Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Моцная і двое яе сыноў на волі. Чакаюць суду


Сямейны дзіцячы прытулак Ірыны Моцнай, Клімавічы
Сямейны дзіцячы прытулак Ірыны Моцнай, Клімавічы

Былая выхавацелька дзіцячага дому сямейнага тыпу з Клімавічаў Ірына Моцная і двое яе сыноў на свабодзе. Ірыну чакае суд. Судовае пасяджэньне адклалі на панядзелак.

Жанчына паведаміла, што супраць яе распачата адміністрацыйная справа за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Яна ўдакладняе — за самаўпраўства, што не хацела аддаваць прыёмных дзяцей. Паводле яе, супраць дзевятнаццацігадовага сына Віталя міліцыя можа ўсчаць крымінальную справу. Яго вінавацяць у тым, што ён супраціўляўся, калі яго затрымлівалі.

«На сына надзелі кайданкі. У міліцыі нас трымалі да 16 гадзінаў дня. Выклікалі хуткую для мяне. У мяне дыябэт, і ўпаў цукар. У міліцыі мы былі абсалютна безабароннымі і бяспраўнымі. Цяпер я баюся ўжо не за сябе а за 19-гадовага сына. Па адміністрацыйнай справе, калі будзе штраф, то яго заплачу, а вось сын — я ня ведаю, што яны хочуць на яго павесіць. Ён проста быў напалоханы, калі на нас з усіх бакоў міліцыя наляцела. Яго скруцілі, і ён вырваўся. Усе мае дзеці разьбегліся па ўсіх кутах. Дзеці крычалі. Нас першымі загрузілі ў міліцэйскую машыну. А дзеці засталіся».

Ірына кажа, што ня ведае, дзе дзеці, якіх яна даглядала ў прытулку. Жанчына адзначае, што, на яе думку, розгалас пра яе ў незалежных мэдыях толькі ёй нашкодзіў:

Крый божа пасядзяць маё дзіця. Хто мне дапаможа? Што мне рабіць?

«Можа быць, мая барацьба была дарэмнай. Усё было дарэмным. Я, калі б не змагалася, то не падставіла б пад пагрозу сваіх дзяцей. Крый божа пасядзяць маё дзіця. Хто мне дапаможа? Што мне рабіць? Хоць ты сьледам ідзі за мужам. Маё дзіця могуць забраць».

У дзіцячым доме сямейнага тыпу Ірыны Моцнай мелі прытулак сямёра прыёмных дзяцей. Яна была мамай-выхавацелькай. Яе адхілілі ад працы рашэньнем райвыканкаму. Яна лічыць, што звольнена, бо наважылася паскардзіцца ў Адміністрацыю прэзыдэнта на мясцовую ўладу, якая, як заяўляе жанчына, ігнаравала просьбы дапамагчы прытулку ў вырашэньні гаспадарчых праблемаў.

У чэрвені муж Ірыны Моцнай скончыў жыцьцё самагубствам. Празь месяц Ірыне паведамілі, што адна з бабуляў прыёмнай дзяўчынкі напісала скаргу, што тую б’юць у прытулку. Пасьля гэтага пачаўся перасьлед Ірыны Моцнай. Рабіліся спробы забраць у яе дзяцей, але яна адмаўлялася аддаваць — патрабавала, каб ёй аргумэнтавалі прэтэнзіі да яе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG