіў свае паўнамоцтвы, ці што адбылося значнае працэсуальнае парушэньне або парушэньне належнай прававой працэдуры.

Такія выпадкі здараюцца рэдка. Аргумэнт Масквы палягае ў тым, што Расея падпісала, але не ратыфікавала Энэргетычную хартыю Эўразьвязу, у рамках якой арбітражны суд прыняў рашэньне.

Што будзе, калі скасаваць рашэньне не атрымаецца, але Расея пры гэтым адмовіцца плаціць? Паводле брытанскага экспэрта гэта адаб'ецца на крэдытным рэйтынгу РФ. Акрамя таго, існуе прэцэдэнт – рашэньне арбітражнага суду ў справе Франца Зэдэльмаера супраць Расеі. Расея адмовілася плаціць, аднак нямецкі бізнэсовец праз судовыя рашэньні ў Нямеччыне і Швэцыі дамогся канфіскацыі расейскай маёмасьці за мяжой. Тэарэтычна спагнаньне можа быць зьвернутае на любую расейскую камэрцыйную маёмасьць, якая знаходзіцца за мяжой.

Як адзначае Лукас Містэліс, Францу Зэдэльмаеру спатрэбілася 10 гадоў паляваньня на расейскую ўласнасьць за мяжой, каб атрымаць суму кампэнсацыі. І гэта пры тым, што першапачатковы памер кампэнсацыі, прысуджанай нямецкаму бізнэсоўцу, складаў 2.5 мільёны даляраў. Сума, прысуджаная Гааскім арбітражным судом ЮКАСу, у 20 тысяч разоў большая. На думку дырэктара школы міжнароднага арбітражу пры Лёнданскім унівэрсытэце імя каралевы Марыі, верагодна, што пройдзе шмат гадоў, пакуль былыя акцыянэры ЮКАСу змогуць спагнаць з Расеі хаця б частку прысуджанай ім кампэнсацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG