Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка разьлічвае, што ўрад Яцанюка працягне працу да выбараў


Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка

«Разьлічваю на тое, што гарачыя эмоцыі сьціхнуць, а верх возьмуць халодны розум і пачуцьцё адказнасьці, у выніку чаго ўвесь Кабінэт міністраў Украіны працягне сваю працу».

Гэтак напісаў прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў афіцыйным лісьце да старшыні Вярхоўнай Рады Аляксандра Турчынава з нагоды заявы прэм’ер-міністра Арсеня Яцанюка аб адстаўцы.

Парашэнка адзначае, што распад кааліцыі ў Вярхоўнай Радзе не зьяўляецца падставай для адстаўкі ўраду.

«Як прэзыдэнт я станоўча ацэньваю антыкрызісныя намаганьні цяперашняга Кабінэта міністраў», — заявіў ён.

Парашэнка просіць Турчынава неадкладна вынесьці на разгляд Вярхоўнай Рады пытаньне пра заяву Яцанюка аб адстаўцы, улічваючы шырокі грамадзкі рэзананс, які гэта заява выклікала. Ён настойвае, каб ужо ў пятніцу парлямэнт вызначыўся з вотумам даверу Кабінэту міністраў шляхам галасаваньня, гаворыцца ў лісьце.

Парашэнка нагадаў, што выхад народных дэпутатаў з кааліцыі не павінен паралізаваць працу парлямэнту.

«Вярхоўная Рада Ўкраіны павінна і надалей вырашаць пытаньні дзяржаўнай важнасьці. Падкрэсьліваю неабходнасьць гэтак жа неадкладна ўжо 25 ліпеня вярнуцца да пытаньняў пра зьмены ў дзяржаўны бюджэт і Падатковы кодэкс. Гэтыя зьмены патрэбныя нам як для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці і фінансаваньня арміі, так і для аднаўленьня вызваленых ад тэрарыстаў тэрыторый і аказаньня дапамогі мірным жыхарам пацярпелых гарадоў, вёсак і пасёлкаў», — заявіў прэзыдэнт Парашэнка.

Раней у чацьвер прэм’ер-міністар Арсені Яцанюк заявіў у Вярхоўнай Радзе, што падае ў адстаўку — у сувязі з распадам парлямэнцкай кааліцыі і блякаваньнем урадавых ініцыятыў. Вярхоўная Рада не разглядала ў гэты дзень заявы Яцанюка і аб’явіла перапынак да пятніцы.

Таксама ў парлямэнце Ўкраіны афіцыйна спыніла існаваньне кааліцыя «Эўрапейскі выбар» ў складзе фракцый «Бацькаўшчына», УДАР і «Свабода» пасьля таго, як аб выхадзе з яе абвясьцілі дзьве апошнія фракцыі, а таксама шэраг яе ўдзельнікаў з пазафракцыйных дэпутатаў. Мэта гэтага кроку — даць магчымасьць прэзыдэнту абвясьціць праз 30 дзён аб роспуску Вярхоўнай Рады і датэрміновых парлямэнцкіх выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG