Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Расея ўзмацняе падтрымку сэпаратыстаў на ўкраінскай вайне


Калёна прарасейскіх сэпаратыстаў каля Данецку, архіўнае фота
Калёна прарасейскіх сэпаратыстаў каля Данецку, архіўнае фота

Замест таго, каб адступіць пасьля крушэньня малайзійскага самалёта, Расея, здаецца, яшчэ больш агрэсіўна пачала ўмешвацца ў вайну на ўсходзе Ўкраіны. Амэрыканскія і ўкраінскія чыноўнікі называюць гэта небясьпечнай эскаляцыяй, якая амаль напэўна пацягне за сабой больш моцную адплату ад Злучаных Штатаў і Эўропы. Так піша газэта New York Times.

Расея павялічыла свой прамы ўдзел у барацьбе паміж украінскімі вайскоўцамі і паўстанцаўмі-сэпаратыстамі, перамяшчаючы ўсё болей сваіх вайскоўцаў да мяжы і рыхтуючыся ўзбройваць паўстанцаў яшчэ больш магутнай зброяй, у тым ліку магутнымі ракетнымі ўстаноўкамі «Тарнада». Пра гэта ў пятніцу заявілі амэрыканскія і ўкраінскія афіцыйныя асобы.

Чыноўнікі, спасылаючыся на здымкі са спадарожнікаў і іншыя дадзеныя вайсковай выведкі, падкрэсьліваюць, што Расея разьмясьціла цяжкія ўзбраеньні, у тым ліку танкі і іншыя баявыя машыны, у некалькіх месцах уздоўж мяжы, дзе адбыліся інтэнсіўныя баявыя дзеяньні. У чацьвер адбыліся артылерыйскія абстрэлы ўсходніх тэрыторыяў Украіны з тэрыторыі Расеі. У той час, як у пятніцу Расея катэгарычна адмаўляла сваё ўмяшаньне ў баявыя дзеяньні, амэрыканскія і ўкраінскія афіцыйныя асобы заявілі, што Масква, падобна, заклапочаная тым, каб спыніць прасоўваньне ўкраінскіх урадавых сілаў, якім удалося адваяваць у паўстанцаў пэўную тэрыторыю.

Адміністрацыя Барака Абамы кажа, што рост актыўнасьці Расеі прымусіў эўрапейскіх лідэраў да большай рашучасьці, раней яны неахвотна супрацьстаялі Маскве з прычыны боязі нанесьці шкоду ўласным эканомікам. Пра гэта якраз і сьведчыць пашырэньне сьпісу высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі.

Паводле амэрыканскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў, Расея ўжо ня толькі дапамагае сэпаратыстам, а і беспасрэдна ўдзельнічае ў вайне. Некалькі ўкраінскіх самалётаў апошнімі днямі былі зьбітыя ракетамі, запушчанымі з расейскай тэрыторыі, — падкрэсьліваюць афіцыйныя асобы ЗША і Ўкраіны.

Амэрыканскія чыноўнікі таксама адзначаюць, што Расея ўжо перамясьціла да ўкраінскай мяжы каля 15 тысяч вайскоўцаў. Прадстаўнік Пэнтагону палкоўнік Стыў Уорэн сказаў журналістам, што Расея зьбіраецца перадаць сэпаратыстам яшчэ больш магутных ракетаў. Паводле генэрала Марціна Дэмпсі, замест таго, каб зьменшыць напружанасьць пасьля зьбіцьця самалёта, насамрэч Пуцін «прыняў рашэньне аб узмацненьні напружанасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG