Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна вакол MH17


Нідэрлянды ня будуць пасылаць на месца крушэньня малайзійскага «Боінга» ўзброеную паліцэйскую місію. Такая місія азначала б рызыку ўключэньня трэціх краін ва ўкраінскі канфлікт, заявіў прэм’ер краіны Марк Рутэ.

У нядзелю на экстранай нарадзе міністраў краіны было прынята рашэньне адмовіцца ад ідэі ўвядзеньня на месца крушэньня рэйса MH17 ўзброенай паліцэйскай місіі, за мандатам на якую Нідэрлянды раней зьвярталіся ў ААН. Місія ставіла сваёй мэтай забесьпячэньне бясьпекі судмэдэкспэртаў, сьледчых і дапаможнага пэрсаналу, якія працуюць на тэрыторыі падзеньня абломкаў малайзійскага ляйнэра. Аднак, улічваючы маштаб разгорнутых за выходныя дні ваенных дзеяньняў у рэгіёне, блізкасьць расійскай мяжы і абмежаваную колькасьць патэнцыйных удзельнікаў місіі, урад Нідэрляндаў прыйшоў да высновы, што ўзброеныя нідэрляндзкія паліцыянты не змаглі б пераважыць сілы суперніка ў выпадку пагрозы бясьпекі місіі. Больш за тое, нельга выключыць рызыку ўключэньня удзельнікаў місіі ва ўзброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны, што ў сваю чаргу пагражала б эскаляцыяй гэтага канфлікту на новым, міжнародным узроўні, заявіў прэм’ер Нідэрляндаў Марк Рутэ:

Марк Рутэ
Марк Рутэ

- Цягам апошніх некалькіх дзён мы ўважліва разгледзелі ўсе магчымыя сцэнары, пракансультаваліся з ваеннымі экспэртамі, з нашымі партнэрамі Аўстраліяй і Малайзіяй. Тэрыторыю крушэньня самалёта кантралююць сэпаратысты, у распараджэньні якіх знаходзіцца вялікая колькасьць цяжкаўзброеных падразьдзяленьняў на кароткай адлегласьці ад расейскай мяжы. Мы прыйшлі да высновы, што дасягненьне ваеннаё перавагі з выкарыстаньнем міжнароднай місіі ў гэтым рэгіёне не рэалістычна — нават у тым выпадку, калі б мы пайшлі на масавае прыцягненьне міжнароднага кантынгенту. Увядзеньне ўзброенай паліцэйскай місіі для аховы зоны крушэньня можа здавацца правільным рашэньнем з эмацыйнага пункту гледжаньня, але ніяк не спрыяе дасягненьню нашай асноўнай мэты па хутчэйшаму вяртаньню парэшткаў загінуўшых. Разам з нашымі міжнароднымі партнэрамі мы прыйшлі да высновы, што існуе рэальная рызыка прамога ўключэньня такой ўзброенай місіі ва ўкраінскі канфлікт, што магло б надаць канфлікту міжнародны маштаб і азначала б яго далейшую эскаляцыю.

На думку галяндзкіх аналітыкаў, адмова ад узброенай місіі — мудрае рашэньне, тым больш што на атрыманьне мандату ААН пайшло б занадта шмат часу. Пры гэтым Нідэрлянды плянуюць павялічыць колькасьць сваіх спэцыялістаў, занятых на месцы крушэньня. На гэты момант ад Нідэрляндаў ва Ўкраіне знаходзяцца больш за 60 чалавек — судмэдэкспэрты, служачыя каралеўскай жандармэрыі (у цывільным і бяз зброі) і члены міжнароднай сьледчай групы па расьсьледаваньні прычын катастрофы. У выхадныя галяндзкім экспэртам так і не ўдалося трапіць непасрэдна на месца крушэньня —за баёў, якія аднавіліся ў рэгіёне. У бліжэйшы час плянуецца вылет у Харкаў яшчэ 60 жандараў. У далейшым да іх могуць далучыцца яшчэ 100.

Увядзеньне ўзброенай паліцэйскай місіі для аховы зоны крушэньня можа здавацца правільным рашэньнем з эмацыйнага пункту гледжаньня, але ніяк не спрыяе дасягненьню нашай асноўнай мэты па хутчэйшаму вяртаньню парэшткаў загінуўшых.

Ва Украіне таксама працуюць 50 прадстаўнікоў Аўстраліі. Яшчэ 100 аўстралійскіх паліцыянтаў гатовыя ў любы момант вылецець у Харкаў з Лёндану. Трэці партнэр Нідэрляндаў — Малайзія — высылае да месца трагедыі 68 паліцэйскіх.

Паводле нідэрляндзкага прэм’ера, данецкія сэпаратысты далі дабро на пашырэньне міжнароднай экспэртнай місіі. Перамовы з сэпаратыстамі вядуцца праз пасярэдніка — АБСЭ. У лісьце да парлямэнту прэм’ер Рутэ дадаў, што АБСЭ таксама вядзе з сэпаратыстамі перамовы па пытаньні нашэньня замежнымі паліцэйскімі агнястрэльнай зброі дзеля самаабароны — гэтае пытаньне пакуль ня вырашана. Таксама разглядаецца пытаньне аб разьмяшчэньні на базе ўкраінскіх бальніц дадатковага мэдпэрсаналу зь Нідэрляндаў на выпадак раненьня удзельнікаў экспэртнай місіі.

Нідэрляндзкі парлямэнт выказвае сур’ёзную занепакоенасьць з нагоды небясьпекі, якой падвяргаюцца міжнародныя экспэрты, што працуюць у зоне падзеньня абломкаў «Боінга». Чакаецца, што місія па выяўленьні ўсіх пакінутых на месцы крушэньня парэшткаў і асабістых рэчаў пасажыраў будзе завершана на працягу трох тыдняў, аднак ваенныя дзеяньні ў непасрэднай блізкасьці ад месца крушэньня сур’ёзна запавольваюць гэтую працу.

Галяндзкае тэлебачаньне паказала ў нядзелю ўвечары чыгуначную станцыю ў Тэрэзе, дзе ўжо тыдзень стаіць самотны вагон з асабістымі рэчамі ахвяр катастрофы — цяпер без аховы, бо сэпаратысты, якія яго ахоўвалі, уцяклі пад націскам украінскіх вайскоўцаў.

У суботу ў Нідэрлянды прывезьлі апошнія з выяўленых на цяперашні час астанкаў загінуўшых. Усяго за чатыры дні ў галяндзкі Хільвэрсум дастаўлена 227 трунаў. У кожным могуць знаходзіцца астанкі больш, чым аднаго чалавека. Дапускаецца, што на месцы крушэньня яшчэ застаюцца чалавечыя парэшткі. Усяго на борце самалёта было 298 чалавек, зь іх 194 галяндзкіх падданых. Нідэрлянды ўзялі на сябе працу па апазнаньні ўсіх пасажыраў «Боінга», а таксама ўзначалілі Міжнародную сьледчую групу па расьсьледаваньні абставінаў крушэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG