Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатары ЗША хочуць абвясьціць сэпаратыстаў тэрарыстамі


Група ўплывовых амэрыканскіх сэнатараў з Дэмакратычнай партыі накіравала ліст Бараку Абаму, заклікаючы прэзыдэнта ЗША накласьці больш суворыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі і разгледзець пытаньне аб вызначэньні самазванай Данецкай народнай рэспублікі як «замежнай тэрарыстычнай арганізацыі».

Ліст падпісалі сэнатары Даен Файнстайн (Каліфорнія), Робэрт Мэнэндэс (Нью-Джэрсі) і Карл Левін (Мічыган). У лісьце таксама ўтрымліваецца заклік, каб ЗША наклалі «неадкладныя шырокія санкцыі супраць абароннага сэктару Расеі» і супраць энэргетычнай і фінансавай галінаў.

Паводле тройкі сэнатараў, зьяўляецца «штораз больш доказаў, што [Данецкая народная рэспубліка] адказная за парушэньні правоў чалавека, у тым ліку выкраданьні і катаваньні», якія прадэманстравалі, што прарасейскія сэпаратысцкія лідэры ў Данецку «паставілі пад пагрозу жыцьці нявінных украінцаў, не кажучы ўжо пра тых няшчасных і нявінных, якія ўсяго толькі падарожнічаюць у цывільнай паветранай прасторы над Украінай».

Сэнатар Джон МакКэйн (рэспубліканец з Арызоны) заявіў, што падтрымлівае гэты заклік. «Вядома, чаму не? Людзі, якія зьбіваюць пасажырскія самалёты, у цэлым заслугоўваюць на такое вызначэньне», — сказаў сэнатар МакКэйн нашаму радыё.

Джымі Гурул, былы ўрадавы чыноўнік, які цяпер зьяўляецца прафэсарам права ва Ўнівэрсытэце Нотр-Дам, сказаў, што вызначэньне ўрадам ЗША нейкай арганізацыі як тэрарыстычнай цягне за сабою абавязак крымінальнага перасьледу такой арганізацыі Злучанымі Штатамі. Пад перасьлед, дадаў ён, падпадаюць таксама асобы, якія даюць зброю ды матэрыяльна-тэхнічную і фінансавую падтрымку такім арганізацыям.

«Я, вядома, ня думаю, што дзяржсакратар будзе сьпяшацца з тым, каб зрабіць такое вызначэньне або абвясьціць сваё меркаваньне па гэтым пункце, але я думаю, што гэта, безумоўна, яшчэ адзін юрыдычны інструмэнт, які ёсьць у наяўнасьці і можа быць выкарыстаны, калі факты апраўдаць такое вызначэньне», — сказаў прафэсар Гурул пра магчымасьць Вашынгтону абвясьціць прарасейскіх сэпаратыстаў тэрарыстамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG